"Заслаўскiя прэм'еры"

Сёлета ў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi — юбiлей. У лютым спаўняецца 20 гадоў з дня яго заснавання.

Сёлета ў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi — юбiлей. У лютым спаўняецца 20 гадоў з дня яго заснавання. “Узрост” творчай маладосцi знакамiты калектыў на чале з маэстра Мiхаiлам Фiнбергам выдатна спалучае з прафесiйнай сталасцю i пацвярджае сваё майстэрства новымi адмысловымi канцэртамi. Сведчанне таму – VI Беларускi фестываль камернай музыкi “Заслаўе-2006”, якi прайшоў у старажытным горадзе 21-га i 22 студзеня i стаў своеасаблiвым адкрыццём фестывальнага года аркестра-юбiляра.

“Заслаўскiя прэм’еры” – так называлася новая праграма, падрыхтаваная “фiлармонiяй” Фiнберга — камерным аркестрам, ансамблямi салiстаў на драўляных духавых iнструментах, ансамблем кларнетыстаў, ансамблем трубачоў “Iнтрада” i флейтыстаў “Сiрынкс”. У iх выкананнi гучала беларуская музыка розных жанраў, стыляў, школ i эпох. Па традыцыi з цудоўнымi каментарыямi доктара мастацтвазнаўства Вольгi Дадзiёмавай. Дзякуючы iм слухачы штогод адкрываюць для сябе новыя iмёны славутых землякоў. На гэты раз адбылося знаёмства з Фелiксам Яневiчам — кампазiтарам i скрыпачом, творы i выканаўчае майстэрства якога высока цанiлiся ў Заходняй Еўропе ў XVIII—XIX стагоддзях, якi вучыўся ў самога Гайдна, iграў у капэле герцага Арлеанскага i якому адзiн са сваiх твораў прысвяцiў вялiкi Моцарт.

Музыка Фелiкса Яневiча не адзiная заслаўская прэм’ера. Сёлета ўпершыню гучаў у час фестывалю джаз, адбылiся канцэрты беларускай фартэпiяннай i харавой музыкi. А да нязменных арганiзатараў свята – Мiнскага аблвыканкома, Заслаўскага гарвыканкома i Нацыянальнага канцэртнага аркестра — далучылася Нацыянальная акадэмiя навук Беларусi. Каля двух дзесяткаў яе супрацоўнiкаў прынялi ўдзел у наладжанай у рамках фестывалю навукова-практычнай канферэн-

цыi “Заслаўе. Каранi нашага радаводу”.

Фестывалi камернай музыкi ў так званых малых гарадах рэспублiкi — Заслаўi, Тураве, Нясвiжы, Мсцiслаўi, Мiры, якiя праводзiць Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi, займаюць у яго творчасцi асобнае месца. Адраджэнне i асветнiцва сталi ўжо своеасаблiвай творчай маркай калектыву. Фестывалi ладзяцца iм з года ў год i прысвячаюцца кампазiтарам, якiя ў розныя гады нарадзiлiся, жылi на зямлi Беларусi; музыцы, якая стваралася тут, гучала ў старадаўнiх палацах i маёнтках, а выходзячы ў свет, станавiлася папулярнай па ўсёй Еўропе. Канцэртная праграма для кожнага такога фестывалю складаецца асобна i кожны раз здзiўляе нечым новым. Натуральна, патрабуюцца для гэтага немалыя намаганнi i музыкантаў, i музыказнаўцаў. Паводле слоў маэстра Фiнберга, збiраецца матэрыял лiтаральна па зярнятку, з архiўных звестак, са старадаўнiх клавiраў. У вынiку ж з мiнулых гадоў i стагоддзяў вяртаюцца ў музычную спадчыну Бацькаўшчыны славутыя iмёны яе таленавiтых сыноў. I ўжо ў днi сённяшнiм годна гучаць адроджаная творы Мiхала Клеафаса Агiнскага, Напалеона Орды, Станiслава Манюшкi, Антонiя i Мацея Радзiвiлаў, Мiхала Ельскага, Яна Голанда, Восiпа Казлоўскага альбо значна блiжэйшых па часе Льва Абелiёвiча, Юрыя Багатырова, Мiкалая Аладава, Яўгена Глебава, Мiкалая Чуркiна, чыя музыка нечаста выконваецца альбо надоўга заставалася незаслужана забытай цi зусiм невядомай.

— Гэта вельмi цiкавыя, але нярэдка даволi складаныя для ўспрымання творы. Мiж тым падчас фестываляў у глыбiнцы яны знаходзяць свайго ўдзячнага слухача. Такое загадкавае прыцягненне i здзiўляе, i захапляе. Для мяне яно асаблiва прыемнае i каштоўнае, — гаворыць народны артыст Беларусi Мiхаiл Фiнберг.

Нейкi таямнiчы магнетызм у гэтай музыцы, безумоўна, прысутнiчае. I таму збiрае яна традыцыйныя аншлагi. Таму, нягледзячы на занятасць i ўсе складанасцi пераездаў, зноў i зноў спяшаюцца ў самыя аддаленыя раёны краiны Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi i яго кiраўнiк маэстра Фiнберг. Таму далучаюцца да адраджэнскага фестывальнага руху новыя прыхiльнiкi, а пералiк фестывальных гарадоў рэспублiкi поўнiцца новымi гасцiннымi адрасамi, дзе шчыра чакаюць сустрэч з сапраўднай музыкай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter