Заступнiца Айчыны

Ікона Жыровіцкай Божай Маці на працягу больш як паўтысячагоддзя дапамагае людзям і ў горы, і ў радасці...Калі я ўпершыню пабачыў маленькі каменны абразок у атачэнні карункавых шатаў ківота, то не адразу даў веры, што вось яна — “тая самая” ікона, пра якую так многа ў народзе існуе паданняў. Але сваёю непрыкметнасцю абраз Божай Маці Жыровіцкай падкрэслівае: не ўсё тое золата, што блішчыць, не тое праўда, што кідаецца ў вочы. Ісціна можа быць на першы погляд і непрыкметнай.

Цуд з’яўлення іконы людзям здарыўся ў 1470 годзе — так сцвярджае легенда. Жыровіцкія пастухі заўважылі незвычайнае ззянне між галінамі дзічкі, усыпанай цветам. Падышоўшы бліжэй, яны знайшлі каменны абразок, якому пакланяюцца сёння мільёны людзей — і не толькі беларусаў, і не толькі праваслаўных.
У XVII—XVIII стагоддзях манастыр, заснаваны як праваслаўны на месцы з’яўлення іконы, належаў грэка-каталікам. Да абраза Жыровіцкай Божай Маці арганізоўвалі пілігрымкі вернікі як усходняга, так і заходняга абраду хрысціянства, шанавалі святыню нават папы рымскія: у 1730 годзе пантыфік даслаў з Рыма дзве залатыя кароны, якімі былі ўвянчаны постаці немаўляці Ісуса і яго святой Маці.
Сёння ікона аб’ядноўвае ўсіх хрысціян краіны, так, як злучае нас абраз віленскай Маці Божай Астрабрамскай, шануемы і каталікамі, і праваслаўнымі.
Вядома безліч фактаў вылечвання людзей ад хвароб і нават уваскрэсення, што здарыліся дзякуючы малітвам людзей да нябеснай апякункі Беларусі. Заўтра, 20 мая, у дзень, калі шануецца ікона, прыйдзіце і вы ў Свята-Успенскі сабор Жыровіцкага манастыра, пакланіцеся абразу Багародзіцы з немаўляткам Хрыстом. Магчыма, вам адкрыецца ісціна...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter