Бiёлагi распрацоўваюць новыя клетачныя тэхналогii для лячэння раку

Затрымаем хваробу ў клетцы

Новыя метады клетачнай тэрапіі распрацоўваюць у Рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу. У гэтым годзе плануюць перайсці да клінічных выпрабаванняў. Чакаецца, што ўнікальныя распрацоўкі дазволяць падоўжыць жыццё анкалагічных пацыентаў і палепшыць яго якасць. Карэспандэнты «Р» паглядзелі, як біёлагі «варожаць» над атамамі жыцця.


Лічыцца, штодзень у чалавека ўтвараюцца трансфармаваныя клеткі, якія, тэарэтычна, могуць прывесці да раку. Але моцны імунітэт штосекундна «душыць» іх. Ва ўсіх анкалагічных пацыентаў моцна пакутуе імунная сістэма. Дэндрытныя клеткі, якія адказваюць за супраціўленне пухлінам, перастаюць функцыянаваць. Ахоўныя сілы арганізма настолькі слабыя, што нават не распазнаюць злаякасныя клеткі: не бачаць пагрозу і не пярэчаць ёй. Так ствараюцца ўмовы для бесперашкоднага распаўсюджвання пухліны. 

Персаналізаваная медыцына — адзін з найноўшых падыходаў, які ўкараняюць у краіне. Дэндрытна-клетачныя вакцыны даюць яшчэ адну надзею ў барацьбе з ракам. Але ў чым сутнасць гэтай тэхналогіі? 

Біёлагі аддзялення клетачных тэхналогій Рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу вяртаюць нефункцыянальным клеткам жыццё. Пакуль у прабірцы. Плануецца, што ў гэтым годзе пачнуцца клінічныя выпрабаванні такой вакцыны.

Загадчыца аддзялення клетачных тэхналогій Таццяна Дарашэнка паказвае культуру, у якой адбываюцца ператварэнні з клеткамі: 

— Мы забіраем у пацыента манацыты крыві. Пажадана — пасля аперацыі, калі аб'ём анкаклетак мінімальны. У прабірцы культывуем дэндрытныя клеткі, якія ствараюць у арганізме натуральны проціпухлінны імунітэт. Іх задача — распазнаць пухліну і прадставіць яе клеткам-кілерам, якія ідуць у атаку на рак. Таму, каб барацьба пачалася, павінны адначасова сустрэцца клеткі дэндрытныя, кілеры і пухлінныя. 

Дэндрытная вакцына ўводзіцца курсамі. Паступова гэтыя клеткі засяляюць печань, ныркі, усе лімфавузлы. Цяпер дэндрытныя клеткі будуць проста жыць у арганізме і сачыць. Калі ўбачаць пухлінную клетку, тут жа накіруюць на яе клеткі-кілеры. Пажадана, каб пацыенты атрымлівалі такую тэрапію пажыццёва. Пакуль вакцына ў эксперыменце. Таццяна Дарашэнка кажа, што для шырокага прымянення неабходна яшчэ гадоў пяць:

— Такі падыход ужылі ў дзіцячай анкалогіі, а таксама для лячэння пацыентак з ракам малочнай залозы. Мы падалі навуковы праект. Важна яшчэ многае зрабіць эксперыментальна. Перад тым як увесці вакцыну пацыенту, трэба дэндрытныя клеткі ахарактарызаваць, палічыць іх колькасць, вызначыць жыццяздольнасць, стварыць пашпарт. Добра, калі вакцыну ўводзяць сумесна з хіміятэрапіяй. Прэпараты губяць клеткі, якія дзеляцца. Пры гэтым пакутуюць практычна ўсе клеткі крыві, нейтрафілы, якія адказваюць за супрацьбактэрыяльны эфект, а вось дэндрытныя — не. 
Клетачныя пераўтварэнні ў ламінарнай шафе

У Рэспубліканскім цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава сёння выкарыстоўваюць ЛАК-тэрапію. Спецыялісты Рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу рыхтуюць ЛАК-клеткі. Гэта адны з клетак-кілераў. 

Мы ля ламінарнай шафы, дзе біёлаг Эла Макарэвіч працуе з культурамі. У лабараторыі забраныя клеткі адмываюцца, змешваюцца з кампанентамі, якія таксама адказваюць за актывацыю проціпухліннага імунітэту. Некалькі дзён яны ўзаемадзейнічаюць, а потым уводзяцца ў ходзе гіпертэрміі — працэдуры, калі на спецыяльнай устаноўцы цела пацыента награваецца да максімальна высокіх тэмператур. Паралельна яму ўводзяць і тэрмаўстойлівыя хіміяпрэпараты. З дапамогай гэтага метаду пралечана ўжо больш за дзесяць пацыентаў. Такі комплексны падыход дае вельмі добры вынік. Патрабуецца адзін-два сеансы з вакцынай. Прымяняецца пры меланоме, саркоме мяккіх тканак. 

НК-клеткі яшчэ адно ноу-хау. Натуральныя клеткі-кілеры дзейнічаюць як ЛАК-клеткі, але лічацца больш эфектыўнымі. Разам з іншымі клеткамі забяспечваюць проціпухлінны імунітэт. 

— НК-тэрапію выкарыстоўваюць для лячэння лейкозу ў дзяцей, — тлумачыць загадчыца лабараторыі. — Плануецца прымяняць у нас у цэнтры ў наступным годзе. Пакуль асвойваем методыку ў лабараторных умовах. Клеткі дзеляцца ў прабірцы. 

drug-olya@yandex.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter