ААТ “Мосарлён” Глыбоцкага раёна атрымала 12 цэнтнераў ільновалакна з гектара

Зарабіў – атрымай і мільён у дзень

ААТ “Мосарлён” Глыбоцкага раёна атрымала 12 цэнтнераў ільновалакна з гектара. Гэта трэці паказчык па Віцебскай вобласці.

Амаль два дзесяцігоддзі прадпрыемства ўзначальвае Віктар КЕЙЗІК. З ім сустрэўся наш карэспандэнт.


— Віктар Пятровіч, з года ў год, нягледзячы на даволі розныя кліматычныя ўмовы, вы атрымліваеце стабільныя, адны з лепшых у рэспубліцы ўраджаі даўгунцу. Звяртае на сябе ўвагу і другі не менш важны факт: сабекошт тоны ўмоўнай прадукцыі ў мінулым годзе (льновалакна нумарам 10) склаў усяго 23 мільёны 386 тысяч рублёў, амаль у два разы менш, чым у другіх месцах. Як удаецца гэта рабіць?

— Гэтыя два факты ўзаемазвязаны. У сабекошце прадукцыі сыравіна займае  больш паловы. І чым вышэйшая ўраджайнасць, тым ніжэйшым будзе сабекошт  канчатковага прадукту — льновалакна.

На якія моманты мы звяртаем асаблівую ўвагу?  Па-першае, падбор зямлі. Пытанне самае важнае. Высяваем лён на 650 гектарах, і вельмі цяжка знайсці ўчасткі з кіслотнасцю 5,5. Тым больш што на адно і тое ж поле можам вярнуцца толькі праз 6—7 гадоў. А ў сёлетніх планах і наогул давесці палеткі даўгунцу да 1000 гектараў.

Абавязкова рыхтуем зямлю пад лён з восені. За два тыдні да ўздыму зябліва ўносім гліфасаты супраць пырніку. Калі гэтага не зрабіць, то давядзецца “хімічыць” вясной. А кожная такая апрацоўка адбіваецца на саміх пасевах, спыняе іх у росце. Яны так і не могуць набраць сілы. Праблемы часам узнікаюць і з-за таго, што асобныя кіраўнікі гаспадарак не спяшаюцца вызваліць поле ад саломы, спасылаючыся на шэраг іншых неадкладных работ. Угаворваем, дапамагаем у нечым і ўрэшце знаходзім агульную мову. Зябліва падымаем за 15—20 дзён. Уносім адначасова калійныя ўдабрэнні. 

У нас “прыжыўся” французскі сорт “алізэ”, і мы самі сябе цяпер забяспечваем насеннем. Абыходзіцца яно ў 4,5 мільёна рублёў за тону, у той час калі б куплялі, давялося б плаціць да 30 мільёнаў. Улічваючы, што нам патрэбна на сяўбу звыш 90 тон насення, гэта вылілася б у 2 мільярды рублёў. Высяваем па 140 кілаграмаў на гектар. Рэдка хто, акрамя нас, так шмат сее. Хаця і тут ёсць пытанні. Прасвет паміж радкоў складае 12 сантыметраў. Некаторыя вучоныя даказваюць, што так і трэба. На маю ж думку, прасвет павінен быць удвая меншы, 6 сантыметраў. Такі, які рабілі раней спецыяльнымі льнянымі сеялкамі. Тады і ўраджайнасць ільновалакна была б працэнтаў на 30 больш, атрымлівалі б не 15 цэнтнераў з гектара, а ўсіх 20. А так расходуем упустую частку ўдабрэнняў і сродкаў аховы раслін. 

— Дзякуй за такую падрабязную тэхналогію. Але ж гэта напэўна яшчэ не ўсё? За ўсім  стаяць людзі, канкрэтныя выканаўцы. Ці праўда, што многія ў вас на сяўбе і ўборцы атрымліваюць па мільёну рублёў у дзень?

— Так, лён такая культура, што нельга ўпусціць ні адной лішняй хвілінкі. І тут я ўдзячны Белаграсэрвісу, з дапамогай якога за апошнюю пяцігодку істотна абноўлены машынна-трактарны парк. Не шкадуем грошай і людзям на ўборцы, бо іначай можна згубіць ураджай. Напрыклад, механізатар Франц Кавалеўскі звязаў за дзень 100 рулонаў ільнотрасты і тым самым замяніў каля сотні чалавек, калі б выконвалі работу ўручную. Дык чаму б яму не заплаціць той мільён? А ў канчатковым выніку мы здолелі ў мінулым годзе знізіць сабекошт тоны трасты з мільёна 277 тысяч рублёў да мільёна 75 тысяч. 

— Нягледзячы на тое, што Мосарскі завод адзін са старэйшых у краіне і неўзабаве адзначыць сваё 70-годдзе, ён, аказваецца, не спыняе работу нават летам?

— Некаторыя прадпрыемствы не працуюць па адной прычыне: адсутнасці сыравіны. У нас яе дастаткова. Што датычыць капрамонту, то калі спыніць завод хаця б на месяц, потым цяжка даганяць. Таму больш чым два тыдні не стаім. 

— А ці не пара яго паднавіць?

— Мы разам з чатырма іншымі заводамі вобласці ўключаны ў план мадэрнізацыі. Аднак, калі глядзець у будучае, патрэбна падумаць і пра жыллё. Ёсць у нас маладыя сем’і. Калектыў стабільны, у якім нямала дынастый: Апяцёнкаў, Навіцкіх, Яфімавых, Дулінцоў, Філіповічаў і іншых.  Мы самі зарабляем сабе грошы. Толькі за кошт выканання дзяржзаказу летась атрымалі ў якасці датацый і субсідый ад дзяржавы звыш 4 мільярдаў рублёў. У нас няма банкаўскіх даўгоў, за выключэннем крэдытаў за лізінгавую тэхніку. 

— Віктар Пятровіч, памятаю адзін эпізод, калі на вас моцна “наехалі” за збыт ільновалакна ў Расію, а не нашым перапрацоўшчыкам. Чаму вы тады так зрабілі?

— А што заставалася? Льнокамбінат не браў. А трэба ж было сеяць, купляць гаручае, выплачваць зарплату...

— Якія цяпер адносіны з айчыннымі перапрацоўшчыкамі? 

— Неблагія. Поўнае ўзаемапаразуменне і ў пастаўках прадукцыі, і ў разліках за яе. План продажу льновалакна Оршы нам даведзены прыкладна на ўзроўні мінулага года: 100 тон доўгага і 190 — кароткага. Мы паспрабуем, улічваючы і павелічэнне плошчы пад даўгунец, атрымаць прадукцыі больш. Са збытам “лішняга” праблем не будзе. У нас ёсць новыя рынкі. 

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter