Зазірніце ў старадаўні куфар!

Віннікава, М.М. Скарбы з вясковых куфраў: Традыцыйны касцюм і тэкстыль з калекцыі “Народнае мастацтва Беларускага Палесся”: ілюстраваны каталог/ М.М.Віннікава, П.А.Богдан. — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П.Броўкі, 2009. — 184 с.: іл.

Віннікава, М.М. Скарбы з вясковых куфраў: Традыцыйны касцюм і тэкстыль з калекцыі “Народнае мастацтва Беларускага Палесся”: ілюстраваны каталог/ М.М.Віннікава, П.А.Богдан. — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П.Броўкі, 2009. — 184 с.: іл.

Якія касцюмы насілі нашы продкі? Што яшчэ захавалася ў сем’ях, дзе ўважліва ставяцца да традыцый, імкнуцца данесці іх да наступных пакаленняў?..Так, традыцыйны касцюм выйшаў з ужытку. Саматканыя абрусы, ручнікі і посцілкі заменены фабрычнымі вырабамі. І ўсё ж паедзьце і сёння ў Іванаўскі, Драгічынскі, Лунінецкі ці які іншы раён Палесся, зазірніце да сталага веку кабет — і вы адкрыеце для сябе дзіўнае тварэнне рук нават нашых сучасніц, а не толькі іх папярэдніц. У саматканых вырабах — цеплыня, энергетыка дабрыні і шчасця, разлічаная, можа, нават не меней як на стагоддзе. А не знойдзеце часу на адмысловую     экскурсію,  ад-крыйце сапраўды сімпатычную і выдатна аформленую кнігу-альбом Марыі Віннікавай і Паліны Богдан “Скарбы з вясковых куфраў”, выдадзеную ў “Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі”. У падзагалоўку — “Традыцыйны касцюм і тэкстыль з калекцыі “Народнае мастацтва Беларускага Палесся”. Жанр пазначаны як ілюстраваны каталог. А як мне падаецца, кніга — усё ж унікальнае мастацкае падарожжа да каранёў беларускага жыцця.
Пра літаратуру — займальна

Лойка, А.А.
Займальная літаратура: эсэ/ А.А. Лойка. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2009. — 176 с.
Алег Антонавіч Лойка, паэт, празаік, літаратуразнаўца, перакладчык, вядомы літаральна ўсім, хто лічыць сябе хаця б радавым чытачом беларускай літаратуры. Пражыўшы без малога восемдзесят гадоў (1931—2008), пісьменнік досыць напружана працаваў да апошніх дзён свайго жыцця. Творчая яго спадчына складае больш за 50 кніг. Засталіся і рукапісы ненадрукаванага. Адзін з іх — эсэ “Займальная літаратура” — пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь толькі што стаў асобнай кнігай. Характар яе ў значнай ступені тлумачаць і наступныя словы Алега Антонавіча (цытуем з прадмовы “Ад аўтара”): ”Можна адзначыць, што тое, што цікавіць, лягчэй запамінаецца, што займальнае не можа не цікавіць, і пагэтаму — слова займальнаму! А рэч — не рэч, калі не займальная, калі нельга яе займець, не губячы, вечна за душой не маючы, як пасведчанне аб нараджэнні, як пашпарт, носячы, нібы тогу ўсяведа-вучонага маючы”. І раздзелы ў “Займальнай літаратуры” дастаткова красамоўныя: “Пра маладосць літаратуры і не толькі”, “Псеўданімы — не мімы...”, “Загадкі і цуды натхнення”, “Ці лжэ падпаручнік Кіжэ?”, “Мадам Бавары — гэта я...”
Да глыбіні архіўных знаходак
Рублевская, Л.И.
Время и бремя архивов и имен: очерки, эссе, пьеса/ Л.И.Рублевская, В.В.Скалабан. — Минск: Літаратура і Мастацтва, 2009. — 192 с.: ил. — (Беларусь: вчера и сегодня).

Зборнікам двух аўтараў — пісьменніцы Людмілы Рублеўскай і архівіста і вядомага ў Беларусі і за яе межамі даследчыка гісторыі нашай Айчыны Віталя Скалабана, якія працуюць у апошні час і як сааўтары ў СМІ, выдавецтва “Літаратура і Мастацтва” адкрыла серыю “Беларусь вчера и сегодня”. Змест кнігі склалі нарысы, эсэ, якія прысвечаны малавядомым фактам з гісторыі жыцця і творчасці Якуба Коласа, Янкі Купалы, а таксама забытым беларускім пісьменнікам даваеннага часу. За кожнай з раскрытых тэм — унікальны архіўны пошук, арыгінальныя дакументы, цікавыя сведчанні з розных часін. Змясцілі аўтары ў зборніку і п’есу-дакумент “Людвіка і Фабіян” — пра драматычнае каханне Зоські Верас і Фабіяна Шантыра.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter