Як Мінск зробяць яшчэ больш зручным для веласіпедыстаў

Здароўе круціць колы

Новыя веладарожкі, паркоўкі і пункты пракату — веларух у нашай краіне актыўна развіваецца. Лідар па колькасці аматараў экалагічнага віду транспарту — Мінск. У мінулым годзе ў карыстанні гараджан налічвалася каля 800 тысяч веласіпедаў. 40 працэнтаў мінчан хоць некалькі разоў у месяц у цёплы сезон выязджалі на велапрагулкі. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася, што плануецца зрабіць, каб гарадское асяроддзе стала яшчэ больш зручным для веласіпедыстаў.

Плануецца, што ў 2019 годзе ў Мінску пачне працаваць сетка аўтаматычных пунктаў велапракату
Фота Аляксандра СТАДУБА

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай развіццю веласіпеднага руху ў краіне, было агучана шмат ідэй, якія дакладна спадабаюцца прыхільнікам двухколавага транспарту. Напрыклад, у 2019 годзе ў Мінску, магчыма, пачне працаваць сетка аўтаматычных пунктаў велапракату. Яна дасць магчымасць арандаваць веласіпед у адным месцы, а вярнуць — у іншым. Пакуль гэта прапанова вывучаецца: патрабуецца выканаць шмат тэхнічных умоў, у тым ліку па ўладкаванні антывандальных сістэм і арганізацыі прыёму банкаўскіх карт, патлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Святлана Дзямешка.

Акрамя таго, у Мінску плануюць рэалізаваць пілотны праект па вылучэнні паласы для веласіпедыстаў на праезнай частцы. Яна павінна з'явіцца па вуліцы В. Харужай на ўчастку ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Куйбышава, расказаў Андрэй Зыранаў, намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама:

— Гэта няпросты ўчастак з пункта гледжання арганізацыі бяспекі дарожнага руху. Але ён патрэбны, каб звязаць праспект Незалежнасці з інтэнсіўным веласіпедным рухам у іншай частцы горада.

Што тычыцца месцаў для двухколавага транспарту, то ў гэтым вясенне-летнім сезоне для мінчан абсталююць звыш 130 велапарковак і 15 велагаражоў. Ужо ў маі пакінуць свой веласіпед можна будзе каля станцый метро «Няміга» і «Барысаўскі тракт». Развіваецца і агульнагарадская сістэма велапракату: у сезон такія паслугі мінчанам і гасцям сталіцы акажуць больш за 40 пунктаў, дзе прадстаўлена каля тысячы веласіпедаў. Кошт адной гадзіны пракату вагаецца ад 4 да 5 рублёў.

Каб яшчэ больш папулярызаваць велатранспарт, у нашай краіне рыхтуюцца змены заканадаўчай базы для рэалізацыі канцэпцыі развіцця веласіпеднага руху, прынятай у студзені. Яе палажэнні зводзяцца да таго, што беларусы стануць часцей ездзіць на веласіпедах. Мяркуецца, што доля выкарыстання велатранспарту да 2030 года ў гарадах з колькасцю насельніцтва 50 тысяч чалавек і больш павінна вырасці да 8—10 працэнтаў; з меншай колькасцю і ў пасёлках гарадскога тыпу — да 15—20 працэнтаў; у аграгарадках і сельскіх населеных пунктах — звыш 40 працэнтаў. Таксама, паводле канцэпцыі, распрацоўваюцца нарматывы якасці праектавання веласіпеднай інфраструктуры — першы «веласіпедны» ТКП.

У сваю чаргу, часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі УДАІ МУС Аляксандр Хромчанка заўважыў: назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння колькасці ДТЗ з удзелам веласіпеднага транспарту ў краіне за апошнія 10 гадоў.

matuzova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter