Затрыманыя iмгненнi кахання

Выхад у свет зборніка Алеся Гiбка-Гiбкоўскага “Насамрэч” — падзея знакавая. У беларускую літаратуру прыйшоў паэт, якога чакалі заўсёды. І чакалі настолькі доўга, што цяжка паверыць у яго наяўнасць.

Здзіўляе нязвыклая кампазіцыя кніжкі “Насамрэч”. У ёй пяць частак, і першая (“Неразгаданая краіна”) займае больш  за палову старонак. Гэтая частка зборніка прысвечана інтымнай лірыцы, паўнавартаснай, заўважу, інтымнай лірыцы — эксклюзіўнай рэчы для любой літаратуры. І для нашай таксама.
Вершаў пра каханне ў беларускай літаратуры шмат. Але гэта яшчэ не інтымная лірыка ў асабістым сэнсе слова. Бо інтымная лірыка пачынаецца з усведамлення яе першаснасці ў лірыцы наогул і сцвярджае гэтую першаснасць. Надзвычайная каштоўнасць інтымнай лірыкі вызначаецца тым, што каханне — магістральная частка сэнсу чалавечага жыцця. А чым бліжэй з’ява да сэнсу жыцця, тым яна складаней і тым адпаведна складаней яе зафіксаваць у культуры. Падманлівая лёгкасць, з якой пішуцца многія творы пра каханне і якая стварае ілюзію завершанасці гэтай тэмы, абумоўлена няздольнасцю да ўспрымання сэнсажыццёвай сутнасці “пачуцця нумар адзін” і таму — яго нюансаў.
Гібок-Гібкоўскі зыходзіць з таго, што менавіта каханне робіць кожнага з нас чалавекам. Аўтар пераконвае: без кахання мы абесчалавечаныя і бяздушныя. Гэтая думка ўпісваецца ў кантэкст космасу і вечнасці, які для творчасці Гібка-Гібкоўскага з’яўляецца лейтматыўным і сведчыць аб прадчуванні паэта універсальнасці кахання не толькі як тыпу адносін, але і як вяршыні рэчаіснасці.
Лірычны герой паэта перажывае страту кахання як распад уласнай суцэльнасці: чалавек ёсць і разам з тым яго няма (існаванне на памежжы быцця і небыцця), бо няма кахання. Руку на сэрца і скажыце: ці сустракалі вы такую глыбіню ў кагосьці з беларускіх аўтараў? Адна рэч — проста перажываць, таму што без кахання кепска, і зусім іншая — разабрацца, чаму менавіта без яго немагчыма жыць. Гібок-Гібкоўскі тлумачыць таямніцы “неразгаданай краіны”, і ў яго многае атрымліваецца, бо ён адстойвае прыярытэт кахання ў чалавечым жыцці.
У творчасці Гібка-Гібкоўскага важкім з’яўляецца нацыянальны кампанент. Алесь — беларускі паэт, які ўмее быць патрыётам, таму што ведае: навучыцца любіць радзіму можна толькі тады, калі навучыўся кахаць жанчыну.
Аб неразрыўнасці інтымна-лірычнага і нацыянальнага ў паэзіі  Гібка-Гібкоўскага яскрава сведчыць верш “Развітанне па-беларуску”, які заслугоўвае лічыцца хрэстаматыйным. Наяўнасць ў ім пушкінскай рэмінісцэнцыі (“Дай Бог, каб хто цябе, як я, // яшчэ хоць раз кахаў!..”) уяўляецца слушнай і нават неабходнай: беларуская душа няпоўная без Пушкіна.
Вяршэнства кахання ў светапоглядзе Гiбка-Гiбкоўскага аплочана яго жыццёвым выбарам, які надзяліў паэта унікальным вопытам стасункаў і перажыванняў, — тым, без чаго інтымная лірыка нават не пачынаецца. Прызнаўшы прыярытэт асабістага жыцця, Алесь не ўцякае ад соцыуму і адначасова свядома пазбягае яго ўчэпістых спакусаў, афіцыйных і андэрграундных. Гэтая светапоглядная і экзістэнцыйная пазіцыя ўвасобілася ў творчасці і прынесла надзвычайны плён.
Тое, што большасці ўяўляецца суцэльным і незразумелым, у Гiбка-Гiбкоўскага разбіваецца на фрагменты, дэталюецца, звязваецца з універсальным кантэкстам, і ў выніку вобраз кахання паўстае ў сваёй крыштальнай празрыстасці.
Інтымная лірыка Алеся  — унікальны культурны прадукт і сапраўды элітарная паэзія. Калі творца здольны выявіць тое, што выяўляе ў сваёй кніжцы Гібок-Гібкоўскі, значыцца, у яго асобасным арсенале ёсць і большае, пакуль не ўвасобленае ў словах. І ў гэтым бачыцца перспектыва для беларускай інтымнай лірыкі.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter