Завяшчанне графа Гутэн-Чапскага

На прэзентацыі зборніка матэрыялаў навуковай канферэнцыі, прысвечанай вядомаму калекцыянеру, гаворка ішла і пра лёс сабраных ім скарбаў, якія аказаліся ў Кракаве і МасквеУ сакавіку 2009 года Нацыянальны гістарычны музей Беларусі разам з народным гісторыка-краязнаўчым аб’яднаннем “Прылуцкая спадчына” Прылуцкага цэнтра народнай творчасці Мінскага раёна і Польскім Інстытутам у Мінску ладзілі навуковую канферэнцыю, прысвечаную 180-м угодкам уладальніка Станькава і Прылукаў пад Мінскам Эмерыка фон Гутэн-Чапскага герба “Ляліва”.
На рэпрадукцыі з малюнка Напалеона Орды бачна, як раней выглядаў “скарбчык” у СтанькавеНа прэзентацыі зборніка матэрыялаў навуковай канферэнцыі, прысвечанай вядомаму калекцыянеру, гаворка ішла і пра лёс сабраных ім скарбаў, якія аказаліся ў Кракаве і Маскве
У сакавіку 2009 года Нацыянальны гістарычны музей Беларусі разам з народным гісторыка-краязнаўчым аб’яднаннем “Прылуцкая спадчына” Прылуцкага цэнтра народнай творчасці Мінскага раёна і Польскім Інстытутам у Мінску ладзілі навуковую канферэнцыю, прысвечаную 180-м угодкам уладальніка Станькава і Прылукаў пад Мінскам Эмерыка фон Гутэн-Чапскага герба “Ляліва”. Важны момант: праводзілася яна са спазненнем — вядомы калекцыянер нарадзіўся 5 (17) лістапада 1828 года. Магчыма, пасля артыкула А. Мальдзіса “Вывезена за Буг”, змешчанага ў газеце “СБ. Беларусь сегодня” 6 і 7 чэрвеня 2008 года, кракаўскім музейным работнікам трэба было апраўдацца: чаму не выканана апошняя воля збіральніка, які асноўныя станькаўскія зборы ў 1895 годзе перавёз за граніцу Расійскай імперыі, у Кракаў? Вывозіў, заўважым, амаль адкрыта, як сваю ўласнасць. Тады Кракаў быў на тэрыторыі Аўстра-Венгрыі, а Эмерык на той горад глядзеў як на “гістарычную сталіцу” не толькі Польшчы, але і Беларусі, Літвы, Украіны. Бо туды яшчэ ў 1392 годзе прыбыла, стаўшы ў Наваградку каралевай, жонка Ягайлы Софія Гальшанская, пачынальніца гістарычнай “дынастыі Ягелонаў”. У Кракаве вучыўся ва ўніверсітэце Францішак Скарына, друкаваў свае фальклорныя працы Адам Гурыновіч, а Францішак Багушэвіч з дапамогай сяброў выдаў “Дудку беларускую” і “Тралялёначку”, адны з першых кніг новай беларускай літаратуры. У Кракаў вывозіў свае музейныя экспанаты Аляксандр Ельскі, сябар Чапскіх з амаль суседняга Замосця. Тое, што было забаронена пры царскай уладзе ў Вільні ці Мінску, свабодна рабілася ў Кракаве.
Але вернемся да апошняй волі графа. У завяшчанні, аформленым сынам Эмерыка Ежым (Юрыем) Чапскім пасля раптоўнай смерці бацькі ў Кракаве летам 1896 года, гаварылася, што скарбы перадаюцца гораду Ягелонаў з адной прынцыповай умовай: зборы будуць захоўвацца ў набытым Чапскімі асобным будынку, і гэта будзе самастойная і адкрытая для публікі музейная ўстанова. На момант напісання артыкула ў “СБ” перавезеныя зборы ў Кракаве (а гэта 36 тысяч скрынак у шасці вагонах!) аказаліся незапатрабаванымі і недаступнымі (адзін з аўтараў гэтага артыкула тройчы дарэмна спрабаваў іх пабачыць), і таму ў “СБ” пытанне было пастаўлена рубам: “Ці не лепш вярнуць калекцыю Чапскіх у Станькава? На шчасце, і будынак “скарбчыка” там захаваўся”…
Такі варыянт вырашэння праблемы яўна не спадабаўся польскім музейшчыкам. Кракаўскія спецыялісты Яраслаў Бодзак і Матэуш Возьняк на названай канферэнцыі заверылі прысутных, што тэрмінова была распрацавана праграма аднаўлення музея Чапскіх у 2009—2013 гадах, надання яму статуса еўрапейскай (!) установы. Асобны павільён будзе прысвечаны роду Чапскіх. Такім чынам, воля ахвярадаўцаў, верыцца, будзе нарэшце годна выканана.
Перад Новым годам у актавай зале Мінскай абласной бібліятэкі імя
А. С. Пушкіна “Прылуцкая спадчына” прэзентавала зборнік матэрыялаў канферэнцыі “Vitam patriae, honorem nemini” (“Жыццё айчыне, гонар нікому”), названы любімым лацінскім выслоўем Эмерыка Гутэн-Чапскага. Падрыхтавалі вечарыну сябры аб’яднання Інэса Кароль, Ігар Гатальскі, Анатоль Валахановіч. Пачалася ж імпрэза выступленнем ансамбля “Пастараль” Дзяржынскай школы мастацтваў. Старадаўняя музыка настроіла ўсіх на гістарычную хвалю, а дакументальны фільм аб Прылуках, графскім палацы дазволіў пабачыць прыгажосць мінскага прыгарада і пазнаёміў прысутных з родам Гутэн-Чапскіх.
Выступоўцы расказалі пра малавядомыя факты з жыцця і збіральніцкай дзейнасці самага знакамітага прадстаўніка роду, Эмерыка. Калекцыяна-ваць манеты ён пачаў яшчэ вучнем Віленскай гімназіі і потым прадоўжыў у Харкаўскім універсітэце, куды ў 1812 годзе былі вывезены радзівілаўскія зборы з Нясвіжа. За свае каталогі манет быў узнагароджаны вялікім сярэбраным медалём Рускага Археалагічнага таварыства. Служыў губернатарам у Ноўгарадзе Вялікім і віцэ-губернатарам у Пецярбургу. Потым стаў дырэктарам ляснога дэпартамента ў міністэрстве дзяржмаёмасці, дзе наклікаў на сябе імператарскі гнеў, выкрыўшы шэраг злоўжыванняў. Граф дэманстратыўна пайшоў у адстаўку і канчаткова пасяліўся ў Станькаве (цяпер Дзяржынскі раён). У “скарбчыку” і палацы там былі сабраны калекцыі выключна рэдкіх манет, звыш 20 тысяч кніг, рукапісы, гравюры, геалагічныя і археалагічныя знаходкі.
Уязная брама ў Станькаўскую сядзібуЯк ужо гаварылася вышэй, большая частка збораў калекцыянера ў канцы ХІХ стагоддзя была перавезена ў Кракаў, але нямала каштоўнага — калекцыя рускіх манет, мастацкія палотны, кнігі, друкаваныя кірыліцай, — засталіся ў Станькаве і Прылуках, дзе гаспадарылі сыны Эмерыка: Кароль (Карл) і Ежы (Юрый). У сувязі з магчымым наступленнем немцаў у 1916 годзе станькаўскія каштоўнасці былі часова эвакуіраваны ў Маскву і, як падкрэслівалася на вечарыне, па гэты час не вернуты ў Беларусь. Дакладней, ніхто іх сур’ёзна і не браўся там шукаць...
На вечарыне было сказана нямала цёплых слоў і пра Караля Гутэн-Чапскага, які ў 1890 годзе стаў галавой Мінскай рады. Дзякуючы яму ў горадзе з’явіліся конка, электрасвятло, тэлефонная сувязь, адчыняліся новыя шпіталі і прытулкі для бедных. Галоўны дызайнер дызайн-студыі “Энергаспадчына” Міхаіл Сугака прыгадаў, што збудаваная пры Свіслачы па рашэнні і часткова на сродкі ўладальніка Станькава мінская гідраэлектрастанцыя — першая ў Беларусі і таму вартая захавання, а памяць пра ініцыятыўнага “мэра” сталіцы — увекавечання назвай вуліцы і мемарыяльнай дошкай.
Доктар біялагічных навук прафесар Анатоль Федарук расказаў пра стылявыя і кампазіцыйныя асаблівасці сядзіб роду Чапскіх. Палацава-паркавыя ансамблі ў Станькаве і Прылуках гарманічна спалучылі ў сабе прыгажосць прыроды і тварэнняў рук чалавечых. У парках расло нямала экзатычных раслін. Цяпер сядзіба ў Станькаве, найперш сямейная царква, аднаўляецца, а “скарбчык” ужо адрэстаўраваны. Карыстаецца папулярнасцю турыстычны маршрут, які пачынаецца ў Мінску, ідзе праз Прылукі ў Станькава.

Людміла Малей, Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter