Завуць званы Сафii

На ХII мiжнародны фестываль арганнай музыкi “Званы Сафii” з’язджаюцца музыканты з розных краiн свету.

-- На гэты раз Сафiйскi сабор у Полацку збiрае вельмi прадстаўнiчае кола музыкантаў з Данii, Польшчы, Нiдэрландаў, Расii, Аўстрыi, -- адзначыла ў размове з карэспандэнтам “НГ” загадчыца канцэртнага аддзела Сафiйскага сабора Лiлiя Емельянава. -- Адкрые фестываль 11 лiстапада канцэрт дацкага арганiста Ганса Хрысцiяна Хейна, на якiм прагучыць музыка Дзiтрыха Букстэхудэ. Юбiлейныя ўрачыстасцi ў гонар 370-годдзя гэтага кампазiтара, якi лiчыцца настаўнiкам I.Баха, праходзяць па ўсiм свеце, яму прысвечаны i наш фестываль.
Дарэчы, усе фестывальныя канцэрты запланаваны на выхадныя днi з улiкам таго, каб аматары арганнай музыкi з iншых гарадоў маглi прыехаць у гасцiнны Полацк. Толькi ў сераду, 14 лiстапада, адбудзецца унiкальны канцэрт салiсткi Сафiйскага сабора Ксенii Пагарэлай i Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кiраўнiцтвам Пятра Вандзялоўскага.
З iмем лаўрэата мiжнароднага конкурсу Ксенiяй Пагарэлай у Полацку звязваюць i сусветнае прызнанне фестывалю арганнай музыкi, якi з кожным годам пашырае свае межы. Добрыя стасункi арганiзатары фестывалю маюць з Польскiм iнстытутам у Мiнску, якi штогод дапамагае зрабiць праграму фестывалю найбольш адметнай. На гэты раз у Полацк прыедуць два польскiя арганiсты Альжбета Каролак i Дарыус Гайдукевiч.
Завершыцца фестываль 15 снежня канцэртам аўстрыйскага прафесара Ёгана Трумера.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter