Рэдакцыя атрымала ліст ад Сафіі Пасынкавай з Данецка

Засталося трое

Рэдакцыя атрымала ліст ад Сафіі Пасынкавай з Данецка

З некаторага часу пачалі вяртацца назад газеты, што дасылала рэдакцыя ў Данецк, на імя кіраўніцы суполкі “Нёман” Сафіі Пасынкавай. Праз людзей, якія ў сяброўстве з зямлячкай, мы звязаліся з ёй, папыталі: дзе яна цяпер, што з суполкай, ці дасылаць газеты? “Я зноў у Данецку, – напісала ў рэдакцыю Сафія Віктараўна. – З пачаткам баявых дзеянняў з’язджала, але месяца праз паўтара прыйшлося вярнуцца: тут хоць жыллё сваё і інш. З’ехалі тыя, хто можа нармальна асталявацца на новым месцы, або тыя, у каго ўжо зусім нічога не засталося. А нас Бог пакуль мілаваў, снарады і міны не даляталі… З нашага ансамбля ў Данецку засталося толькі трое. Офіс разбіты. Няма ні бібліятэкі, ні касцюмаў, ні мэблі – НІЧОГА. Сайт таксама хтосьці ўзламаў. З усімі, хто ў Данецку, падтрымліваем сувязь. Часам сустракаемся. Ходзім у філармонію, драмтэатр: там часам прападае святло, і ўсе цярпліва чакаюць працягу дзеі. Газету пасылаць не трэба: з намі няма паштовай сувязі”.

Што тут сказаць у адказ... Трымайцеся мужна, паважаныя супляменнікі з Данбаса, і хай дапамагае вам Неба перажыць цяжкую пару. Будзем чакаць ад вас добрых навін і аднаўлення паштовай сувязі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter