Здаровы аптымізм. Як сацыяльныя інвестыцыі ператварыць у эканамічную выгаду.

У першай палове мая ў Лунінцы прыняў першых наведвальнікаў Лядовы палац. На чарзе — басейн, стадыёны, іншыя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. Такія намаганні, як разлічваюць у мясцовым райвыканкаме, будуць стымуляваць і эканамічнае развіццё рэгіёна.

“Увод басейна ў райцэнтры запланаваны на 2012 год, — расказвае намеснік старшыні мясцовага райвыканкама Віктар Рафаловіч. — Для жыхароў Лунінца шэсць дарожак па 25 метраў ды трэнажорная зала стануць важным набыткам”. Па яго словах, гэты аб’ект для гара-
джан не толькі знакавы, але і доўгачаканы. Таму хутчэй за ўсё водны адпачынак будзе вельмі запатрабаваны.
Басейн стане працягам у шэрагу навацый  у інфраструктуры раёна. Напрыклад, у першай палове мая ў Лунінцы пачаў работу Лядовы палац, разлічаны на 800 гледачоў. Ён на Брэстчыне стаў сёмым па ліку.
У бліжэйшыя гады ў Лунінцы плануюць пабудаваць новы Палац культуры на 600 месцаў і павялічыць плошчу сярэдняй школы
№ 1. Акрамя таго, збіраюцца правесці рэканструкцыю дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ў райцэнтры і стадыёна ў Мікашэвічах. Таксама прадугледжваецца надаць больш сучасны выгляд гасцініцам, працягнуць газіфікацыю аграгарадкоў, пракласці новыя асфальтавыя дарогі.
“Жыхары рэгіёна, які пацярпеў ад Чарнобыльскай аварыі, павінны адчуваць клопат”, — тлумачыць важнасць развіцця сацыяльнай інфраструктуры Віктар Рафаловіч. Людзі змогуць больш займацца спортам, адпачываць. І гэта стрымае ад’езд моладзі ў іншыя рэгіёны краіны.
Будаўніцтва новых аб’ектаў і мадэрнізацыя дзеючых дапамогуць узмацніць прывабнасць раёна для турыстаў. Гэты кірунак абраны адным з прыярытэтаў рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся. За бліжэйшыя пяць гадоў на новы ўзровень павінна перайсці не толькі эканоміка рэгіёна, але і лад жыцця мясцовага насельніцтва.
У межах гэтай праграмы тры раёны Брэстчыны  (Пінскі, Лунінецкі і Столінскі) звяжуць новыя турыстычныя маршруты. Напрыклад, на Лунінеччыне прывабным пунктам можа стаць кляштар у вёсцы Кажан-Гарадок. Гэты помнік ХVIII—XIX стагоддзяў плануецца рэстаўраваць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter