Сярод пераможцаў сёлетняга жніва на абласных «Дажынках» у Сянно і талачынскі механізатар Уладзімір Яршоў

Зайздрасць крадзе ўдачу

КАМБАЙНЕР РУП “Талачынскі кансервавы завод” Уладзімір ЯРШОЎ у чарговы раз стаў пераможцам абласнога спаборніцтва на жніве сярод маладзёжных экіпажаў Віцебшчыны. За сезон на гомельскім камбайне КЗС-1218 намалаціў больш як паўтары тысячы тон збожжа. Старанна працуе перадавік і на ўборцы бульбы, пад якую адведзена амаль тысяча гектараў. 



Сёння рабочую форму Уладзімір Сяргеевіч змяніў на парадную і прадстаўляе гаспадарку на абласным свяце-кірмашы “Дажынкі” ў суседнім райцэнтры Сянно. Дыпломамі і каштоўнымі падарункамі адзначаліся яго працоўныя поспехі на рэспубліканскіх “Дажынках” у старажытнай Лідзе і летась на абласным свяце працаўнікоў вёскі ў Талачыне. 

ЦІХАЯ рэчка Друць, што пачынаецца з гаючых талачынскіх крыніц, перасякае райцэнтр, прымае воды малых і вялікіх прытокаў і нясе да шырокага Дняпра. Густыя травы на рачной пойме разам з дзедам Сяргеем Яршовым старанна касіў унук Уладзімір. Прыходзілі на лугавіну да ўзыходу сонца і ўкладвалі росныя пакосы, варочалі іх пад спякотным летнім сонцам. Пад цяністымі дрэвамі ў час адпачынку зачаравана слухаў хлапчук расповеды дзеда, які вучыў яго, каб жыў без зайздрасці, бо яна крадзе ўдачу. І як паквапіўся некалі французскі імператар на расійскія прасторы. Два стагоддзі таму яго войска перапраўлялася праз Друць. Захаваўся ў Талачыне той дом, у якім спыняўся Напалеон пры адступленні глыбокай восенню 1812 года. Па яго загадзе французы большасць будынкаў знішчылі і спалілі ў старажытным мястэчку. 

І ў ХХ стагоддзі Талачын пацярпеў ад ворагаў. Мясцовае насельніцтва мужна змагалася з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У навакольных лясах з першых месяцаў акупацыі пачалі дзейнічаць партызанскія атрады. Байцы брыгады імя Канстанціна Заслонава на чыгунцы пускалі пад адхон варожыя саставы, што накіроўваліся на фронт. Ні на дзень не спынялася народная барацьба з гітлераўцамі. У канцы чэрвеня 1944 года мясцовыя жыхары, каму пашчасціла выжыць, з радасцю сустракалі савецкіх воінаў-вызваліцеляў.

На школьных уроках Валодзя ўважліва слухаў, як настаўнік гісторыі захапляюча расказваў пра вядомага земляка Міхаіла Савіцкага з суседняй вёскі Звянячы, юнацтва якога супала з ваеннымі гадамі. Адважны зямляк удзельнічаў у баях за Севастопаль, апынуўся ў фашысцкіх канцлагерах. Шчасліва пазбег смерці — вызваленне лагера саюзнікамі адбылося ў той час, калі ён пасля сямнаццацідзённага знаходжання пад арыштам за арганізацыю ўцёкаў, знясілены, згасаў у тыфозным бараку. Пасля вайны былы вязень стаў вядомым свету мастаком. У вёсцы Звянячы, што побач з мястэчкам Коханава, захавалася хата, дзе нарадзіўся і вырас Герой Беларусі Міхаіл Савіцкі. 

— Многія мае землякі не дажылі да мірнага часу, — адзначае Уладзімір Яршоў. — Тым, каму пашчасціла перажыць акупацыю, нялёгка прыйшлося ў першыя пасляваенныя гады. Урадлівая зямля аддзячвала ўраджаем за старанне сялян. Дзядулі і бабулі вырошчвалі хлеб, даглядалі жывёлу ў калгасе імя Энгельса, які цяпер аб’яднаны ў вялікую гаспадарку “Талачынская Навінка”. Трактарыстам стаў бацька Сяргей Сяргеевіч. Пад’едзе да падворка на “Беларусе”, а мы з братам Дзімам хутчэй у кабіну, за кожны рычаг патрымаемся. Па полі ездзілі.

— Ці вучыў вас бацька кіраваць трактарам?

— Брат Дзіма не надта цікавіўся ім. Ён стаў будаўніком. Жыве і працуе ў Мінску. Мяне з малых гадоў цягнула да тэхнікі. Гарэў жаданнем стаць механізатарам. На трактары працаваў і мамін брат Сяргей Пасееў. На яго “Беларусе” самастойна праклаў сваю першую баразну. Душа замірала ад хвалявання, калі вёў магутную машыну. Здавалася, увесь свет сочыць за мною. Узмакрэў, пакуль дайшоў да ўскрайку поля. Дзядзька Сяргей пахваліў мяне. У сёмым класе ўжо самастойна кіраваў трактарам.

З маленства нас прывучалі да працы. На школьным агародзе вырошчвалі моркву, капусту, агуркі, цыбулю для сталоўкі. Зімою нас бясплатна кармілі. 

На ўроках працы хлопчыкаў вучылі сталярнай справе. Да сёмага поту габляваў дошку для шпакоўні, пакуль настаўнік не спыняў мяне. Драўляныя палічкі, кухонныя дошкі выраблялі ў майстэрні. Любіў урокі працы і фізкультурай захапляўся, асабліва футболам і баскетболам. У пасведчанні за дзевяць класаў па гэтых прадметах выдатныя адзнакі. 

— Можна было і далей працягваць вучобу ў сярэдняй школе. 

— Мы былі апошнім выпускам перад закрыццём Коласаўскай базавай школы. Мае аднакласнікі перайшлі ў Коханаўскую сярэднюю, а я адзіны з класа падаў дакументы на курсы трактарыстаў-машыністаў. Паспяхова закончыў іх. Старшыня калгаса імя Энгельса Юрый Кандратовіч прапанаваў мне працаваць на трактары МТЗ 1382. Да пачатку веснавых палявых работ перабраў і адрэгуляваў вузлы і дэталі. Падкормліваў азімыя, сеяў гарох, збожжавыя. Летам нарыхтоўваў кармы для калгаснай жывёлы. Трактар не новы, часта псаваўся, даводзілася рамантаваць і ў полі. Працаваў на ім да провадаў у армію. Служыў ва ўнутраных войсках у суседняй Оршы. Часта наведваліся сваякі. Праз паўтара года вярнуўся дамоў. У той час да талачынскага кансервавага завода далучылі землі, на якіх сталі вырошчваць бульбу для прамысловай перапрацоўкі. Уладкаваўся памочнікам на бульбаўборачны камбайн да механізатара Леаніда Грамыкі. Многаму навучыўся ў гэтага вопытнага механізатара. 

Пасля заканчэння ўборкі бульбы на трактары МТЗ-82 падвозіў кармы на жывёлаводчую ферму. Зімою чысціў ад снегу тэрыторыю кансервавага завода, а вясною рыхтаваў у полі глебу, садзіў бульбу, апрацоўваў яе ад шкоднікаў і пустазелля, акучваў. Шэсць гадоў таму атрымаў новы энерганасычаны МТЗ-3022. 

— Машына магутная і патрабуе пэўных ведаў і вопыту кіравання. Хутка асвоілі яе?

— На спецыяльных курсах вучыўся.  Вясною сею збожжавыя, прыкатваю іх, а потым даглядаю пасевы. А як пачынаецца жніво, пераходжу на камбайн.

— У каго вучыліся кіраваць збожжаўборачнай тэхнікай? 

— Пасля сёмага і восьмага класаў на канікулах працаваў памочнікам камбайнера. Першы год быў у экіпажы Леаніда Грамыкі на гомельскім збожжаўборачным камбайне КЗС-10. Брат Дзіма працаваў на камбайне з бацькам. Нашы экіпажы спаборнічалі. Усё неабходнае для школы мы з братам за свае грошы куплялі. Побач са школай жылі маміны бацькі. З Дзімам у час летніх канікулаў мы дапамагалі дзядулю і бабулі па гаспадарцы. 

— Карову даіць даводзілася?

— І не аднойчы. Навучыўся даіць не горш за бабулю Таісу Уладзіміраўну. А калі мы з Дзімам працавалі на жніве, вечарам вярталіся з поля, і яна нас частавала маладой бульбачкай з малаком. Бабуля ўмела смачна гатаваць. Асабліва атрымліваўся перапрэлы ў печы суп. 

Падымаліся да ўсходу сонца — і на поле, да камбайнаў. У час працы я прыглядаўся, як вопытны механізатар Леанід Грамыка роўна вядзе камбайн па хлебнай ніве. Вучыўся ў яго. У наступны сезон ён перасеў на новы збожжаўборачны камбайн “Дон-1500”, а я застаўся працаваць на старым. Ураджайнасць збожжавых у гаспадарцы стабільна высокая. Летась выйшла па 50 цэнтнераў збожжавых на круг, а сёлета крыху менш.

— Закончылі жніво, а на чарзе шэраг іншых спраў у полі. Ці ўдаецца ўсё паспець? 

— Тэхніка не падводзіць, таму і спраўляемся. Пасля жніва адразу пачалі масава ўбіраць бульбу. Адзінаццаць камбайнаў вывелі на плантацыі. На ноч пакідаем іх у полі, каб лішні раз не ганяць на мехдвор. Раніцай запраўляем у баразне. Ад сёмай гадзіны і да цямна працуем. У сярэднім кожны агрэгат убірае штодзённа бульбу на плошчы звыш пяці гектараў. Тэмпы маглі быць і больш высокімі. З поля аўтамашыны дастаўляюць клубні на сарціроўку, і бываюць там затрымкі.

— Экіпажы ўкамплектаваны памочнікамі? 

— Летась дапамагалі жанчыны. Сёлета ў маім экіпажы працуе Ігар Ваўчок. Займаем па два радкі і вядзём да канца поля. Маршруты ўборачных работ каардынуе галоўны аграном гаспадаркі Таццяна Капранава. За некалькі дзён выкапалі бульбу на пяцідзесяцігектарным масіве за вёскай Маціёва. Атрымалася звыш 500 цэнтнераў клубняў з гектара. На іншых палях яшчэ большая ўраджайнасць. 

— Якія гатункі найбольш ураджайныя?

— На супясчаных палях радуюць добрым ураджаем гатункі беларускай селекцыі: “брыз” і “ўладар”. Звыш 600 цэнтнераў з гектара клубняў даюць нямецкія і галандскія гатункі. Для захоўвання ўраджаю пабудаваны сучасныя сховішчы і наладжана перапрацоўка. Адпускаецца бульба і для работнікаў прадпрыемства ў лік заработнай платы. Выбіраем, хто якую хоча, бульбу і набываем для сябе. 

— Адпала неабходнасць вырошчваць яе на прысядзібных участках?

— Жывёлу ніякую не трымаем, а для харчавання не так і многа бульбы трэба. У мяне аднапакаёвая кватэра ў Коханава. Да гэтага года халасцякаваў, а вясною мяне пазнаёмілі з Юляй Ермаковіч. Яна працуе ў коханаўскім магазіне. Ад бацькоў перабраўся да яе. Разам дзесяцігадовага сына Юлі гадуем. Уладзік вучыцца ў трэцім класе. У нас сяброўскія адносіны. Летам браў яго з сабою на поле, але хлопчык не загарэўся тэхнікай. Можа, яшчэ  ўсё наперадзе. 

У вольны час наведваемся да маіх бацькоў. Мама да выхаду на пенсію працавала медсястрой у Талачынскай цэнтральнай раённай бальніцы. Бацька, калі калгас імя Энгельса далучылі да суседняй гаспадаркі, пакінуў трактар і падаўся ў сталічныя заробкі. Узводзіць у Мінску маналітныя дамы. Працаваў і на будаўніцтве “Мінск-Арэны”. Па выхадных прыязджае дамоў у вёску Маціёва. І мой старэйшы брат Дзіма з жонкай і трохгадовым Іллём з Мінска прыязджаюць. Амаль сотня падворкаў у вёсцы, і з іх палова пустуе. Закрылі базавую школу, калгасную кантору. Моладзі няма чым заняцца. З нашага класа толькі я і Сяргей Грушэцкі засталіся тут. Сяргей заняты ў завадскім садзе. Кожную раніцу на нарадзе бачымся. 

— Уладзімір Сяргеевіч, вы без перадыху пасля жніва пачалі ўборку другога хлеба. Дзе механізатару цяжэй працаваць?

— На хлебнай ніве напружана сочыш за кожным пройдзеным метрам, каб не здарылася паломка і страт не было. І на бульбяным палетку хапае клопату, але крыху лягчэй. Наша агранамічная служба так дакладна адпрацавала тэхналогію вырошчвання гэтай культуры, што прыродныя катаклізмы амаль не ўплываюць на вынік. Своечасова, калі глеба яшчэ трымае вясновую вільгаць, садзім клубні і ў тэрмін падкормліваем, некалькі разоў акучваем і апрацоўваем ад шкоднікаў. Таму і вынік адпаведны. Сёлетні верасень выдаўся сухім і спрыяльным для ўборкі. Побач працуюць экіпажы механізатараў Уладзіміра Радухі і Аляксандра Ільіна. Мой камбайн нямецкай вытворчасці больш сучасны, і на ім выпрацоўка вышэйшая. Стратаў няма. 

Закончым уборку бульбы і пачнём рыхтаваць глебу пад веснавую сяўбу. Зямлі ў гаспадарцы звыш сямі тысяч гектараў. Звычайна да зімовых маразоў мы спраўляемся з апрацоўкай палёў. У такі напружаны час выхадных не ведаем. Ужо трэці месяц працую штодзень. 

— І, пэўна, зарабляеце добра?

— За жніво атрымаў амаль дзве тысячы рублёў. І на ўборцы бульбы спадзяюся на добры заробак. Зімою пачнуцца рамонтныя работы, і заробкі ўпадуць. За кватэру трэба выплачваць пазыку банку. Дарагую кухню заказалі, і таксама патрэбныя грошы. Толькі на сябе спадзяёмся. Нам ніхто не дапамагае. Эканомім сямейны бюджэт. Сабраў грошы на падарунак Юлі. Перад яе днём нараджэння ездзілі ў Оршу, і яна выбрала прыгожыя залатыя завушніцы. Гэта мой першы сямейны прэзент.

— Міне восень, і хлебаробу самы час адпачываць. Дзе праводзіце водпуск?

— Люблю рыбалку. На сваім аўтамабілі адпраўляюся на Лукомльскія азёры, люблю рыбачыць на возеры Сялява. Віцебшчына багатая на рыбныя мясціны. Калі атрымліваецца, то і летам выязджаем з сябрамі з начоўкай. Варым юшку на вогнішчы, размовы вядзём. Не часта атрымліваецца збірацца. 

Люблю і лясныя вандроўкі. Талачыншчына багатая на густыя бары. Кашамі носяць людзі шчодрыя падарункі прыроды. На жаль, у грыбны перыяд заняты працай. А рыбачыць можна ў любы час года. Хапае клопатаў і ў кватэры. Планую да зімы паспець уцяпліць балкон, правесці касметычны рамонт.

— Старэйшы брат Дзмітрый знайшоў сябе ў сталіцы, а вы засталіся ў вёсцы. Не шкадуеце?

— Маё жыццё больш насычанае. За працу маю павагу, заахвочванні. Хіба не прыемна быць лепшым? Прымаў удзел у Рэспубліканскім свяце-кірмашы “Дажынкі” ў старажытнай Лідзе, дзе атрымаў дыплом пераможцы спаборніцтва на жніве і першы падарунак за працу — маразільную камеру. Яна вельмі дарэчы прыйшлася ў кватэры бацькоў. З памочнікам Мікалаем Лебедзем на гомельскім камбайне КЗС-10 намалацілі 1200 тон збожжа. Летась удзельнічаў у абласных “Дажынках”, што праходзілі ў нашым райцэнтры. Гэта — гонар! І сёлетняе старанне заўважана. Працаваў на жніве без памочніка і першы сярод маладзёжных калектываў Віцебскай вобласці перакрыў тысячатонны рубеж па намалотах. А ўсяго за мінулую ўборку на камбайне КЗС-12 намалаціў 1503 тоны збожжа. Прыемна, што прызнаны лепшым сярод маладзёжных экіпажаў на ўборцы збожжавых у Талачынскім раёне.

— Адсвяткуеце абласныя “Дажынкі” ў Сянно, вернецеся дамоў, дзе вас чакаюць новыя справы. З вясны да першых маразоў вы ў полі. Якую пару года больш любіце?

— Зіму, калі да вясны ўсё навокал заціхае, і мы, хлебаробы, маем магчымасць дазволіць сабе адпачынак. Сярод зімы я і нарадзіўся. У будучым студзені трыццаць гадоў споўніцца. Жыву чаканнем трыццаць першай вясны.

Уладзiмiр СУБАТ.

Талачынскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter