Запишiце мяне ў перадавiкi

Туголіцкі дом культуры размашысты, прасторны, але і ён ледзь умясціў перадавікоў народнай гаспадаркі, якія сабраліся на свой традыцыйны злёт з усіх куткоў Бабруйскага раёна. На сцэну паднімаецца кіраўнік раённай адміністрацыі Міхаіл Шалкоўскі, які вітае перадавікоў, падкрэслівае, што без іх важкага ўкладу наўрад ці ўдалося б дасягнуць тых рубяжоў, якія намячалі. Шмат разоў упаміналася слова “ўпершыню”. Гэта калі гаворка ішла пра валавую вытворчасць прадукцыі, якая склала 66,5 мільярда рублёў (113,8 працэнта да ўзроўню папярэдняга года), паўсотню тысяч тон збожжа, якую атрымалі, надоі малака ад каровы, што павысіліся амаль на паўтоны. Падцягнуліся ўсе галіны. Амаль на ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах – рух наперад. У цэлым спрацавалі з прыбыткам, які складае 3 мільярды 840 мільёнаў рублёў. Свой уклад унёс кожны працоўны калектыў, а найбольш – СВК “Гігант”, імя А.Неўскага, імя Дзяржынскага, імя Пушкіна і іншыя. Нельга не адзначыць тую работу, якая праводзілася па рэарганізацыі сельгасвытворчасці. Вось і напярэдадні было прынята рашэнне аб зліцці чатырох гаспадарак у адну з цэнтрам у саўгасе “Бабруйскі”. Шэраг СВК узялі пад сваё крыло гарадскія прадпрыемствы, такія, як завод АТДа, фабрыка “Чырвоны харчавік” і іншыя. Кіраўніцтва раёна – чэпкае і наступальнае. Калі ўжо на што нацэлілася – не адступіцца. Вось і сяўбу мінулага года завяршылі аднымі з першых у вобласці, у жніво – зноў першыя, актыўна праводзяць усе сельгаскампаніі: выйгрыш у тэрмінах многае значыць! Ды і лёгка працаваць з тымі, хто сам на гэта настроены. Як той жа СВК “Гігант” – раённы лідэр. Ураджайнасць — каля 70 цэнтнераў з гектара. Лідэрства “Гіганта” наўрад ці хто будзе аспрэчваць. Нездарма ягоны кіраўнік Міхаіл Левакоў выходзіць атрымліваць ганаровыя граматы, грашовыя прэміі за перамогу ў раённым спаборніцтве, а за ім кіраўнікі СВК імя Дзяржынскага, імя А.Неўскага, “Кісялевічы”, імя Пушкіна, “Перамога”. Хто ў пераможцах за атрыманне малака, хто – бульбы, цукровых буракоў, ільну, іншай прадукцыі. А затым на сцэну падняліся галоўныя спецыялісты – лепшыя па прафесіі. У “сцяганосцах” — Цімафей Салановіч з СВК імя А.Неўскага. Цімафей Тарасавіч – вядомае ў раёне імя, двойчы ардэнаносец. Агранамічная служба ў гаспадарцы – на вышыні. Ніжэй сарака цэнтнераў з гектара тут не атрымліваюць. А ў мінулым годзе куды болей выйшла. І вось з’яўляюцца на сцэне для атрымання ўзнагарод прадстаўнікі самых масавых прафесій: механізатар СВК імя А.Неўскага Віталь Варламаў, вадзіцель гэтай гаспадаркі Вячаслаў Балыка, аператар машыннага даення з “Кісялевіч” Валянціна Паркелава, даглядчык-пастух з СВК імя Дзяржынскага Сяргей Пшанічны і іншыя. Кожны з іх – гэта высокі клас, уменне, аўтарытэт. Калі б характарызаваць, дык шмат часу заняло б. Усё ж не стрымаюся, каб не сказаць некалькі цёплых слоў пра Варламава. Ён пасля СПТВ як застаўся ў роднай гаспадарцы, так і да гэтага часу працуе. 35 гадоў стажу. Ён і на трактары, і на камбайне, і на кормаўборачнай, іншай тэхніцы. Работнік, якога пашукаць. Нездарма ў свой час з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, кавалер працоўных узнагарод. Вунь новы “Джон Дзір” прыйшоў – яму аддалі. Ля такіх і моладзь хутчэй крылы нарошчвае. Не злічыць працоўных перамог. І вось – чарговая. Вызначаліся пераможцы сярод комплексных брыгад і ферм, прадпрыемстваў і арганізацый, якія абслугоўваюць сельскагаспадарчую вытворчасць, у іншых сферах. Ніхто не быў абдзелены ўвагай, на ўсіх хапіла апладысментаў. Удзельнікаў злёту віталі намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Шкрадзюк, які ўручыў шэрагу працаўнікоў раёна граматы аблвыканкома і абласнога Савета дэпутатаў (а таксама прынёс добрую вестку аб тым, што раён – адзін з пераможцаў за мінулы год па добраўпарадкаванні), кіраўнік гарадской адміністрацыі Міхаіл Бандарэнка, былая даярка калгаса “Перамога” Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандра Сакун, шматлікія запрошаныя, якія выказалі перадавікам шчырую ўдзячнасць за іх нястомную працу, рупнасць, за тое, што былі і будуць узорам служэння абранай справе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter