Займець карову і камп’ютар

У ГУСТЫХ туманах прытулілася на ўзбярэжжы рэчкі Сцвігі глыбінная палеская вёска Кароцічы. Мо ад таго яе так і назвалі, што вякамі вяскоўцы аўтаномна караталі свае дні, бо выбрацца адсюль у вялікі свет яшчэ зусім нядаўна было даволі складана. Балоты, векавая дрыгва ды хісткія кладкі, па якіх спрытна перабіраліся палешукі, калі ішлі па журавіны, чарніцы, грыбы ці іншую даніну палескай нізіны. Вякамі тут жылі людзі па сваім, мясцовым, укладзе. Старэйшыя дзяцей глядзелі, маладыя ў працы сябе не шанавалі. Трывалыя, вялікія сялянскія сем’і забяспечвалі сябе ўсім і дзяржаве былі добрай падтрымкай. Дужыя ваяры, руплівыя гаспадары, статныя нявесты і адмысловыя жаніхі спакон вякоў славілі гэты куточак. Слыннасць тутэйшых гаспадароў далёка разносілася. І цяпер яшчэ за вялікі гонар для навакольных вёсак Талмачава, Луткі, Аздамічы, Хільчыцы, Бярэжцы парадніцца з кароціцкай сям’ёй, бо, акрамя ўсяго, і павага, ды і нябеднае жыццё гарантаваны.

Столінскія вяскоўцы без лішняй мітусні, па падказцы сваіх шчырых сэрцаў бяруць і бяруць у свае сем’і дзетак з сацыяльных прытулкаў...

У ГУСТЫХ туманах прытулілася на ўзбярэжжы рэчкі Сцвігі глыбінная палеская вёска Кароцічы. Мо ад таго яе так і назвалі, што вякамі вяскоўцы аўтаномна караталі свае дні, бо выбрацца адсюль у вялікі свет яшчэ зусім нядаўна было даволі складана. Балоты, векавая дрыгва ды хісткія кладкі, па якіх спрытна перабіраліся палешукі, калі ішлі па журавіны, чарніцы, грыбы ці іншую даніну палескай нізіны. Вякамі тут жылі людзі па сваім, мясцовым, укладзе. Старэйшыя дзяцей глядзелі, маладыя ў працы сябе не шанавалі. Трывалыя, вялікія сялянскія сем’і забяспечвалі сябе ўсім і дзяржаве былі добрай падтрымкай. Дужыя ваяры, руплівыя гаспадары, статныя нявесты і адмысловыя жаніхі спакон вякоў славілі гэты куточак. Слыннасць тутэйшых гаспадароў далёка разносілася. І цяпер яшчэ за вялікі гонар для навакольных вёсак Талмачава, Луткі, Аздамічы, Хільчыцы, Бярэжцы парадніцца з кароціцкай сям’ёй, бо, акрамя ўсяго, і павага, ды і нябеднае жыццё гарантаваны.

АЛЕ хлебасольныя Кароцічы больш за ўсё славяцца людзьмі са шчырымі сэрцамі. Дабрыня, спагадлівасць тут выхоўваюцца ў кожнага з маленства. Ніколі тут не было пакінутых сірот, адзінокіх састарэлых, не было чужога болю. Заўжды знаходзіліся добрыя сэрцы, каб падтрымаць таго, каму цяжка, раздзяліць бяду-гора. Так вялося вякамі. А апошнім часам у Кароцічах з’явілася шмат прыёмных сем’яў.

Толькі летась амаль дваццаццю навучэнцамі з такіх сем’яў папоўнілася Кароціцкая сярэдняя школа. Прыгожа апранутыя, чысценькія і дагледжаныя, абагрэтыя сардэчным цяплом Ілонка, Наташка, Назар, Волечка, старэйшыя Дзіяна, Адам, Ксенія, Вера, Вольга — усіх адразу і не пералічыш, жывуць сваімі дзіцячымі клопатамі. Бывае, прамільгне ў іх вачанятах сум па родных, якіх прынята называць біялагічнымі бацькамі. Па розных прычынах гэтыя дзеці апынуліся ў сацыяльных прытулках. Але доўга там не затрымліваліся. Бо ёсць на свеце такія спагадлівыя, шчырыя людзі, як кароціцкая сям’я Вольгі Іванаўны і Аляксея Антонавіча Бірукоў. Сваіх траіх сыноў і дзвюх дачок выхавалі і яшчэ дваім дзяўчынкам падарылі сапраўднае дзяцінства. Прыёмную дачку Вікторыю нават ужо замуж аддалі за завіднага мясцовага жаніха. Трэці гадок ідзе іх першынцу. Звярталіся да кіраўніка гаспадаркі, каб падтрымаў маладую сям’ю, новы домік выдзеліў. Трактарыстам працуе Андрэй Савонаў — муж Вікторыі, ды і яна пасля дэкрэту не пакіне Кароцічы. На жаль, не пачулі іх просьбы. Не разгубіліся маладыя і самі новы мураваны дом узвялі. Сваю гаспадарку займелі. Цяпліцы накрылі, агародніну вырошчваюць. Сапраўднымі гаспадарамі сталі. Бацькі з абодвух бакоў іх падтрымліваюць. Як роднага ўнука песцяць маленькага прыёмныя бацькі Вікторыі, цешацца ім.

— Гаспадара выхоўваем, — не без гонару адзначае прёмны дзядуля Аляксей Антонавіч Бірукоў і пазірае на хлопчыка, які круціцца каля бацькавага трактара. — Любіць унучак тэхніку, няхай змалку прывыкае да гэтай справы.

— Вольга з Брэста тэлефанавала. Чакае не дачакаецца, каб хутчэй на канікулы дамоў прыехаць, — закончыўшы тэлефонную размову, распавядае Вікторыя Аляксею Антонавічу.

Вольга — таксама прыёмная дачка ў сям’і Бірукоў. Марыла пасля школы вывучаць замежныя мовы. Паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны педуніверсітэт. Пасля заканчэння вучобы плануе вярнуцца ў родную школу выкладаць замежную мову.

І прыёмныя бацькі, і настаўнікі Кароціцкай сярэдняй школы ўсю душу аддаюць выхаванцам. Педагогі з цеплынёй і зацікаўленасцю радуюцца адносінам у прыёмных сем’ях. У Кароцічах, Лутках, Талмачаве жывуць цяпер прыёмныя дзеці.

НА АДНОЙ з новых вуліц аддаленай вёскі Луткі кідаецца ў вочы ладны падворак сям’і Сакулаў. Яшчэ з вуліцы нельга не заўважыць культуру гэтых гаспадароў. З густам аздоблены прасторны дом, прыбраны агародчык, пераараны вялікі гарод, пярэсты ад першых вясновых красак кветнік. А ў доме — поўны камфорт. З замілаваннем наперабой расказваюць — не нахваляцца прыёмныя бацькі Сакулы сваімі дзяўчаткамі — адна прыгажэй за другую.

— Сваіх у нас няма, Дзіянка і Наташка роднымі сталі, — усцешана адзначае гаспадыня Галіна Сакула. — Дзіянку летась замуж у талмачаўскую сям’ю Кудласевічаў аддалі. Сваты нявесткай не нахваляцца. Прыемна чуць, што ўвішная ў працы, клапатлівая. Усе разам збіраем сродкі, каб дапамагчы з будоўляй дома для маладых. Ужо і ўнучка першая ў нас ёсць.

А з якой непасрэднасцю расказваюць пра сваіх прыёмных бацькоў пяцікласніцы Ангеліна Гарбар і Танюша Мазепа. Дзяўчынкам створаны ідэальныя ўмовы для жыцця і паспяховай вучобы. Яны адчуваюць сябе паўнапраўнымі членамі вясковай сям’і. Маюць даручэнні па гаспадарцы, жывуць агульнымі клопатамі з прыёмнымі бацькамі. У кожнага такога хлопчыка ці дзяўчынкі міжволі выхоўваюцца рысы гаспадарлівасці, чуласці і павагі да людзей.

Спрытна дзесяцігадовая Волечка палівала расаду агуркоў у цяпліцы. Тут жа каля іх круціліся і двое маленькіх сыноў прыёмнай сям’і Кудласевічаў з Кароцічаў. Паўгода назад па ініцыятыве гаспадара гэта сям’я папоўнілася сястрычкамі Саладухамі — Ганначкай і Вольгай. А два брацікі іх заставаліся яшчэ ў прытулку. Цяпер і яны жывуць у прыёмнай сям’і. Андрэйку і Дзімку Саладухаў прыняў у сваю сям’ю выхавацель Столінскага сацыяльнага прытулку Андрэй Рэпіха. Яго сыны ўжо дарослыя, маюць свае сем’і. Вось і вырашыў выхаваць яшчэ дваіх хлапчукоў. Спачатку яго прапанову жонка Мальвіна Васільеўна не падтрымала. Цяжкая і даволі адказная гэта справа. Але раптам ўбачыла слёзы на вачах мужа. Андрэй Аляксандравіч не мог уявіць, што хлапчукоў чакае дзіцячы дом. Цяпер у іх свой светлы пакой ва ўтульным доме Рэпіхаў. У хлапчукоў кожны дзень распісаны да драбніц. Вучоба, адпачынак і справы па гаспадарцы.

Андрэй Аляксандравіч прыдбаў такарны і дрэваапрацоўчы станкі, вучыць працаваць на іх старэйшага Андрэйку. А меншы Дзімка мае сваю справу — даглядае дзясятак курэй. У вольны час хлапчукі разам з Андрэем Аляксандравічам вандруюць на веласіпедах па наваколлі, бываюць і на хутары, дзе ён нарадзіўся і вырас, з якім звязаны боль і трывога. Некалі зімой ён дабіраўся ў школу і трапіў на чыгунцы ў аварыю. Урачы доўга змагаліся за жыццё трынаццацігадовага хутараніна, выхадзілі, але правую руку не ўдалося выратаваць. Спрыту і гаспадарлівасці Андрэя Аляксандравіча сёння можна толькі пазайздросціць. Любую сялянскую работу выконвае спрытна і хлапчукоў гэтаму вучыць. Запаветная мара — пабудаваць дом на бацькоўскім хутары і захапіць гэтай справай маленькіх выхаванцаў. З прыходам вясны на хутарскіх дрэвах развесілі шпакоўні, пасадзілі бульбу, гародніну.

Плануюць у хуткім часе займець карову. Бо надта любяць хлапчукі малако. А яшчэ іх любімая страва — дранікі, што з ранку пячэ Мальвіна Васільеўна.

І яшчэ маленькія выхаванцы Андрэя Аляксандравіча маюць самую запаветную мару — камп’ютар! Вось толькі пакуль не атрымліваецца. Хочацца спадзявацца, што здзейсняцца іх жаданні — будзе і камп’ютар.

ПАДУМАЛАСЯ, адкуль такая міласэрнасць, чысціня душы ў гэтых шчырых людзей. Бо не аднойчы даводзілася чуць ад высокаадукаваных рацыянальных людзей, што вяскоўцы бяруць у сем’і дзяцей з-за грошай. Дзяржава кожнай такой сям’і дапамагае фінансава.

Многія з нас па-рознаму ставяцца да гэтых шчырых людзей, што ні з чым не палічыліся і без лішняй мітусні зрабілі такі высокародны ўчынак — узялі на выхаванне чужых дзетак.

— У Століне пабудаваны ўжо і два дамы сямейнага тыпу. Прасторныя светлыя будынкі з усімі зручнасцямі. Першы ўжо заселены, хутка і другі займее сваіх гаспадароў, — адзначае інспектар аддзела адукацыі Столінскага райвыканкама Святлана Ярмоліч, чалавек далёка не раўнадушны да чужога болю. — З вялікай адказнасцю падбіраем сям’ю і дзетак для дома сямейнага тыпу.

Такія дамы пабудаваны для прыёму выхаванцаў рознага ўзросту з сацыяльнага прытулку, што адкрыты ў Столінскім раёне некалькі гадоў таму. Цёпла, утульна, чыста і сытна там дзецям. Але не стае галоўнага — сямейнага цяпла. Амаль дваццаць такіх чыстых душ чакаюць свайго часу. Столькі добрага і светлага ў кожных хлопчыку і дзяўчынцы з сацыяльнага прытулку, якіх прымуць і выхаваюць людзі са шчырымі сэрцамі.

Уладзімір СУБАТ, «БН»

Столінскі раён

Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter