Зазірніце ў студэнцкі альбом

Днямі маме патэлефанавала яе аднакурсніца і запрасіла на сустрэчу аднакурснікаў. Гэты курс беларускіх філолагаў быў выпушчаны сорак гадоў таму...
Днямі маме патэлефанавала яе аднакурсніца і запрасіла на сустрэчу аднакурснікаў. Гэты курс беларускіх філолагаў быў выпушчаны сорак гадоў таму. І з таго часу яны, падумаць толькі, сустракаюцца кожныя пяць гадоў. Спачатку мама не хацела ісці: а раптам спасцігне расчараванне — столькі ж часу прайшло. А потым яшчэ раз перагледзела свой чырванаскуры альбом, дзе ўсе філалагіні такія прыгожыя, і пачала збірацца. Бачылі б вы, якой акрыленай вярнулася мама дадому! Аказваецца, былыя аднакурснікі скінулі маскі сталых людзей і зноў сталі гарэзлівымі і дасціпнымі студэнтамі, як і калісьці.

Хтосьці праз столькі гадоў нарэшце прызнаўся прадмету сваіх мрояў у каханні. Вось якія цнатлівыя пачуцці былі ў той час! Хтосьці падзяліўся, што асвойвае новую сферу дзейнасці. Да прыкладу, менеджмент. Вось якая ўніверсальная навука філалогія! Дарэчы, выпускнікі гэтага курса сталі вядомымі навукоўцамі, журналістамі, музейнымі супрацоўнікамі... Але галоўнае, што яны прывілі многім дзецям любоў да роднай мовы і літаратуры.

Яны шмат гадоў аддаюць іншым тыя веды, якімі з імі падзяліліся выкладчыкі Дзмітрый Бугаёў, Алесь Адамовіч, Алег Лойка і многія іншыя выдатныя асобы.

І яшчэ. Сябрам маёй мамы ўласціва пачуццё еднасці. Калі не стала іх аднакурсніцы, таленавітага крытыка Тамары Чабан, якая літаральна згарэла ад невылечнай хваробы, і ў яе засталіся маленькі сын і дзевяцімесячная дачушка, то змарнелага ў горы мужа не пакінулі сам-насам з бядой. Цяпер той маленькай дзяўчынцы ўжо больш як дваццаць гадоў.

Былыя студэнты застаюцца адданымі філфаку БДУ. Некаторыя вывучылі там сваіх дзяцей і ўжо задумваюцца пра тое, што і ўнукам варта ісці туды, бо на факультэце зараз вялікі выбар цікавых спецыяльнасцей.

Сяргей МУРЗЯНОК, г. Мінск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter