Писатель Владимир Гаврилович посвящает свои произведения соотечественникам

Заслужаны дзеяч культуры, пісьменнік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч: мае творы — адказ на пытанне: у якой краіне мы жывём? У краіне герояў

Землякам-палешукам прысвячае свае творы пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч

Беларускую сучасную літаратуру за апошнія дзесяцігоддзі папоўнілі ўнікальныя творы пісьменніка Уладзіміра ГАЎРЫЛОВІЧА. Аўтарам выдадзена 36 кніг пра жыццё і гісторыю землякоў-палешукоў. Многія з іх перакладзены на рускую, украінскую, англійскую і нямецкую мовы. Яго куміры — народныя пісьменнікі Іван Мележ і Іван Шамякін.

Творчы хлеб нялёгкі: ён вымагае маральнага і фізічнага напружання. Каб узняцца да вяршынь, неабходны не толькі талент, але і самаадданасць. Толькі мужнаму адкрыта вялікая асалода змагання і перамог. Уладзімір Мікалаевіч — майстар сацыяльна-псіхалагічнай прозы.

Амаль два дзесяцігоддзі ўзначальвае Гомельскае абласное аддзяленне грамадскай арганізацыі «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Член праўлення Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, сакратар Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва па Беларусі, пераможца шэрагу міжнародных, рэспубліканскіх і абласных літаратурных конкурсаў. Педагагічная і творчая дзейнасць Уладзіміра Мікалаевіча адзначана медалём Францыска Скарыны і званнем «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь».

Неаднойчы даводзілася бываць у ельскім аграгарадку Зашыр'е. Адна з такіх журналісцкіх вандровак у гэты аддалены куток Палесся супала з незвычайнай падзеяй — пісьменніцкімі дажынкамі, што перыядычна ладзяцца на Гомельшчыне. Зачаравана глядзелі госці на добраўпарадкаваную плошчу з дзеючым фантанам перад Палацам культуры. Тагачасны дырэктар КСУП «Саўгас «Камуніст» Рыгор Бабчанок і зашырскія прыгажуні ў нацыянальных строях з караваем хлеба на вышытым ручніку пад народныя спевы сустракалі пісьменнікаў. А потым у прасторнай глядзельнай зале, дзе сабраліся жыхары аграгарадка, гучалі вершы і песні на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. Панавала сардэчнасць на той сустрэчы творцаў з хлебаробамі. Запомніліся шчырыя словы падзякі старшыні Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча за цёплы прыём. Безумоўна, было цікава як гасцям, так і гаспадарам. Сёлета прадстаўнічую пісьменніцкую дэлегацыю прымалі Тураў, Жыткавічы і Мазыр.


— Сустрэчы творцаў Беларусі, Расіі і Украіны перараслі ў міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі», — падкрэслівае Уладзімір Гаўрыловіч. — Затым нарадзіўся фэст «На зямлі Кірылы Тураўскага», з'явілася шмат новых праектаў. Адзін з самых удалых — паэтычныя пераклады «Берагі дружбы», дзе задзейнічаны беларуская і руская творчая моладзь і пісьменнікі-прафесіяналы. Ладзяцца мерапрыемствы дзякуючы спонсарам. Апошнія два гады арганізоўваць літаратурныя форумы стала крыху лягчэй. На правядзенне фестывалю «На зямлі Кірылы Тураўскага» часткова выдзяляюцца бюджэтныя сродкі. Кожны год прымаем да трох дзясяткаў замежных літаратараў. Практыкуем выпуск сумесных калектыўных зборнікаў. Напрыклад, нядаўна выдалі «На славянскім полі» (творы сучасных паэтаў і празаікаў Гомельшчыны і Браншчыны), «Славянскі вянок» (творы маладых паэтаў Беларусі, Расіі і Украіны), «Славянскае сонца» (зборнік гомельскіх і краснадарскіх творцаў). Штогод выпускаем абласны альманах «Літаратурная Гомельшчына». Тры гады таму распачаты міжнародны выдавецкі праект «Літара» на трох славянскіх мовах. Сёлетняя «дажынкавая» гомельская літаратурная восень была надзвычай насычанай: праведзена больш за 80 цікавых мерапрыемстваў. На будучае плануем новыя сустрэчы творцаў з жыхарамі розных куткоў вобласці.

— Уладзімір Мікалаевіч, адкуль бярэ пачатак ваш шлях да літаратурнай творчасці?

— Жаданне пісаць узнікла ў школьныя гады. Родную мову і літаратуру нам выкладала Ганна Іванаўна Жыткавец. Дыханне замірала на ўроках ад яе расповедаў пра літаратурных герояў. У многіх яна абудзіла жаданне чытаць беларускую літаратуру. Мае старэйшыя брат і сёстры дапамагалі маці па гаспадарцы, а мне, як меншаму, наказвалі вучыцца. Быў перыяд, калі на падворку трымалі дзвюх кароў, столькі ж было ў дзеда і бабулі. Сёстры і брат раз'ехаліся, і мы з маці засталіся ўдваіх у вялікай новай хаце. Дапамагаў нам упраўляцца дзед: яго дом быў побач, абедзьве сядзібы аб'ядноўваў вялікі сад.

— А чаму не бацька?

— Не стала яго, калі мне было 11 гадоў. Працаваў ён у лясніцтве звычайным рабочым, лесарубам. Заўзяты быў да любой справы. Калі прывозіў на двор дровы, за ноч мог усе пакалоць. Цягавіты быў… Мы ўсе жылі працай на зямлі. Памятаю, дзед Ігнат плёў мне лазовыя лапцікі, ладзіў коску, і мы дабіраліся на далёкае балота ці ў расцяробы сярод лесу траву касіць. Вучыў шмат мяне. Сялянскіх спраў заўжды хапае. Адпачывалі хіба ў нядзелю.

— З чаго пачаўся ваш пісьменніцкі шлях?

— З чытання дзіцячых казак. Запала ў сэрца аповесць Міколы Гамолкі «Дзяўчына ішла па вайне». У старэйшых класах захапляўся творамі Івана Шамякіна і Івана Мележа. Зачытваўся апавяданнямі рускага пісьменніка Ляскова. Здзіўляюся, чаму яго не адносяць да класікаў? Крыху складанай для мяне была ваенная тэрміналогія ў рамане Льва Талстога «Вайна і мір». Толькі ў студэнцкія гады па-новаму адкрываў для сябе гэты вялікі твор…

Любіў займацца грамадскімі справамі. У школе ўзначальваў клуб інтэрнацыянальнай дружбы. З дзявятага класа ўзяўся сур'ёзна за мову і літаратуру. Пайшлі толькі выдатныя ацэнкі. У вёсцы да настаўнікаў усе адносіліся з павагай. Але я не марыў аб гэтай прафесіі, думаў, газетчыкам буду… І вось настаў час выбіраць жыццёвы шлях. З атэстатам паехаў у сталіцу. У апошні дзень прыёму дакументаў зайшоў у педінстытут. У прыёмнай камісіі каля папер корпалася немаладая жанчына. Калі даведалася, што вырашыў паступаць на гістарычны факультэт, адгаварыла. Пераканала, што мне дарога толькі на філфак, пачала расказваць пра студэнцкі тэатр. Папрасіла дапамагчы перанесці папкі з дакументамі. За 5 хвілін да заканчэння работы прыёмнай камісіі прыняла мой атэстат. Уступныя экзамены паспяхова здаў і стаў студэнтам. Для маіх родных гэта быў гонар: я паступіў у ВНУ адзін з усяго класа. На курсе быў адзіным юнаком сярод 49 дзяўчат. Калі вучыўся на трэцім курсе, з-за хваробы маці не змагла больш працаваць, і дырэктар школы, сустрэўшы мяне, параіў перавесціся на завочнае аддзяленне і настаўнічаць. Пераступіў парог роднай Вятчынскай сярэдняй школы настаўнікам. А за партамі — учарашнія сябры. Калі каму ставіў дрэнную ацэнку, іх бацькі скардзіліся маёй маці. Паступова знайшоў агульную мову з вучнямі. Стварыў драмгурток. Паставілі «Мікітаў лапаць» Міхася Чарота, «Пінскую шляхту» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча…

— А як родныя аднесліся да вашага вяртання дамоў?

— Мама была рада і ганарылася, што сына ўзялі на працу ў школу. Бабулі ўжо не стала. Дзед, Ігнат Адамавіч Буякевіч, застаўся адзін. Цікавіўся маёй працай у школе. Ганарыўся, калі я стаў салдатам. Пасля службы ў арміі, памятаю, дырэктар школы папрасіў замяніць яго на час летняга адпачынку. Рупліва рыхтаваліся да навучальнага года. Раённая камісія высока ацаніла нашы старанні. Мне прапанавалі ўзначаліць сярэднюю школу ў суседняй вёсцы Бялёў. Там і сустрэў свой лёс — маладзенькую медсястру. Згулялі вяселле. Валянціна Канстанцінаўна стала маёй жонкай. Выхавалі сына Дзяніса і дачку Дар'ю. Радавод працягвае ўнучка Міланка.

— Пэўна, ёсць што ўнучцы расказаць пра гісторыю вашага роду?

— Падрасце, прачытае ў маіх творах. Шмат пачуў ад дзеда Ігната пра наш радавод. Прадзед, Адам Буякевіч, меў шмат зямлі. Быў сапраўдным гаспадаром. Неадназначна ўспрыняў ён рэвалюцыю 1917 года. Калі пачалася калектывізацыя, паклікаў сыноў (старэйшы вучыўся ў Мазырскім настаўніцкім інстытуце, сярэдні служыў у міліцыі) і заявіў: «Калі не ўступім у калгас, то вас павыганяюць». Вырашылі паціху частку коней, кароў, авечак прадаць, а астатніх жывёл, як будзе нявыкрутка, аддаць у калгас. Так сталася, што потым старшынёю сяляне абралі яго сына Ігната, майго будучага дзеда.

Як грымнула вайна, трэба было ўберагчы ад акупантаў калектыўную маёмасць. Кароў і коней пагналі на ўсход. Мой дзед сам вывозіў калгасную гаспадарку ў абласны Мазыр, перад самым прыходам гітлераўцаў Ігнат Адамавіч пайшоў на фронт. Полк, у якім служыў, восенню 1941 года пад Арлом трапіў у акружэнне. Палонных таварняком адправілі ў Германію. Трэсліся ў халодных вагонах без вады і хлеба 15 дзён. На шаснаццаты, як сабакам, падалі ваду і кінулі хлеб. Галодныя, сталі яго хапаць і... пухнуць. Потым быў аўстрыйскі канцлагер. Здабывалі вугаль на шахце. Вызвалілі іх амерыканцы і перадалі савецкаму камандаванню. Служыць адправілі ў стралковую часць у Празе. У Чэхаславакіі і завяршыў вайну.

Дамоў вярнуўся ў канцы 1946 года. Вёска спалена. Бацькі загінулі. Жывым з сям'і застаўся толькі брат Косця, які прыйшоў з вайны афіцэрам. Старэйшага брата Мікалая паліцаі расстралялі ў Жыткавічах. Людзі казалі: закапалі на базе леспрамгаса. Калі з дзедам Ігнатам мы прыязджалі туды, ён падаў на калені і плакаў. Каля сарака чалавек з нашага роду забрала вайна… Хіба можна такое дараваць?

Не вярнуўся з фронту дзядуля па бацькавай лініі — Васіль Ігнатавіч Гаўрыловіч. Ніякіх звестак пра яго не было цэлыя дзесяцігоддзі. Мае ж пошукі ўвянчаліся поспехам. Расійскія пошукаўцы нядаўна мне паведамілі: загінуў 30 жніўня 1942 года ў баі каля вёскі Добрая, непадалёку ад Ржэва… Уразіла ж мяне тое, што я нарадзіўся праз чвэрць стагоддзя, дзень у дзень.

— Як вам удалося сабраць столькі звестак пра свой радавод?

— Звычайна ў святы да дзеда Ігната прыходзіў яго сябрук Антон Людвікевіч. Садзіліся за стол і ўзгадвалі былое. Падлеткам сядзеў на печы і з цікавасцю слухаў іх. Кранала душу, калі пры ўспамінах яны выціралі слёзы. Калі мужыкі плачуць, то цішыня пануе і да кожнага іх слова прыслухоўваешся. Дзядуля Ігнат і ў пасляваенны час, са сваімі двума класамі школы, кіраваў калгасам. Потым яго змяніў новы старшыня, а дзед стаў намеснікам, пасля брыгадзірам. Да апошняга дня ў калгасе быў незаменны: граблі рамантаваў, косы кляпаў. Майстар на ўсе рукі: вырабляў розныя сялянскія прылады працы, ды і дамавіну не адну зладзіў, развітваючыся з землякамі. Любіў спяваць, заўзята біў у бубен на вяселлях, гулянках. Вясёлы быў чалавек, працавіты, адзін з самых паважаных у вёсцы. Доўгі век пражыў. Паспеў прачытаць першую частку маёй трылогіі «Палешукі».

— Свае ўражанні выказваў?

— Для мяне ён стаў першым і самым шчырым рэцэнзентам. Ён быў сведкам многіх падзей, пра якія расказваецца ў кнізе. Першая частка трылогіі «Забранае шчасце» пачынаецца з яго ўспамінаў. Увесь твор ахоплівае пэўны гістарычны перыяд. У 2007 годзе за першы раман з цыкла «Палешукі» мяне адзначылі Рэспубліканскай літаратурнай прэміяй «Залаты Купідон».

— Ведаю, што вы ставілі задачу ў гэтай трылогіі адлюстраваць праўду жыцця палешукоў. Ці атрымалася?

— Першая частка набліжана да дакументалізму. Выкладзены падзеі, што адбываліся ў маёй роднай вёсцы Вятчын, каля возера Чырвонага. Гэта своеасаблівы сацыяльны зрэз жыцця рэгіёна, паказаць яго дапамагаюць любоўны трохвугольнік і няпростыя чалавечыя адносіны. Гэтаму прыёму вучыўся ў выдатнага майстра Івана Мележа. Апошні раман з трылогіі — пра такіх людзей, як, напрыклад, былы старшыня калгаса «ІІІ Інтэрнацыянал» Уладзімір Гаршкалеп. Падобных сапраўдных гаспадароў шмат у нашай краіне. Гэта магутныя асобы. Ці як слынны наш зямляк Рыгор Шпакаў. Такім стваральнікам-гаспадарам, якія, нягледзячы ні на што, застаюцца вернымі сваёй зямлі, прысвечана мая трылогія «Палешукі». У іх трывалыя ідэалагічныя ўстаноўкі, погляды. Яны жывуць дзеля людзей. Мой дзед, дарэчы, апошнім у спаленай фашыстамі вёсцы пабудаваў сабе хату. Перш усім удовам дапамог адбудавацца. Такія і мае героі. Працай здабываюць яны хлеб наш надзённы.

— А для вас што значыць хлеб?

— На нашым падворку была свая сячкарня, жорны, у нас былі плугі, акучнікі, вазы… На сотках кожную восень абавязкова засявалі палоску азімага жыта. Жала маці з бабуляй, у бабкі ставілі. Пасля малацілі зерне і муку малолі. Я памятаю больш куплёны хлеб, але часам бабуля пякла свой. Па смаку яго ні з чым не параўнаць. Вяртаўся дамоў з заняткаў, а па ўсёй хаце пах свежаспечанага хлеба.

Хлеб для мяне сапраўднае, ні з чым не параўнальнае багацце. З сям'ёю жыву ў Гомелі, але праз тыдзень-другі абавязкова наведваюся ў родныя мясціны. За бацькоўскім домам цяпер прыглядае сястра Наталля. Здаецца, тут рай Божы: люблю хадзіць басанож па сцежках дзяцінства, завітаць у лес, такі багаты на грыбы і ягады… Не забываем з жонкай і пра цешчу Вольгу Іванаўну, ёй хутка дзевяноста, дапамагаем гаспадарыць на падворку ў жыткавіцкай вёсцы Бялёў. Кожнае вяртанне да сваіх каранёў — вялікая радасць.

— Уладзімір Мікалаевіч, якімі новымі творамі парадавалі чытачоў у Год гістарычнай памяці?

— Мінулым летам выдадзены раман «Па веры вашай...». Раней яго выбраныя часткі надрукаваў часопіс «Полымя». Тут тэма любові да Радзімы. Пра наш духоўны крыж, які мы нясём па жыцці, пра нашу веру, род і сям'ю, гістарычную памяць нашай шматпакутнай зямлі. Твор пра здраду і ачышчэнне. Твор пра тое, што мы не павінны задыхнуцца ў дыме матэрыяльных выгод, уяўнага дабрабыту, хцівага «клопату» чужынцаў пра нас. Раман — своеасаблівы адказ на пытанне, у якой краіне мы жывём. Мае героі катэгарычна не згодны з выказваннямі асобных «творцаў»: маўляў, яны «жывуць у краіне паліцаяў». Героі рамана пераконваюць, што Беларусь — краіна герояў.

— Ведаю, што падзеі адбываюцца ў наш час, у 2020 і 2021 гадах, а таксама дзесяць вякоў таму ў старажытных Тураве, Кіеве і Кракаве… Што стала штуршком да такога пранікнення ў стагоддзі?

— Мой непасрэдны ўдзел у раскрыцці саркафага ў Тураве. Дваццаць гадоў таму, каб узняць прэстыж гэтага старажытнага горада, было вырашана стварыць музейную экспазіцыю на яго Замкавай гары. За справу ўзяліся археолагі ды навучэнцы пад кіраўніцтвам прафесара Лысенкі. На месцы раскопак выявілі саркафагі. Іх было некалькі. Адзін знайшлі звонку, за падмуркам святыні. Адкрылі яго і ўбачылі дзявочы шкілет. Прафесар Лысенка адразу вызначыў, што гэта пахаванне ХІ стагоддзя. Нават без экспертыз было зразумела, што гэта астанкі маладой дзяўчыны, яны захаваліся ў анатамічным парадку. Я прысутнічаў пры раскрыцці саркафага і адразу здагадаўся, хто гэта…

Як сведчаць гістарычныя дакументы, у той час у тураўскіх князёў нараджаліся сыны. Толькі ў князя Ізяслава і княгіні Гертруды (у праваслаўі Алісавы, Алены) была дачка Еўдакія. Тэрмін яе нараджэння супаў. Пасля замужжа яна магла стаць каралевай Польшчы. Тураў стаяў на мяжы праваслаўных славян і каталікоў. Горад быў на закланні.

Доўга вывучаў розныя дакументы, і паціху выспела думка стварыць гістарычную п'есу. Тады я напісаў драму-версію «Маленькая каралева Еўдакія Тураўская». Цяпер, праз два дзесяцігоддзі, яна стала часткамі новага рамана. Думаю, ён даволі цікавы з гістарычнага пункту гледжання і многаму нас можа навучыць.

Увогуле гістарычнай памяці прысвечаны многія мае творы. Дакладны факт лёг у аснову аповесці «Святая Параскева». Галоўная гераіня да вайны была першай трактарысткай у калгасе. Прататып яе — мая зямлячка. Фашысты спалілі ў адрыне малодшых дзяцей і мужа, які выштурхнуў яе з пяцігадовай дачкою Нінкай з полымя. Яны кінуліся ў лес, але варожая куля дагнала дзяўчынку сярод сосен. Маці ўпала параненая. Беспрытомную Параскеву ўратавалі партызаны. Жанчына стала змагацца з ворагам. Дайшла да Берліна, распісалася на Рэйхстагу. У мірны час скончыла педінстытут. Настаўнічала і дапамагала хворай сястры падняць на ногі дзяцей. Пасля выхаду на пенсію пераехала ў тую самую спаленую ў вайну вёску, дзе давялося зведаць столькі гора. Усё жыццё дабівалася таго, каб перапахаваць забітую фашыстамі дачушку ў брацкую магілу. У рэшце рэшт атрымала дазвол. Раскапалі магілку — усім на здзіўленне, цела дзяўчынкі не стлела ў сухім жвіру. Гэта дакладны факт. Калі маці дакраналася да цела, яно тут жа рассыпалася. Жанчына папрасіла ўсіх адысці. Амаль дзве гадзіны яна нема выла. Пасля перапахавалі дзяўчынку, і неўзабаве маці не стала... Гэта гісторыя, аднойчы пачутая на Палессі, легла ў аснову мастацкага твора.

— Адно — адчуць сэрцам гэты боль, а другое — знайсці форму падачы і трапныя словы для ўспрыняцця чытачамі. Чаго тут больш: талента ці працы пісьменніка?

— Без працы талент нічога не значыць. Важны назіральнасць, псіхалагізм. Трэба пабыць самому ў ролі свайго героя, адчуць яго боль, шчасце і радасць. Многае прыходзіць у сне. Пішу часам нешта, а ноччу бачу працяг. Прачнуся рана і хуценька, каб не забыць, занатоўваю. Усё гэта цудоўна дапаўняе твор.

— Ці ёсць планы па працягу рамана «Па веры вашай…»?

— Завяршаецца ён, так скажам, на пазітыўнай ноце, калі адбываецца прымірэнне прадстаўнікоў адзінага роду, якія прайшлі цяжкі шлях да маральнага ачышчэння. Аднак, прызнаюся, карціць, не супакойваецца мая душа і не расстаецца з героямі. Калі будзе на тое Божае блаславенне, то працяг напішу абавязкова. Як хутка — пакажа час.

 Зразумела, ёсць і новыя ідэі. Наш Палескі край багаты на гісторыю і цікавых людзей. А я адчуваю сваю асаблівую адказнасць перад землякамі. Грамадская дзейнасць забірае вельмі шмат часу. Я ж стараюся працаваць сумленна на ўсіх кірунках: не магу іначай. Праз усё жыццё нясу дзедавы словы: «Без працы чалавека няма».

— Новых творчых вяршынь вам, шаноўны Уладзімір Мікалаевіч, і поспехаў у грамадскай дзейнасці!

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter