Запрашаем на лобчанскі абрад!

Адна з самых цікавых удзельніц дэлегацыі ад Лунінеччыны на фестывалі — жыхарка вёскі Лобча Анастасія ЯКАВЕЦ. Якая роля ёй тут адведзена, жанчына расказала “БН”

— Анастасія Іванаўна, кажуць, ваша вёска мае нямала адметнасцей. Пра іх змогуць даведацца госці фестывалю?

— Так, мы ахвотна прадэманструем асаблівасці аднаго з цікавейшых абрадаў, характэрных для нашых мясцін. Называецца ён “З ралцэм” і з’яўляецца яскравай адметнасцю Вялікадня. У абрадзе прымуць удзел члены фальклорнага аб’яднання “Лабчанка”, якое я ўзначальваю, народныя майстры.  Асаблівасці дзеі мы перададзім праз непаўторную мову вёскі Лобча, традыцыі, якія тут захоўваюцца здавён, і нашых таленавітых людзей. Не буду заўчасна раскрываць таямніцу абраду. Гэта трэба ўбачыць.

— Ваш фальклорны калектыў  вядомы далёка за межамі вёскі і нават раёна. Якія надзеі, спадзяванні звязваеце з фестывалем Прыпяцкага Палесся?

— Мы вельмі адказна ставімся да гэтай культурнай падзеі, з такой жа патрабавальнасцю, як дзесяць год таму рыхтаваліся да фестывалю “Славянскі базар у Віцебску», у якім мелі гонар удзельнічаць. Новы фестываль зойме сваё месца ў шэрагу самых цікавых мерапрыемстваў, якія праходзяць у нашай краіне. Мне вельмі прыемна, што часцінку свайго таленту таксама магу да гэтага прыкласці.

— Мяркуючы па тым, як актыўна ўдзельнічаеце ў культурным жыцці раёна і краіны, у вас шмат любімых заняткаў…

— Люблю спяваць, вышываць, пішу вершы. Як мясцовая паэтка чытаю іх на шматлікіх імпрэзах. Нягледзячы на тое, што даволі даўно знаходжуся на заслужаным адпачынку, вольнага часу амаль няма. Але гэта мяне ніколькі не засмучае, бо займацца любімай справай — самае прыемнае, чаго можна жадаць у жыцці.

— Дарэчы, вашы вершы знаходзяць адлюстраванне ў творчасці фальклорнага аб’яднання?

— А як жа! У ім сабраліся вельмі адораныя людзі, якія могуць і сыграць, і станцаваць, і песню выканаць так, што дух займае. Гэта Ганна Рудая, Ева Якавец, Таццяна Юрко, Леанід Яраховіч, Вольга Якавец, Аляксандр Мірошкін і іншыя. Пастаянна ўдзельнічаем у розных святах, дорым людзям добры настрой, і ў гэтым наша шчасце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter