28 сентября Браслав примет областные «Дожинки»

Збіраемся ў «Леснічоўцы»!

УЧОРА праведзены апошні раённы штаб па іх арганізацыі. Старшыня райвыканкама Аляксандр БАДАНІН заслухаў адпаведныя службы аб ступені гатоўнасці раёна да свята. Высветлілася, што, у прынцыпе, на ўсіх планавых аб’ектах, а іх больш за сотню, работы закончаны. Засталіся невялікія штрыхі...



Разам з намеснікам старшыні райвыканкама па будаўніцтву Георгіем Бушуновым і начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Таццянай Севасцьянавай мы наведалі некаторыя найбольш значныя аб’екты.

САМЫМ першым, з чаго пачыналася яшчэ летась падрыхтоўка да «Дажынак», стала абнаўленне манумента «Воіну-вызваліцелю» з узвядзеннем перад ім велічнай брамы на магутных калонах. Уверсе іх золатам адліваюць словы: «Ніхто не забыты, нішто не забыта». «Памяці народнай жыць у вяках».

Браслаў пралёг уздоўж прыгожага вялікага возера Дрывяты, пляж якога прыцягваў і браслаўчан, і турыстаў. Цяпер жа, акрамя абкультуранага самога пляжу, тут з’явіліся пірсы, прычалы, скейт-парк, спартыўныя пляцоўкі, кафэ, паркоўка і шмат іншага. Многія турысты сходзяцца на думцы, што ён зараз ні ў чым не ўступае пляжам Сочы, а ў асобных момантах і пераўзыходзіць іх. Праўда, цяпер не сезон, і ў гэтай зоне нешматлюдна.

Затое гучалі вясёлыя дзіцячыя галасы на тэрыторыі СШ № 2. І было чаму. Намеснік генеральнага дырэктара трэста «Полацксельбуд» Станіслаў Дзевялтоўскі, якога сустрэлі тут, патлумачыў:

— Мы апранулі ў новую вопратку не толькі сам будынак школы, але і ўнутры прайшліся ці не па кожным памяшканні: перааснасцілі сталовую з харчаблокам, замянілі сантэхніку. Закуплена абсталяванне ў кабінеты хіміі, лінгвістычны, працоўнага навучання, набыты камп’ютарны клас. Ля самой школы зладзілі спартыўны аграгарадок з футбольным полем з сінтэтычным пакрыццём, валейбольнай і баскетбольнымі пляцоўкамі, а таксама пляцоўкай для вывучэння правілаў дарожнага руху.



— Цяпер гэта школа будачага, — дапаўняе расказ будаўніка дырэктар навучальнай установы Анатоль Неверковіч. І з ім нельга не пагадзіцца.

На ўсё пра ўсё выдаткавана 1,6 мільёна рублёў.

Не меншыя перамены і ў дзіцячым садку № 3. Тут уцеплены сцены, заменены вокны, дзверы, адрамантаваны ўнутраныя памяшканні, зладжаны новыя гульнявыя пляцоўкі ў двары, павеці. Садзік разлічаны на 300 дзяцей.

Аднаўлена цэнтральная раённая бальніца. Неўзабаве тут будзе ўстаноўлены камп’ютарны тамограф, пасля чаго жыхарам раёна не спатрэбіцца ездзіць за сотні кіламетраў у абласны цэнтр.

Капітальна адрамантаваны 16 шмат­кватэрных дамоў: абноўлены іх фасады, вокны, дахі. Зроблена добраўпарадкаванне тэрыторый. Заменена больш за палову водаправодных сетак.

Усяго на «Дажынкі-2019» у Браславе з абласнога бюджэту выдаткавана 18 мільёнаў рублёў.

Ёсць добрая народная традыцыя: «Дажынкі», як і ўсялякую вялікую і складаную справу, рабіць талакой. Так было на абласным свяце хлебаробаў у Сянно, Талочыне, Дуброўне, летась — у Верхнедзвінску. Так сталася і сёлета ў Браславе, дзе адзначыліся будаўнікі ці не з паловы вобласці.

Шчыра і плённа папрацавалі тут трэст № 9 Віцебска, трэст «Полацксельбуд» і, у прыватнасці, яго калектывы: Браслаўскае ПМК-42, Міёрскае ПМК-55, Шаркаўшчынскае ПМК-68, а таксама КУВ «Жыллёва-рамонтная эксплуатацыйная арганізацыя» Наваполацка, ДРБУ-131 Шаркаўшчыны, ТАА «Аута» Глыбокага.

Нельга было не звярнуць увагу на чысціню, святочную прыгажосць вуліц з абноўленым асфальтавым пакрыццём (каля 10 кіламетраў), акуратнымі пешаходнымі дарожкамі. Ля жылых дамоў, арганізацый і прадпрыемстваў, у грамадскіх месцах — дываны рознакаляровых восеньскіх кветак. Асабліва яны прыцягваюць увагу сваёй адметнасцю ў раёне стадыёна.

— Гэта вынік абласнога конкурсу прафсаюза жыллёва-камунальнай гаспадаркі на лепшую клумбу, — нагадала Таццяна Севасцьянава. — Добра пашчыравалі і самі браслаўчане. Кожны ля свайго дома правёў добраўпарадкаванне тэрыторыі: падладзіў, пафарбаваў агароджу. Былі створаны дэпутацкія групы, якія абыходзілі домаўладанні, раілі людзям, як што лепей зрабіць, якая патрабуецца дапамога. А прыклад паказалі жыхары дома № 55Б па вуліцы Садовай. Яны праявілі ініцыятыву і яшчэ з мінулай восені пачалі добраўпарадкоўваць двор.

Свой падарунак гораду да «Дажынак» імкнуліся зрабіць кожная арганізацыя, кожнае прадпрыемства. Так, арыгінальную мадэль рэтрааўтамабіля зладзілі ў калектыве мясцовай аўтакалоны і ўстанавілі ля аўтобуснага вакзала.

Асабліва калектыўная праца ўсяго горада яскрава выявілася на «Леснічоўцы» — аб’екце, дзе будзе непасрэдна адбывацца галоўная дзея «Дажынак». Тут дзякуючы шэрагу суботнікаў добраўпарадкаваны сама пляцоўка і вялікая тэрыторыія вакол яе. Пакладзена звыш кіламетра асфальту, вырас «парк камянёў», з’явіліся дадаткова альтанкі, ну і, вядома ж, сама сцэна, на якой будуць вітаць лепшых хлебаробаў вобласці, а таксама выступаць вядомыя творчыя калектывы краіны.

saulich@bk.ru

Фота аўтара і Вячаслава КАЛАДЗІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter