Заззяла нам святая ноч

Пастырскае пасланне на Божае Нараджэнне 2010

Пастырскае пасланне на Божае Нараджэнне 2010


Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернiкi Мiнска–Магiлёўскай архiдыяцэзii!


1 Ад усяго сэрца вiтаю ўсiх вас i вiншую з радасным i збаўчым святам Божага Нараджэння. На працягу ўжо больш за 2000 год хрысцiяне з радасцю i надзеяй скiроўваюць свой позiрк да падзеi, якая стала пераломнай у гiсторыi чалавецтва.


Адзначаючы свята Нараджэння Пана, мы разважаем над словамi Евангелля, што сёння нарадзiўся нам Збаўца (пар. Лк 2, 11). Яны нам добра вядомы, i мы iх паўтараем кожны год ва ўрачыстасць Божага Нараджэння. Аднак цi задумваемся мы над iх сэнсам?


Бог, не перастаючы быць Богам, стаў чалавекам, стаў адным з нас, стаў ва ўсiм, акрамя граху, падобным да нас (пар. Фiл 2, 7). Як Бог — Ён вечны, бясконцы, паўсюдна прысутны i ўсемагутны. Як чалавек — абмежаваны часам, прасторай i моцай. Як Бог — Ён з’яўляецца Валадаром смерцi. Як чалавек — ёй падуладны. Аднак у святую ноч уцелаўлення Бога час адкрыўся на вечнасць, i святасць Хрыста асвяцiла яго.


2 Сёння мы не толькi ўспамiнаем гiстарычную падзею Нараджэння Збаўцы. Сэнс гэтага свята пераходзiць у мiнулае. Таму сёння мы праслаўляем Хрыста, якi, нарадзiўшыся ў Бэтлееме больш за дваццаць стагоддзяў таму, сваёю ласкай нараджаецца ў сучасным свеце.


Узрушаныя велiччу i таямнiцай бэтлеемскай ночы, мы становiмся перад яслямi, каб разам з Марыяй i Юзафам схiляцца над Збаўцам свету. Яны разважаюць над сэнсам знакаў, якiя спадарожнiчаюць таямнiцы Уцелаўлення. Мы разам з iмi разважаем над вобразам загорнутага ў пялёнкi Немаўляцi, якое ляжыць у яслях, у якiм сам Бог наблiжаецца да нас, каб адарыць сваiм шчасцем i спакоем.


3 Штодзённае жыццё пацвярджае, што нашыя сэрцы ўстрывожаны, яны шукаюць спакою i не ведаюць, дзе яго знайсцi. Псальмiст усклiкае: Шукаю аблiчча Твайго, о Пане (пар. Пс 27 (26), 8). I вось дзякуючы таямнiцы Уцелаўлення Бог прымае чалавечы вобраз i прамаўляе да нас чалавечай мовай.


Таму святая ноч Божага Нараджэння завяршыла гiстарычны перыяд чакання прыйсця на зямлю Бога з чалавечым аблiччам i сэрцам, завяршыла духоўную цемру, у якой жыў чалавек падчас Старога Запавету. Яна напоўнiла сваiм ззяннем не толькi бэтлеемскiя яслi, але i ўсё стварэнне, бо дзякуючы прыйсцю ў свет Божага Сына чалавек прасвятлiўся святлом праўды (пар. Ян 1, 9) — як вучыць св. апостал Ян.


4 Аднак той жа апостал Ян нагадвае, што Бог прыйшоў да сваiх i свае Яго не прынялi (пар. Ян 1, 11). Гэта азначае, што, нягледзячы на духоўнае святло, якое выпраменьвае Езус Хрыстус, чалавек выбiрае грахоўную цемру i любiць яе больш за святло ласкi.


Гiстарычны досвед паказвае, што калi чалавек сваё жыццё не будуе на падмурку праўды, то на самой справе яно не рэалiзуецца. Знешне яно можа выглядаць нармальным, нават, можа, вельмi добрым. Аднак раней цi пазней памылка праявiць сябе ў трагедыi лёсу чалавека i нават цэлых грамадстваў.


Адрачэнне ад Бога i непаслухмянасць Яго запаведзям вядзе да Божай кары. Так было з нашымi першымi бацькамi Адамам i Евай. Так было, калi выбраны народ не слухаў Бога, выракаўся Яго i замест праслаўлення свайго Стварыцеля праслаўляў залатога цяльца. Непрыняцце Божага закону праяўляецца ў неадпаведным стылi жыцця чалавека, якi пагражае яго годнасцi, што мы вельмi часта бачым у сучасным свеце.


5 Да цемры сучаснага свету найперш належыць небывалае дагэтуль усемагуцце матэрыяльных каштоўнасцяў i нават iх абагаўленне. Грошы заўсёды адыгрывалi вялiкую ролю ў жыццi людзей. Аднак у апошнi час бурнага развiцця працэсаў глабалiзацыi яны перавысiлi амаль што ўсе мiжчалавечыя адносiны. А тым часам «корань усялякага зла — гэта любоў да грошай» (пар. 1 Цiм 6, 10) — як вучыць св. апостал Павел.


Нездаровае iмкненне любым коштам да матэрыяльных каштоўнасцяў дапаўняецца залежнасцю спажывальнiцтва, так што чалавек у сваiм жыццi кiруецца правiлам: зарабляць i трацiць. Усё часцей можна ўбачыць рэкламны лозунг: «I love shopping» — «Я люблю рабiць пакупкi».


Цёмнай ноччу сучаснага свету ў ззяннi святла рэкламы i неонаў з’яўляецца крызiс сям’i: законы, якiя, з аднаго боку, дазваляюць забiваць як народжанае, так i ненароджанае жыццё, а з iншага — дазваляюць штучнае апладненне; iмкненне да абсалютнай свабоды без адказнасцi; iмкненне лiбералiзацыi Божага закону, якi па сваёй сутнасцi нязменны; выкарыстанне дасягненняў генетыкi ў амаральных мэтах як, напрыклад, iмкненне да кланавання чалавечага арганiзму цi выкарыстоўванне эмбрыёнаў у касметычнай прадукцыi; нязгоднае з Божай воляй сексуальнае жыццё i iмкненне да так званага бяспечнага сексу, што ўжо прывяло да пандэмii СНIДу; алкагалiзм, наркаманiя, карупцыя, насiлле i многае iншае.


Вялiкiм выклiкам з’яўляецца таксама тэрарызм, якi, iмкнучыся да валодання зброяй масавага паражэння, пагражае свету.


Сёння дзякуючы мас–медыя можна даведацца практычна пра ўсё. Аднак цi ўсе гэтыя веды спрыяюць нашаму чалавечаму i духоўнаму развiццю? Цi ўзбагачаюць яны маральна чалавека i яго iндывiдуальнасць? У наш час вiдавочная тэндэнцыя СМI нават да замены выхаваўчых функцый сям’i выхаваўчымi ўстановамi. Заклапочаныя шматлiкiмi жыццёвымi праблемамi бацькi не маюць часу нават паразмаўляць са сваiмi дзецьмi. Тыя ж у такой сiтуацыi чэрпаюць веды аб жыццi з вулiцы i мас–медыя, якiя вельмi часта прадстаўляюць рэчаiснасць вельмi павярхоўна або дэфармуюць яе.


6 Iмклiвае развiццё сучаснага свету з яго выклiкамi моцна ўплывае на стан грамадства. У iм, як грыбы пасля дажджу, растуць высокiя будынкi, але адначасова панiжаецца маральнасць. Будуюцца ўсё шырэйшыя аўтастрады, i адначасова звужаюцца гарызонты духоўнага жыцця. Купляецца ўсё больш, i адначасова ўсяго мала. Усё большыя памяшканнi, i адначасова ўсё меншыя сем’i. Усё больш адукаваных людзей, i адначасова ўсё менш добрай волi. Усё больш экспертаў, i адначасова ўсё больш праблем. Усё больш лекаў, i адначасова ўсё больш хваробаў. Больш працяглым становiцца фiзiчнае жыццё, i адначасова абмяжоўваецца духоўнае. Вядзецца пошук жыцця ў космасе, i адначасова праводзiцца генацыд пачатага i ненароджанага жыцця. Усё больш абагаўляецца тэлебачанне, iнтэрнэт, багацце, прыемнасцi i нават сам грэх, i адначасова занядбоўваецца Бог.


А чым жа па сваёй сутнасцi з’яўляюцца выказваннi пра адноснасць маральных нормаў? Зусiм нядаўна на гэта звярнуў увагу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Ён падкрэслiў, што хоць некаторым такая тэндэнцыя здаецца дапаўненнем свабоды, на самой жа справе пагражае яе знiшчэнню, бо навязваецца як сапраўдная дыктатура (пар. http://www.zenit.org/ article–24611?l=italian).


7 Такiя цёмныя з маральнага пункту гледжання бакi сучаснага жыцця, якiя абагаўляе свет i якiм пакланяецца, падтрымлiваючы гарызантальнае i аднабаковае бачанне чалавека, пагражаюць перш за ўсё годнасцi чалавечай асобы. Чалавек, шукаючы сэнс свайго iснавання, свабоды i любовi, крынiцай якiх з’яўляецца Бог, звяртаецца не да Яго, але да свету. У iм пачынае панаваць свецкi, а не Божы дух. Вечныя Божыя праўды, адзiныя, якiя могуць перамянiць нашае жыццё, сёння перастаюць быць iдэаламi. Яны, аднак, настойлiва выцясняюцца з нашага жыцця прапагандай маральнай безадказнасцi, эгаiзму, iмкнення да багацця i спажывальнiцтва, страты пачуцця граху i г.д. Усё гэта нагадвае пра дэфiцыт маральных каштоўнасцяў у сучасным свеце. Аднак эканамiчныя дасягненнi без падтрымкi iх духоўнымi каштоўнасцямi з’яўляюцца нiчым iншым, як калосам на глiняных нагах, аб чым вельмi добра нагадвае эканамiчны крызiс, якi паразiў увесь свет. Таму трэба заўсёды памятаць, што замена сапраўдных каштоўнасцяў фальшывымi вядзе да крызiсу як у жыццi канкрэтнага чалавека, так i цэлых грамадстваў i свету.


Трэба таксама памятаць i пра тое, што абагаўленне граху чынiць чалавека няздольным прыняць Божую праўду i прынесцi духоўны плён. Тады чалавек становiцца падобным да пустога коласу жыта. Ён можа быць прыгожым i вялiкiм, але не дасць зерня, з якога выпякаецца патрэбны для жыцця хлеб.


8 У такiх абставiнах духоўнай цемры нам свецiць святло Хрыста, якое заззяла больш за 2000 гадоў таму ў Бэтлееме. Божае святло прыйшло на зямлю, несучы з сабой Божую праўду i невычарпальны зарад духоўнага аднаўлення, каб развеяць цемру чалавечага сэрца.


Простыя бэтлеемскiя пастухi ўбачылi гэтае святло i, асветленыя верай, распазналi ў Немаўляцi ўцелаўлёнага Бога. Такiм чынам яны далi пачатак Яго праслаўленню, якое трывае праз пакаленнi. Мы таксама павiнны праслаўляць Збаўцу. Падчас вызнання веры на словы «ўцелавiўся ад Духа Святога i стаў чалавекам» сёння мы схiляем свае каленi i ўшаноўваем уцелаўлёнага Бога, бо становiмся сведкамi любовi, якая адкрывае час святла, радасцi i надзеi.


9 Абвяшчаю вам вялiкую радасць: нарадзiўся сёння Збаўца (пар. Лк 2, 10–11). Падчас гэтай святой ночы гучыць у нашых касцёлах гэты голас анёла, якi таксама з’яўляецца запрашэннем прыняць Збаўцу. Нам нельга заставацца пасiўнымi i толькi чакаць. Нам трэба прыняць Хрыста ў свае сэрцы, у нашыя дамы, вёскi, гарады i ў наш народ.


Урачыстасць Божага Нараджэння павiнна ажывiць у нашых сэрцах агонь веры, каб мы маглi жыць у яго бляску i цяпле, маглi асвятляць iм i саграваць iншых. Як многа дабра мы можам учынiць з Хрыстом, нягледзячы на розныя супярэчнасцi, з якiмi сустракаемся штодзённа. Толькi Хрыстус надае сэнс усяму таму, што мы робiм.


10 Сучасны, поўны рэкламы свет прапануе нам свае парады, як дасягнуць улады цi жыццёвага поспеху i як забяспечыць сваю будучыню. Нават калi некаторыя з iх i годныя ўвагi, аднак усе яны адносяцца толькi да невялiкага фрагменту нашага жыцця, i пры тым другаснага значэння. Для Бога ж не з’яўляюцца важнымi нашыя становiшчы i дасягненнi. Яму важна, якiмi мы на самой справе з’яўляемся, цi любiм мы Бога i блiжняга так, як навучае Езус Хрыстус, якi не прыйшоў, каб Яму служылi, але каб служыць i аддаць сваё жыццё дзеля збаўлення свету (пар. Мц 20, 28).


Хрысцiянства адухаўляе жыццё, калi становiцца новым уцелаўленнем i ўвасабленнем Божага духа. Яно не адмаўляецца ад часовых каштоўнасцяў, аднак трактуе iх як выкарыстаны належным чынам «iнструмент», якi спрыяе ўзросту дабра ў свеце. Аптымiзм нашай веры нараджаецца з пошуку духоўных каштоўнасцяў i ўнутранага, а не вонкавага шчасця. Толькi тады ўсё тое, што часовае, можа быць абагаўлёна. Пра гэта нам нагадвае таямнiца Уцелаўлення.


11 Сутнасць святкавання Нараджэння Хрыста ў тым, што яно наблiжае нам Збаўцу i Яго нязменную праўду. Бог iзноў таямнiчым чынам нараджаецца ў глыбiнi нашых душ, каб мы мелi жыццё (пар. Ян 10, 10). Гiсторыя бэтлеемскай ночы ўваходзiць у нашае жыццё, дапамагае ўбачыць яго з iншага боку i такiм чынам, што тое, што яшчэ зусiм нядаўна здавалася важным, цяпер паўстае малазначным, якое хутка мiнае, саступаючы месца велiчы Божай праўды.


Таму, зачараваны цудам бэтлеемскай ночы, абудзiся, чалавек! Абудзiся з граху, i табе заззяе святло Хрыста!


Для нас i дзеля нашага збаўлення Бог стаў чалавекам. Мы навекi засталiся б памерлымi духоўна, калi б Ён не нарадзiўся ў адпаведны час. Мы не былi б вызвалены з граху, калi б Ён не прыняў цела, падобнае да нашага грахоўнага цела. Мы былi б асуджаны на немiласэрную вечнасць, калi б Бог не праявiў сваю бязмежную мiласэрнасць. Мы не атрымалi б жыцця вечнага, калi б Ён дабравольна не пайшоў на смерць. Мы па–ранейшаму блукалi б, калi б Ён не прыйшоў у гэты свет, каб знайсцi нас.


О святая i такая доўгачаканая ноч! Ты назаўсёды злучыла Бога з чалавекам! Запалi зноў у нас надзею, абудзi здзiўленне, запэўнi перамогу любовi над нянавiсцю i жыцця над смерцю!


12 Дарагiя браты i сёстры! Яшчэ раз вiншую вас з радасным i збаўчым святам Божага Нараджэння! Вiншую католiкаў i iншых хрысцiян, якiя адзначаюць сёння гэтае свята! Вiншую братоў i сясцёр праваслаўных, якiя ўжо зусiм хутка будуць праслаўляць уцелаўленне Сына Божага!


Праблемы i выклiкi сучаснага свету такiя небяспечныя i нясуць такую вялiкую пагрозу, што ўсiм нам разам трэба ўчынiць усё магчымае, каб ззянне бэтлеемскай ночы асвяцiла сваёй ласкай усiх людзей i яны вачыма душы ўбачылi таго, хто ёсць дарога, праўда i жыццё (пар. Ян 14, 6), таго, у якiм чалавек можа пазнаць сябе, таго, хто заўсёды застанецца верным, i таго, хто адорвае сапраўдным спакоем, шчасцем i радасцю.


Вiншую ўсiх людзей добрай волi! Сын Божы стаўся чалавекам з любовi да ўсiх людзей i ўсiх збавiў. Усiм вам жадаю шчаслiвых святаў Божага Нараджэння. Святаў добрых, спакойных i поўных духоўнай радасцi. Няхай Езус, якi нараджаецца падчас Эўхарыстыi, знойдзе ў нашых сэрцах годнае памяшканне, у якiм будзе прыняты з верай i любоўю, з адноўленым захапленнем i спакоем. А свет бэтлеемскай зоркi няхай стане ўказальнiкам на нашым шляху да сапраўднага шчасця.


З гэтымi пажаданнямi дзялюся з вамi аплаткай — знакам еднасцi ў Хрысце i, давяраючы вас Марыi — Мацi Збаўцы, — ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, + i Сына, i Духа Святога. Амэн.


Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ,

Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi.

Мiнск.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter