ЗДАРОЎЕ. Цікаўлюся ў першакласнікаў адной з мінскіх школ: “Каго лічыце здаровым чалавекам?”

Адказы сыплюцца, як гарох з вядра:
— Здаровы той, каму не даюць горкіх пілюляў.
— Каго ў бальніцу не кладуць.
— Хто не хварэе і з апетытам усё есць.
— А ў нашым доме дзядзька здаровы жыве, машыну можа з месца зрушыць.
— Здаровы мае добрае здароўе...

Другое маё пытанне: “Што вы робіце, каб быць здаровымі?” аказалася цяжэйшым. На яго вучні адказвалі стрымана, без эмоцый, няпэўна. І я зразумеў, што мае субяседнікі, на жаль, мала клапоцяцца пра сваё здароўе.
Ім лянотна раніцай рабіць зарадку, прымаць халодны душ. Ім хочацца, асабліва дзяўчынкам, у мароз хадзіць па вуліцы з непакрытай галавой. Аказваецца, не ўсе яны ўмеюць правільна дыхаць і сядзець за партай. Не шануюць свой зрок. Не ведаюць, што такое ціск, пульс, крывяныя цельцы, дзе знаходзяцца ныркі, пячонка, падстраўнікавая залоза, іх функцыі, прызначэнне.
Артыкул сорак пяты Канстытуцыі Беларусі гарантуе сваім грамадзянам права на ахову здароўя. У законе “Аб правах дзіцяці” больш падрабязна сказана, якія абавязкі бярэ на сябе дзяржава, каб забяспечыць здаровае развіццё дзіцяці.

Па тых гарадах і вёсках, дзе вы жывяце, па школах, дзе вучыцеся, вы можаце меркаваць, як выконваюцца дзяржаўныя праграмы па развіццю ў нашай краіне масавай фізкультуры і вялікага спорту. Паўсюдна будуюцца аздараўляльныя цэнтры, палацы спорту, абсталёўваюцца лядовыя каткі, стадыёны. Павялічваецца колькасць басейнаў, фізкультурных залаў.
Пры ўсім гэтым трэба кожнаму зразумець адну мудрасць нашых продкаў: “Хочаш быць здаровым — будзь ім!” А гэта азначае, што ўсе мы павінны навучыцца берагчы сваё здароўе, змагацца за яго. Сапраўды, здароўе не купіш у магазіне, яго не пазычыш у суседа, яго вам ніхто не падорыць. Здароўе — найвялікшае багацце. Яно даражэй за ўсё на свеце. Вучыцеся змалку здабываць сабе гэты скарб.
Яшчэ помніце, што апроч фізічнага ёсць і духоўнае здароўе. Развівайце духоўныя “мускулы” — дабрыню, спагаду, міласэрнасць. Трэніруйце сваё сэрца і сумленне ў чысціні душэўнай, у веры і любові. І тады пра вас скажуць — гарманічна развіты чалавек, прыгожы і прывабны, Божая асоба.

 

Дамашнія заданні

1. Што азначаюць народныя прымаўкі: “Як здаровы, то й багаты”, “На жывой костцы мяса нарасце”, “Як здароўе страціш, тады яго ацэніш”, “Не той моцны, хто стрымлівае коні, а той моцны, хто стрымлівае самога сябе”?
2. Вывучэннем чалавека займаюцца навукі: антрапалогія, біялогія, фізіялогія, медыцына, палеанталогія, псіхалогія, гісторыя, этнаграфія, педагогіка, сацыялогія, філасофія. З бацькамі і настаўнікамі пастарайцеся даведацца, што канкрэтна ў чалавеку даследуюць гэтыя навукі. А можа, вам пасля школы захочацца пайсці вучыцца на адну з гэтых спецыяльнасцей?
3. Разгадаўшы рэбус, прачытайце пажаданне сабе.

 Бобр Б=д ,магазін’’’
 танк’’ ,,,гарбуз у=е
 дарога’’ бязмен’’’’ б=ў

Інфармацыя

Цяперашняя мая літаратурная праца калісьці пачалася з простай інфармацыі. У дзяцінстве я ад першага да апошняга радка асільваў сваю газету “Піянер Беларусі”. Зайздросціў і тым, хто пісаў у газету, і тым, пра каго пісалі.
Аднойчы сеў за стол і сачыніў першую ў жыцці інфармацыю. Яе надрукавала раённая газета. Я паведаміў, здавалася, усяму свету, якія працавітыя людзі жывуць у нашых Шоўкавічах. Кожны дзень яны вывозяць на калгасныя палі торф і гной, хочуць вырасціць высокі ўраджай.
Тую заметку беражліва захоўваю па сённяшні дзень. Яна для мяне дарагая, як і ўсе пяцьдзясят кніжак майго творчага скарбу.

Цяпер у нашай Беларусі выпускаюць 137 рэспубліканскіх, абласных, раённых, гарадскіх газет. Ёсць шмат каналаў на радыё і тэлебачанні. Многія з вас ужо карыстаюцца інтэрнэтам. І ўсё гэта багацце — для вас!
“Кожнае дзіця мае права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі”, — сказана ў законе “Аб правах дзіцяці”. Гэта значыць, што кожны з вас можа вольна карыстацца ўсімі звесткамі, навінамі, якія друкуюць сродкі масавай інфармацыі. Вы маеце права выказаць свае погляды, задаць газеце любое пытанне. І рэдакцыя абавязана хутка і аб’ектыўна даць вам адказ. Дарэчы, і дзяржаўныя органы, і грамадскія аб’яднанні абавязаны даць вам магчымасць пазнаёміцца з патрэбнымі матэрыяламі, якія тычацца вашых правоў і законных інтарэсаў.

Законам дапускаецца абмежаванне правоў і волі дзіцяці толькі ў тым выпадку, калі інфармацыя закранае інтарэсы нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і волі іншых асоб.
Што ж гэта за тайны, якія абараняюцца законам?
А найперш, сакрэты ваенныя. Сапраўды, мы ж не можам быць такімі, як у народным жарце: “Стой, куды едзеш?” — “Ваенная тайна!” — “Што вязеш?” — “Так я табе і скажу, што патроны вязу”.
Ёсць закрытая інфармацыя ў нашых сённяшніх чэкістаў, у органах міліцыі, судах, пракуратуры. Гэтыя звесткі складаюць інтарэсы нацыянальнай бяспекі, аховы грамадскага парадку, барацьбы са злачыннасцю. І да пэўнага часу не могуць быць адкрытымі для вольнага карыстання ў сродках масавай інфармацыі.
Мне здаецца, сябры, што той лавіны інфармацыі, якая ёсць у нашых газетах, будзе даволі для вашага цяперашняга развіцця. Ёю трэба толькі навучыцца карыстацца і ўмела прымяняць у сваім самавыхаванні, у сваіх пазакласных занятках.
А тыя, хто сам з’яўляецца аўтарам такой інфармацыі, могуць у будучым стаць вядомымі журналістамі, пісьменнікамі, каментатарамі, вядучымі папулярных праграм радыё і тэлебачання. Тварыце, сябры, і вас чакае ўдача!

Дамашнія заданні

1. Ці падабаюцца вам урокі інфарматыкі, як атрыманая інфармацыя павышае ваш светапогляд, як пашырае вашы веды?


2. Як вы патлумачыце, што такое навуковая, тэхнічная, палітычная інфармацыя, чым яны адрозніваюцца адна ад адной?


3. Археолагі здабываюць нам інфармацыю з далёкай мінуўшчыны. Па якіх рэчах-знаходках яе можна “чытаць”, якім чынам яна напісана, пра што мы даведваемся з яе?

 

 

 

 

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter