Заставацца на полымі любві

Беларуская пiсьменнiца Лідзія Арабей адзначае свой юбiлей

У літаратуру Лідзія Арабей прыйшла праз даследніцкую, літаратуразнаўчую працу

Калi ў 1951 годзе скончыла фiлалагiчны факультэт БДУ, то адразу падала заяву на залiчэнне ў аспiрантуру пры Акадэмii навук БССР. Паўстала пытанне аб тэме кандыдацкай дысертацыi. I тут жа аспiрантка без ваганняў выбрала – “Жыццё i творчасць Цёткi”.

— Пра яе ў тыя гады было мала вядома, — прыгадвае Лiдзiя Львоўна. – Толькi некалькi вершаў у зборнiчку ды блытаныя звесткi з бiяграфii. Але i з тых вершаў, з бiяграфiчных дадзеных узнiкаў яркi вобраз самаахвярнай, самаадданай дачкi беларускага народа, вобраз мужнай жанчыны, якая стаяла ля вытокаў беларускага адраджэння.

Якраз гэтым постаць Алаiзы Пашкевiч (Цёткi) i захапiла прэтэндэнтку на дыплом кандыдата навук. I потым, калi Лiдзiя Арабей абаранiла дысертацыю, яна не супакоiлася ў творчых пошуках. Вобраз Цёткi iдзе поруч з ёю да сённяшняга дня. Вынiкам даследавання з’явiлася кнiга “Стану песняй”, а нядаўна (у 2006 годзе) наноў адрэдагаваная i дапоўненая – “На полымi любвi”.

Да свайго шаноўнага юбiлею – 85-годдзя, якi сёлета i часта раней супадаў з Днём моладзi, тым самым нiбы клiчучы ў маладосць, Лiдзiя Львоўна прыйшла з багатым лiтаратурным багажом i з добрым прыдаткам апошняга часу. Крыху раней (2005 год) выдала кнiгу-роздум “Пошукi iсцiны”, дзе праз кароткiя абразкi дасылае чытачу свае назiраннi, успамiны, параўнаннi i абагульненнi. Пазалетась сябры i лiтаратурная грамадскасць мелi асалоду пазнаёмiцца з яшчэ адной працай майстра – зборнiкам апавяданняў, успамiнаў “Белае поле”, у якiм Лiдзiя Львоўна зноў жа дэманструе свой пункт гледжання на многiя жыццёвыя калiзii, чалавечыя адносiны ў самых складаных i незвычайных сiтуацыях.

Увогуле, мудры погляд пiсьменнiцы, яе нестандартная ацэнка ўбачанага, гэткая “расхрыстаная” фiласофiя быцця характэрна i для ранейшых яе твораў i кнiг: зборнiкаў аповесцей i апавяданняў “Мера часу”, “Экзамен”, “На другой зiме вайны”, “Мне трэба ехаць”, “Паласа дажджу”, раманаў “Iскры на папялiшчах”, “Сузор’е Вялiкай Мядзведзiцы” i iншых.

Родам Лiдзiя Львоўна са знакамiтай вёскi Нiзок, што на Уздзеншчыне, з таго лiтаратурнага “гнязда”, адкуль пачыналi “ставiць крыло” сваёй творчасцi паэт Паўлюк Трус, байкапiсец, празаiк i драматург Кандрат Крапiва. Не выключана, што iх прыклад стаў нейкiм стымулам i для пiсьменнiцы Арабей.

Але для жанчыны, праз маладосць якой прайшла вайна, а затым пэўны час суправаджала пасляваенная нiшчымнiца, такiя абставiны не маглi не пакiнуць свой адбiтак. След, запамiнальны назаўсёды. Як гаворыць сама юбiлярка, жыццё было нялёгкае i ўсё, што адбывалася ў iм, пазней было карысным для яе лiтаратуры.

Зрэшты, мяркуем мы, лiтаратурная праца дапамагае пiсьменнiцы заставацца на полымi любвi — да ўсяго свайго, роднага, беларускага.

З юбiлеем, Лiдзiя Львоўна!                              

На здымку: Лiдзiя Арабей на рэспублiканскiм фестывалi гумару ў вёсцы Нiзок.

Фота: Мiкалай КАРОЛЬ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter