Запрашэнне — Eingeladen

Выдадзена сумесная беларуска-швейцарская кніга
Выдадзена сумесная беларуска-швейцарская кніга.

У Берне сустрэліся швейцарскі палітык, сябар Беларусі  Эрнст Мюллеман (злева) і журналіст Уладзімір ГаўрыловічВынікам аднаго культурнага абмену стала сумесная кніжка “Запрашэнне — Eingeladen — Приглашение”, падрыхтаваная да друку ў Швейцарыі. Журналіст з гэтай краіны выязджаў на праваслаўны Вялікдзень у Беларусь, у Жыткавіцкі раён, а беларускі — на каталіцкі і пратэстанцкі ў кантон Ааргаў, каб пагля-дзець і параўнаць народныя абрады, спосаб быцця.

І вось праз два гады пасля таго, як на Палессі пабываў Рэмігіюс Бютнер, а ў Швейцарыі — рэдактар жыткавіцкай раённай газеты “Новае Палессе” Ула-дзімір Гаўрыловіч, трымаю ў руках арыгінальна выдадзеную трохмоўную, беларуска-нямецка-рускую кніжку. Сапраўднае “Запрашэнне” да ўзаемападарожжаў.

Як відаць з нататак швейцарца, добра абазнанага з этнаграфіяй, пачынаў ён падарожжа па Беларусі з насцярожанасцю і нават прадузятасцю. Непадобнасць на Швейцарыю палохала.

Імкненне зразумець усялякую (палітычную, эканамічную, культурную, бытавую…) іншасць незнаёмай краіны характэрна для рэпартажа Р. Бютлера.

Многае пабачыў і перажыў, глыбока ўспрымаючы, швейцарскі госць на Жыткаўшчыне: і “Гуканне вясны” з запускам папяровых птушачак, і “частаванне” на Радаўніцу продкаў на могілках “цукеркамі, свянцонымі яйкамі, свежымі караваямі і шкляначкай гарэлкі”, і наведанне “нічыйнай” зоны, пацярпелай ад Чарнобыля, а таксама жыткавіцкай школы, жывёлагадоўчай фермы. Пабываў журналіст і на вяселлі вясковай дзяўчыны Марыны, унучкі абвешанага медалямі ветэрана Балбуцкага, і “сына тураўскага гарадскога галавы” Андрэя. І ўсюды Бютнер добрасумленна запісваў лічбы і факты, якія характарызавалі мясцовае жыццё. Усюды аўтара сустракалі багатай, пераважна народнай “пачосткай” — найпершай прыкметай “беларускай гасціннасці”. Пра тое ж сведчаць здымкі багата застаўленых сталоў. Ілюстрацыі ў кнізе дапаўняюцца народнымі кулінарнымі рэцэптамі.

Вяртаўся швейцарскі госць з Жыткавіч і Турава праз Хатынь, Нясвіж і Мінск на сваю радзіму, у кантон Ааргаў, у зусім іншым настроі: не насцярожаным чалавекам, а сябрам беларусаў.

А з візітам у адказ, ужо на каталіцкі і пратэстанцкі Вялікдзень, лётаў Уладзімір Гаўрыловіч. Гасцяваў ён у вёсцы Шупфарт, у сялянскай сям’і Горлахер. Разам з гаспадарамі фарбаваў у розныя колеры велікодныя яйкі, ляпіў з цеста зайцоў, хадзіў у госці да суседзяў. У замку-кляштары гуляў вяселле юрыста Мірыям і банкаўскага работніка Рэнэ. Былі і паездка на кірмаш у Араў (тут не апіска: сталіцай кантона Ааргау з’яўляецца Арау), і ўдзел у першамайскай дэманстрацыі (хутчэй, пікніку), і наведанне супольнага жытла маладых сем’яў. Усё было падобнае на беларускае і адначасова адметнае — больш сціплае, нівеляванае, амаль пазбаўленае традыцый. А вывад? Мусіць, ён у гэтых радках У. Гаўрыловіча: па дарозе назад ён адчуў, што “нейкае ўнутранае цяпло падарылі нам шупфарцы. Чамусьці думалася пра іх, сілу іх веры і жыццялюбства”.

На здымку: У Берне сустрэліся швейцарскі палітык, сябар Беларусі Эрнст Мюллеман (злева) і журналіст Уладзімір Гаўрыловіч

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter