Здароўя і даўгалецця, народны паэт! Рыгор Барадулін сустрэў сваё 75-годдзе на бальнічным ложку.

Учора прыхільнікі творчасці класіка прыйшлі да будынка бальніцы Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта, што на вуліцы Чырвонаармейскай у Мінску, каб перадаць кветкі Рыгору Іванавічу. 24 лютага пісьменнік адзначыў свой дзень нараджэння — на жаль, на бальнічным ложку.

Учора прыхільнікі творчасці класіка прыйшлі да будынка бальніцы Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта, што на вуліцы Чырвонаармейскай у Мінску, каб перадаць кветкі Рыгору Іванавічу. 24 лютага пісьменнік адзначыў свой дзень нараджэння — на жаль, на бальнічным ложку.

Наведваць народнага паэта пускаюць толькі яго жонку Валянціну Міхайлаўну. Яна кажа, што мужа забралі ў рэанімацыю 14 лютага з двухбаковай пнеўманіяй і ацёкам лёгкага. Праблемы са здароўем Барадулін меў даўно, аднак хто ж мог падумаць, што ўскладненні здарацца акурат перад юбілеем.
“Але Рыгор Іванавіч трымаецца, — прынесла добрую вестку з бальнічнай палаты спадарыня Барадуліна. — Дзякуй Богу, ужо моцнага кашлю няма. Але не хапае свежага паветра”. Барадулін яшчэ не можа самастойна выйсці на прагулку.
Незадоўга да шпіталізацыі паэт прайшоў курс лячэння хваробы сэрца і з гэтай прычыны нават жартаваў: “Троху падрамантавалі, абяцалі, што яшчэ трошку працягну. Я думаю, што працягну яшчэ, яшчэ хочацца пажыць. Ёсць такія моманты, што, здаецца, усё надакучыла — а ўсё-такі падумаеш, дык другі раз жа жыць не будзеш”. Аптымізм — найлепшыя лекі, кажуць мудрацы.
Тым часам у Маскве выйшла кніга паэзіі Рыгора Іванавіча, прымеркаваная да яго дня нараджэння — у выдавецтве “Время” з’явіўся зборнік вершаў беларускага класіка “Перакуленае. Опрокинутое”, у арыгінале і ў перакладзе на рускую мову. Увогуле творы Барадуліна перакладзены на дзесяткі моў свету, сам паэт многа перакладае на родную мову. Ён — адзін з самых актыўных літаратараў краіны. Штогод выходзяць яго новыя кнігі.
Для кожнага беларуса Рыгор Іванавіч, які родам з Ушаччыны, — гэта яшчэ і ўзор патрыёта, чалавека, які шчыра ўлюбёны ў сваю бацькаўшчыну. Яму належаць пранікнёныя словы:
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць
 не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страцiць
 святое штосьцi.
“Народная газета” зычыць народнаму паэту паправіцца і парадаваць сваіх паклоннікаў яшчэ не адным вершам і многімі кнігамі паэзіі!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter