Заслаўскі кірмаш

Горад Заслаўе адзначыў свой 1022-і дзень нараджэнняКожны раз, калі прыязджаю ў гэта мястэчка з тысячагадовай гісторыяй, захапляюся яго маладосцю. Дагэтуль прыходзілася наведвацца сюды толькі на святы. І, паверце, так адзначаць іх, як у Заслаўі, могуць толькі жыццярадасныя, поўныя сіл і аптымізму людзі. І на гэты раз старажытны гарадок радасна вітаў гасцей традыцыйнага “Заслаўскага кірмашу”.

Пачыналася свята горада са святочнай літургіі ў Спаса-Праабражэнскай царкве. А потым можна было падзівіцца прыгажосці заслаўскіх кветак, зведзеных у шыкоўныя кампазіцыі, смаку мёду, што прывезлі пчаляры з усёй краіны, а таксама пакаштаваць прыдукцыю з прысядзібных заслаўскіх участкаў. Лепшыя кветкаводы і агароднікі былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі. Уражальным стала яскравае відовішча рыцарскіх бітваў, а таксама дэманстрацыі зброі і касцюмаў Сярэднявечча. Цікавай для гасцей свята аказалася і выстава работ удзельнікаў маладзёжнага фотапленэра ў музеі-запаведніку “Заслаўе”.
Кульмінацыяй Дня горада сталі ўрачыстасці на цэнтральнай плошчы, якія пачаліся тэатралізаваным гістарычным пралогам. Героямі свята сталі Пачэсныя грамадзяне Заслаўя, маладажоны і сем’і нованароджаных гараджан.
З самай раніцы і да позняга вечара на канцэртных пляцоўках не сціхала музыка. Павіншаваць заслаўцаў са святам горада прыехалі шматлікія калектывы Мінскага раёна і сталіцы, зоркі беларускай эстрады.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter