Спецыялісты завода інсцэніравалі аварыю новай тэхнікі і ацанілі магчымыя пашкоджанні аўтобуса, калі ён упадзе набок.
Каб бус зваліўся пад пэўным вуглом, выпрабавальнікі выкарыстоўвалі пад`ёмны кран. У мадэляванні сітуацыі прадугледжвалася і тое, што ў ім знаходзяцца пасажыры.

Так выглядаў новы школьны аўтобус падчас краш-тэста.
Фото ОАО «МАЗ»
Фото ОАО «МАЗ»
— Ёсць пэўныя міжнародныя стандарты, па якіх неабходна праводзіць краш-тэсты. Іх выконваюць усе вытворцы, перш чым пусціць на серыйную вытворчасць сваю тэхніку, — расказалі на прадпрыемстве.
Пры падзенні шкло і фары разбіліся, з`явілася невялікая трэшчына на перагародцы вадзіцеля, часткова пацярпеў дах. Але, як запэўніваюць спецыялісты, калі выконваюцца правілы перавозкі пасажыраў, то пры такой аварыі ў аўтобусе ніхто з людзей не атрымаў бы сур`ёзных траўмаў. Гэта значыць, што новаму школьнаму аўтобусу можна давяраць: ён адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі як у Беларусі, так і ў іншых краінах свету.
Дарэчы, галоўныя адрозненні гэтай мадэлі ад яе папярэдніцы МАЗ 241 — гэта выкарыстанне рамнай канструкцыі, якая дазваляе палепшыць праходнасць на дарозе, таксама пашыраны салон, дзякуючы чаму можна перавозіць большую колькасць маленькіх пасажыраў — усяго 28. У гэтай мадэлі сучасны рухавік экалагічнага класа «Еўра-5», ёсць і сістэма абмежавання хуткасці — больш за 60 км/г аўтобус не зможа разагнацца. У «школьніка» таксама ёсць спецыяльныя багажныя паліцы для рукзакоў, мультымедыйная сістэма, знешняя гучная сувязь, а яшчэ высоўная прыступка для малых.
— Хутка гэты аўтобус стане на серыйную вытворчасць. МАЗ 241 і МАЗ 257 — дзве мадэлі ў праграме «Школьны аўтобус», якая рэалізуецца Мінскім аўтазаводам сумесна з Банкам развіцця, — удакладнілі на прадпрыемстве. — У нашых планах выпусціць каля 300 такіх аўтобусаў для сельскай мясцовасці — колькасныя суадносіны мадэляў пакуль невядомыя. Акрамя гэтага, будзем пастаўляць іх і на рынкі краін ЕАЭС.
alinakasel@gmail.com