Застаўся ў памяцi народнай

У вёсцы Баранi адкрылася экспазiцыя «Дом Казiмiра Сваяка»

Пачатак кастрычнiка ў календары знамянальных дат Астравеччыны цяпер адзначаны яшчэ адной важнай падзеяй у культурным жыццi. Экспазiцыя “Дом Казiмiра Сваяка” адкрылася ў вёсцы Баранi – на малой радзiме самаадданага дзеяча духоўнага адраджэння Беларусi.

Каталiцкi святар Казiмiр Сваяк (сапраўднае iмя Канстанцiн Стэповiч) быў вядомы ў шырокiх колах людзей як таленавiты аўтар вершаў, апавяданняў, эсэ, фiласофскiх эцюдаў, гумарэсак, публiцыстычных артыкулаў рэлiгiйнага i лiтаратурна-крытычнага зместу, а таксама трактата аб шкоднасцi п’янства “Алкаголь”. Праявiў сябе Сваяк i як выдатны драматург.

Музей размясцiўся ў бацькоўскай хаце святара-паэта. Сядзiбу Стэповiчаў адрэстаўрыравалi: адшлiфавалi стогадовыя бярвёны, пакрылi спецыяльнай прапiткай, накрылi дах – уратавалi дом ад шашаля i непагадзi. Унутры – абразы, свечка i крыж на стале, калаўрот i тканыя покрывы, вялiкая, на палову пакоя печ – усё, што спрадвеку стварала iнтэр’ер беларускай сялянскай хаты. Пра ўтульнасць тут паклапацiлiся работнiкi культуры. Супрацоўнiкi лясгаса дапамаглi збудаваць на двары альтанку, у якой у хуткiм часе турысты змогуць слухаць расповеды пра нашага земляка i адпачываць.

Сярод музейных экспанатаў – копii дакументаў i фотаздымкаў самога Сваяка, яго родных i сяброў, перавыдадзеныя кнiгi “Голас душы”, “Мая лiра”, “Дзея маёй мыслi”, бiяграфiчныя звесткi. Здаецца, няшмат. Але галоўнае, што пачатак добрай справе пакладзены. А там, глядзiш, знойдуцца неабыякавыя людзi, якiм бу­дзе чым узбагацiць i зрабiць разнастайнай створаную экспазiцыю. Ужо падчас яе адкрыцця шматлiкiя госцi прыносiлi ў дар музею карцiны – яны зоймуць належнае месца на сценах адроджанай хаткi, копii дакументаў, якiя яшчэ больш раскажуць нашчадкам пра беларускага дзеяча.

Вялiкi ўклад у тое, каб iмя Казiмiра Сваяка выйшла з несправядлiвага забыцця, унёс прафесар Адам Мальдзiс. Менавiта ён вёў размову з Янам Паўлам II падчас наведвання Ватыкана аб беатыфiкацыi ксяндза Стэповiча.

У адкрыццi экспазiцыi прынялi ўдзел Iрына Багдановiч, навуковы супрацоўнiк Лiтаратурнага iнстытута iмя Янкi Купалы, укладальнiца “Выбраных твораў” Сваяка, Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архiва-музея лiтаратуры i мастацтва, Гэлена Глагоўская, прафесар Беластоцкага унiверсiтэта, прадстаўнiкi сям’i Стэповiч i мясцовай улады.

Як сiмвал народнай памяцi на двары быў пасаджаны малады дубок.

Адкрыццё экспазiцыi — толькi адзiн момант у шэрагу мерапрыемстваў, падрыхтаваных для ўшанавання памяцi Казiмiра Сваяка. У касцёле святых Казьмы i Дам’яна адбылася ўрачыстая iмша, на якой прагучаў прывiтальны лiст бiскупа Гродзенскай дыяцэзii Аляксандра Кашкевiча, яшчэ раз узгадалi пра асобу славутага земляка госцi з раённай бiблiятэкi, у Падольскiм Доме культуры ладзiлi спектакль паводле аднайменнай п’есы героя дня “Янка Канцавы”.

Варта адзначыць, што не толькi дом Стэповiчаў змянiўся, другое жыццё атрымала i вёска. У Баранях на сённяшнi дзень засталося толькi некалькi жылых дамоў. Старыя развалiны, што даўно дажылi свой век без гаспадароў, хмызняковыя зараснiкi надавалi вёсцы занядбалы выгляд. За стварэнне новага аблiчча паселiшча ўзялiся амаль усе арганiзацыi раёна. Знеслi шэрыя руiны, павыраўноўвалi дарогi, пабудавалi агароджы, стылiзаваныя пад аўтэнтычныя сялянскiя платы, на радасць удзячным i шчырым яе жыхарам.

У хуткiм часе экспазiцыя “Дом Казiмiра Сваяка”, якая, зрэшты, планавалася як кропка ў праграме развiцця турызму, павiнна стаць прывабным аб’ектам для гасцей не толькi з iншых краiн свету, але i тых, хто хоча больш даведацца пра гiсторыю роднага краю i яе стваральнiкаў. Таму варта ўбачыць усё самому i пераканацца ў тым, што музейная справа на Астравеччыне жыве.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter