Друг Кондрата Крапивы Степан Лавшук – о знаменитой газете-плакате «Раздавим фашистскую гадину!»: писатели понимали, что их оружие – слово

Засталіся толькі каскі ад арыйскіх чарапкоў

…Гебельс круціць шарманку,
Значыць — у Гітлера туз;
Крыкнуў ён хрыпла: «Па банку!
Іду… на Савецкі Саюз».
Мы адказалі: «Біта! Пад Растовам і пад Масквой…»
Цяпер мы прымусім бандыта
Расплаціцца сваёй галавой.

Ведаеце, чые гэта словы? Так, вялікага беларускага паэта і пісьменніка Кандрата Кандратавіча Крапівы. Яго сатыра, словы жорсткія, балючыя і крыўдныя для праціўніка і ў той жа час такія, што давалі энергію абаронцам нашай Бацькаўшчыны. Яны лёгка счытваюцца, указваючы на прыналежнасць менавіта гэтаму аўтару, які вакол сябе сабраў такіх жа таленавітых, вострых на пяро пісьменнікаў і паэтаў свайго часу. Усе яны працавалі над газетай-плакатам «Раздавім фашысцкую гадзіну!». Пагартаем яе старонкі?

Светлая містыка

Кандрат КРАПІВА.
Каб даведацца пра тое, як Кандрат Крапіва і другія выдатнейшыя сыны краіны працавалі над газетай-плакатам, якая натхняла нашых салдат і партызан, звярнулася да доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Сцяпана Сцяпанавіча Лаўшука. Ён ведае пра Кандрата Кандратавіча і яго справу лепш за ўсіх, акрамя таго, яшчэ і з першых вуснаў. У яго кабінеце на стале ляжыць збор твораў Кандрата Крапівы ў шасці тамах. Ён бярэ іх, перагортвае некалькі старонак, і мы аказваемся ў 1942 годзе: у сатырычных, задзірыстых вершах Кандрата Крапівы, якія былі надрукаваныя ў газеце «Раздавім фашысцкую гадзіну!».

Гітлер сніў салодкі сон,
Быццам ён — Напалеон.
Выклікае недавер’е
У нас эрзац Напалеона:
Як павыскубем мы пер’е,
Дык акажацца варона,
Што прыбралася была
Пад французскага арла.

— Ён быў незвычайна добрым чалавекам і вельмі «ваенным»,
— узгадвае Сцяпан Сцяпанавіч класіка. — Ведаеце, што ўдзель-нічаў у чатырох войнах? Ён скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў. Быў на Першай сусветнай вайне, у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, на савецка-фінскай вайне і, канешне, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай. Як пачалася апошняя, не чакаючы павесткі, надзеў ваенную форму.

Сатырычнае выданне для партызан і насельніцтва краіны, дзе высмейвалі ворага і заклікалі біцца з ім, выдавалася з ліпеня 1941 года да мая 1945-га. Спачатку гэта быў агітплакат, які выходзіў на рускай мове, потым на беларускай, пасля сакавіка 1942 года ператварыўся ў газету-плакат, а пасля 1945-га ўвогуле ў часопіс «Вожык». Працавалі над газетай-плакатам лепшыя мастакі і пісьменнікі краіны. Выдавалася «Раздавім фашысцкую гадзіну!» у Гомелі, у прыфрантавой паласе, Маскве, Навабеліцах, Мінску.

— Вельмі цікавая дэталь: «Раздавім фашысцкую гадзіну!» зацвердзілі да выпуску 3 ліпеня 1941 года. Містыка? Мабыць, і так, але ж светлая. Галоўным рэдактарам спачатку назначылі Міхася Чаўскага. З 1943 года ім стаў Кандрат Кандратавіч. Ён запрашаў да супрацоўніцтва аўтарытэтных беларускіх пісьменнікаў. Таму ў гэтай «агітцы» былі амаль усе нашы лепшыя пісьменнікі: Купала, Колас, Чорны нават быў у штаце, Броўка, Брыль і іншыя. У 1949 годзе да іх далучыўся Макаёнак.

Галубіная душа

Кандрат Крапіва падчас вайны выязджаў на перадавую не для таго, каб сабраць матэрыял, а каб пранікнуцца канкрэтыкай часу. Для яго гэта было вельмі важна.

— Нельга сказаць, што ў газеце-плакаце было шмат гумару. Гэта была сатыра. Вакол былі страты, а яго асабістая была ўвогуле самай балючай… — Сцяпан Сцяпанавіч узгадвае самы жудасны факт з біяграфіі пісьменніка: на вайне загінуў сын Крапівы — Барыс. Той ваенны здымак, які паспелі зрабіць да таго бацька і сын, кажа літаратуразнавец, пужае яго:

Газета-плакат — яскравая з’ява свайго часу.
— Я не веру ў містыку, але ж мне здаецца, калі ўглядаюся ў твар Кандрата Кандратавіча, бачу трывогу і адчай. Ён адчуваў на падсвядомым узроўні… Прызнаваўся: настальгія душыла яго, яму вельмі хацелася, каб хутчэй вызвалілі Беларусь. Пасля вайны ён не любіў гаварыць аб тым, што на ёй было, — хмурнеў. Гаворка аб вайне давалася яму балюча. Кандрат Крапіва знешне здаваўся сухім чалавекам, але ў яго была галубіная душа. Сваю сентыментальнасць і хаваў за суровым выразам твару, вершамі. Яго сатыра — спецыфічная ўсмешка, якая спапяляе праціўніка.

Але ж не аднымі вершамі праславіўся Крапіва. Нямала апублікаваў празаічных твораў, прысвечаных абаронцам. У 1943 годзе напісаў сваю першую ваенную п’есу «Проба агнём». Была яна па-свойму наватарскай. У той час славілася п’еса Аляксандра Карнейчука «Фронт», дзе было тлумачэнне, чаму ў нас пры ўсіх даных няма перамог.

— Там была такая думка: састарэлыя генералы не здольны ваяваць па-сучаснаму, — кажа Сцяпан Сцяпанавіч. — У Крапівы гэтая тэма нашмат больш тонка закранаецца. Неяк так было: камандуючы малым падраздзяленнем адказвае на пытанне начальніка: «Колькі ты байцоў павёў у атаку?» — «875». — «А колькі вярталася?» — «610». — «Чаму? Перш чым ісці ў атаку — трэба рыхтавацца!» Гэта такі разважальны момант, іншы бок вайны, сур’ёзная літаратура. Але ў газеце-плакаце такога не было.

Гартаючы старонкі выдання, пагаджаюся. Агітплакат не пра тое. Першая старонка — яркі плакат з лозунгам, напрыклад: «Не шкадуйце, хлопцы, агню!». Далей — дзіўныя карыкатуры, памфлеты, фельетоны, прыпеўкі, вершы…

…Едуць подлыя эс-эс,
Перад імі цёмны лес —
Што за ўдалая мясціна!
Разлюлі-люлі маліна!
Ой, ой, ну і лес —
Разлюлі-люлі маліна!
Што тут доўга варажыць —
Трэба міну залажыць!
Разлюлі-люлі маліна!
Ох, брат, ну й зарад,
Разлюлі-люлі маліна!..

— Канешне, было шмат зваротаў да байцоў, народа, таксама інфармацыйных звестак аб тым, якія поспехі ў партызан, салдат. Рэдакцыя супрацоўнічала з партызанскімі атрадамі, таму заўсёды была актуальная і аператыўная інфармацыя, — кажа Сцяпан Сцяпанавіч.

Узор па агітацыі

Словы пісьменнікаў, малюнкі карыкатурыстаў білі па ворагу, як кулі.
Друкавалі газету ў франтавых друкарнях. Аператыўнасць была выключная, а тыражы ніколі не залежваліся на паліцах ці складах. Распаўсюджвалі газету хутка — разам са зброяй. Літаратуразнавец кажа, што пытаўся ў дзядоў, які быў тыраж. Гаварылі, што «ўбойныя» матэрыялы выходзілі тыражом да 100 тысяч!

— Як чакалі гэты лісток! Ніхто не скупіўся, — смяецца Сцяпан Сцяпанавіч. — Расказвалi выпадак, у Калінкавіцкім раёне быў нейкі паліцэйскі чын, які паляваў за «Фашысцкай гадзінай». Аб’явіў, што будзе плаціць за яе сялянам — так падабалася. «Раздавім фашысцкую гадзіну!» была ўзорам, як трэба весці антыфашысцкую агітацыю.

Газета-плакат зрабіла вялікую працу — словам забівала і падтрымлівала. Рабілі гэта тыя, хто ўмеў валодаць гэтай зброяй — сэнсам, словам, а яшчэ пачуццём гумару, сатырай, нягледзячы на крыўды вайны. Сцяпан Сцяпанавіч кажа:

— Памятаю, як гэты моцны знешне чалавек — Кандрат Крапіва — напрыканцы жыцця паслабеў… Нагадваў агромністую сумную птушку. Я яму кажу: «Усё добра ж, мір, хутка цяпло! Мы ж да дзевак з вамі яшчэ сходзім!» А ён трымае паўзу і кажа: «Я не супраць, але выбірайце дзень, калі не будзе моцнага ветру». Які чалавек!

Дарэчы, калі вы пажадаеце паглядзець газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну!», наведайце Нацыянальную бібліятэку краіны альбо музей Вялікай Айчыннай вайны.

kasel@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter