Засталася непераможнай

Праз  вароты  Бабруйскай  крэпасцi  калiсьцi праходзiлi  дзекабрысты,  якiя  адбывалi  пакаранне,  iмператар  Мiкалай  II, рэвалюцыйныя  салдаты,  а  сёння  –  турысты

Праз  вароты  Бабруйскай  крэпасцi  калiсьцi праходзiлi  дзекабрысты,  якiя  адбывалi  пакаранне,  iмператар  Мiкалай  II, рэвалюцыйныя  салдаты,  а  сёння    турысты 

Апошнiм часам узрастае цiкавасць да Бабруйскай крэпасцi 1812 года. I гэта звязана не толькi з будаўнiцтвам на яе тэрыторыi Лядовага палаца, а яшчэ i з тым, што ў хуткiм часе яна  адзначыць сваё двухсотгоддзе. Некалi цытадэль на Беразiне лiчылася адной з буйнейшых у Еўропе, размяшчалася на 150-гектарнай плошчы, толькi галоўны абарончы вал складаўся з васьмi магутных бастыёнаў, злучаных падземнымi хадамi. Шмат зброi, амунiцыi, правiянту – адным словам, усё было прадумана да дробязяў. Нездарма французы, якiя ўшчыльную наблiзiлiся да крэпасцi, так i не адважылiся яе ўзяць. Засталася непераможнай! 

Крэпасць была надзейна ўмацавана з усiх бакоў. Уезд на яе тэрыторыю ажыццяўляўся праз трое варот – Мiнскiя, Слуцкiя i Рагачоўскiя. На цяперашнi час захавалiся толькi Рагачоўскiя, цi Вадзяныя, як iх яшчэ называлi, бо былi павернуты да ракi Беразiны. Яны своеасаблiвай падковай, з даволi глыбокiм тунэлем, размяшчалiся ў паўднёва-ўсходняй частцы ваеннага збудавання. Казематны люнет – асобнае вынесенае наперад умацаванне – абараняў уваход. Гэтай жа мэце служыў бастыён, якi тунэлем злучаўся з крэпасцю. Праз вароты ў лiпенi 1812 года адпраўлялiся ў напрамку Магiлёва войскi Баграцiёна, пакiнуўшы ў крэпасцi 600 чалавек параненых, хворых, якiя затым сталi ў шарэнгi яе абаронцаў. 

Рагачоўскiя вароты знаходзiлiся як бы ў тыле крэпасцi, былi даволi сцiплымi па свайму дэкору. Iх фасад аздаблялi простыя замкавыя камянi клiнападобнай формы. Цяпер гэтыя камянi цяжка разглядзець – “затушаваў” час. Тым больш летам яны густа па-крыты дзiкiм вiнаградам, якi невядома адкуль тут узяўся. Выдзяляецца ўязная арка, якая прыкметна здалёк. 

Але галоўнае, што вароты захавалiся. Па праекце, якi зараз распрацоўваецца, iм будзе да-дзена новае жыццё, iншы выгляд набудзе ўся тэрыторыя па завулку Затоннаму, на якiм размешчана брама. Не выключана, што ў гэтым раёне з’явiцца конна-спартыўны клуб, аквапарк цi нават вяслярны канал, бо да вады, як кажуць, рукой падаць, iншыя аб’екты. Словам, перспектывы абазначаны. 

Мiнскiя вароты ў сiлу свайго геаграфiчнага становiшча былi галоўным уваходам у крэпасць, таму майстравалiся з асаблiвай рупнасцю i мелi  высокую шапку-арку. А праектавалiся вядомым пецярбургскiм архiтэктарам Штаўбертам. Для зручнасцi ўезду ў насыпных валах памiж бастыёнамi быў зроблены  спецыяльны тунэль. Да аркi варот у галоўным вале вёў падземны мост. Самi вароты былi выкла-дзены з цэглы, звонку аблiцаваны гранiтнымi плiтамi. У якасцi дэкаратыўных элементаў выкарыстоў-валiся стылiзаваныя алебарды. У верхняй частцы варот размяшчаўся барэльф двухгаловага арла (размах крылаў два метры) – сiмвал Расiйскай iмперыi, над уваходам развяваўся бела-блакiтна-чырвоны сцяг. 

Што казаць, вароты ўражвалi сваiм выглядам, яны былi гэткiм адлюстраваннем магутнасцi самой крэпасцi. Аднак прайсцi ў iх мог далёка не кожны, а той, хто меў дазвол. За гэтым уважлiва сачыла варта, якая размяшчалася ў спецыяльным пакоi, так называемай кардэгардыi, былi таксама пакой для афiцэра i памяшканне для арыштаваных. I ўсё гэта ў сукупнасцi адно другое дапаўняла, рабiла адзiным цэлым. 

Мiнскiя вароты разбурыў няўмольны час, здавалася, яны згублены назаўсёды. Аднак сёлета пры правядзеннi падземных работ, звязаных з Лядовым дварцом, быў адкапаны на даволi значнай глыбiнi iх каркас, адначасова з гэтым быў выяўлены барэльефны вiдарыс двухгаловага арла, якi добра захаваўся. Гэта знаходка пасля рэстаўрацыi зойме сваё пачэснае месца на варотах, якiя будуць аднаўляць. 

Што ж датычыць Слуцкiх варот, то яны ў многiм нагадваюць Мiнскiя: тыя ж тры аркi, адна з якiх для ўезда, а дзве iншыя былi дэкаратыўнымi элементамi кардэгардыi, той жа будаўнiчы матэрыял. Аднак у адрозненне ад Мiнскiх i Рагачоўскiх, якiя аздоблены ў класiчным стылi, яны – у неагатычным. Мелi прывабны i ў той жа час строгi вы-гляд: “Свой — заходзь, чужы – не!” 

Шмат пабачылi вароты за сваю гiсторыю: дзекабрыстаў, якiя адбывалi пакаранне ў казематах крэпасцi, iмператара Мiкалая II, якi тут бываў у перадрэвалюцыйным годзе, рэвалюцыйных салдат i шмат чаго iншага. Яны – наша мiнулае, якое забываць нельга. I правiльна робяць гарадскiя ўлады, збiраючыся iх аднаўляць, зрэшты, як i саму крэпасць. Спадзяёмся, недалёкi той час, калi ў крэпасныя вароты пройдуць гараджане, шматлiкiя турысты, усе, хто пажадае. 

На здымку: так выглядалi галоўныя вароты крэпасцi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter