Запоўніць белыя лісты

Больш за 200 дакументаў аб літаратурнай, навуковай і грамадскай дзейнасці Якуба Коласа прадстаўлены ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Убачыць большасць з іх шырокая грамадскасць атрымала магчымасць упершыню.

Выстава “Беларусь, ён дастойны змагар твой і сын” прымеркавана да дня нараджэння песняра і падрыхтавана Нацыянальнай бібліятэкай краіны сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь.
— Найбольшую каштоўнасць сярод экспанатаў выставы прадстаўляюць тыя, што напісаны рукой самога Коласа, — расказала карэспандэнту “Народнай газеты” падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця выставы загадчык сектара арганізацыі кніжных выставак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вольга Ліхімовіч. — Гэта рукапісы і чарнавікі знакамітых коласаўскіх твораў. Таксама можна ўбачыць прыжыццёвыя выданні класіка.  Напрыклад, кнігу з дароўным надпісам Якуба Коласа нашай бібліятэцы — тады яна насіла імя Леніна: польскамоўнае выданне “На ростанях” пясняр падараваў галоўнай бібліятэцы рэспублікі ў 1953 годзе.
— Дакументы, што экспануюцца на выставе, раскрываюць постаць Коласа з іншага, крыху нязвыклага боку, — адзначае загадчык аддзела публікацый дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Віталь Скалабан. — Яны прадстаўляюць актыўную грамадскую пазіцыю Коласа як дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, члена ЦК Кампартыі Беларусі, характарызуюць класіка нашай літаратуры як дзяржаўнага дзеяча.
Гэтыя і іншыя дакументы ў хуткім часе пабачаць свет у зборніку, укладальнікамі якога выступаюць вядомыя беларускія навукоўцы Вячаслаў Селяменеў — дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, і Віталь Скалабан. Зборнік будзе названы радком з верша Петруся Броўкі “Купала і Колас, вы нас гадавалі” і выйдзе да канца юбілейнага года.
— Многія факты, што прыводзяць прадстаўленыя на выставе дакументы, у наш час гучаць вельмі актуальна, — лічыць Віталь Скалабан. — Напрыклад, сёння навукоўцы вядуць размову аб удакладненні беларускага правапісу. Гэта пытанне паўставала і ў пачатку 1940-х гадоў. На выставе ўпершыню можна пабачыць стэнаграму нарады па гэтым пытанні ў ЦК КПБ. Яна ўтрымлівае выступленне Якуба Коласа аб культуры і статусе мовы. Сярод экспанатаў — асабістая справа супрацоўніка наркамасветы Канстанціна Міцкевіча, анкета, запоўненая Коласам, і яго аўтабіяграфія.
Яшчэ адзін унікальны экспанат — зварот Коласа ў ЦК аб дрэнным стане могілак у краіне. Гэты ліст паэт напісаў незадоўга да сваёй смерці — у маі 1956-га.
Многія архіўныя дакументы, звязаныя з грамадскай дзейнасцю Коласа, сёння знаходзяцца за межамі краіны. Але паступова дзякуючы супрацоўніцтву навукоўцаў нашай краіны з замежнымі калегамі белых плям у жыцці нашага вялікага суайчынніка застаецца ўсё менш.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter