Запавет Салановіча

Як просты селянін з Кіраўскага раёна музей стварыў і фальклорны гурт сабраў...Хвароба атручвала жыццё. Іншы раз здавалася, што няма ў ім больш мэты, няма той зорачкі, якая б цікавіла, вабіла, узрушвала. А яшчэ апаноўвалі розныя думы. Прычым такія, што раней, пры здароўі, і ў галаву не прыйшлі б. Пра родныя мясціны, пра вяскоўцаў... Вылушчылася з памяці спрэчка з братамі, што жылі ў Расіі, матчыну мову забыліся, усё нацыянальнае адкідвалі, бо лічылі яго перажыткам непісьменнасці. Мажліва, і мелі рацыю гэтыя “русакі”. Ды толькі не адлягала ад сэрца. І тады, на бальнічным ложку і прыйшла да простага калгасніка Івана Салановіча нечаканая думка. Даў ён сам сабе зарок: “Калі выжыву, займуся тым, каб хоць у сваёй вёсцы змяніць адносіны да нацыянальнай культуры”. Не ведаў, як гэта рабіць, з чаго пачынаць. Але з’явілася значная мэта ў жыцці. Хутчэй за ўсё, яна і паставіла чалавека на ногі.

Праўда, інваліднасці не пазбег. Не так, як раней, бегалі пальцы правай рукі па “гузіках” гармоніка, але калі ўскідваў на плячо гармонікавы рамень ды прыціскаў руку, дык і атрымлівалася нешта. Яшчэ ж пачаў збіраць прадметы ранейшага ўжытку. Сёй-той з вяскоўцаў пасмейваўся з такога захаплення, але аддаваў Салановічу ўжо непатрэбныя “рэліквіі”. Большасць жа без асабістай выгады з імі не развітвалася. І тады даводзілася ў “таварна-грашовыя адносіны” пускаць асабістыя пенсіённыя “капіталы”. Жонка, Марыя Іванаўна, спачатку кпіла, бо лішняга рубля ў сям’і не вадзілася. Ды потым махнула рукой: не прапівае ж, як хто-кольвечы ў вёсцы. А з часам уцягнулася і сама, дапамагала.
Неяк да саматужнага этнографа Салановіча звярнуліся сельсавецкія з просьбай дапамагчы арганізаваць канцэрт да вясковага юбілею. З гэтае нагоды ладзілася свята мясцовага значэння. І памчаў Іван Адамавіч па суседніх вёсках на матацыкле збіраць бабулек на спеўкі... Калі выступілі на свяце, усім стала зразумела, што нарадзіўся яшчэ адзін самабытны фальклорны калектыў з адметным мясцовым рэпертуарам.
— Выступалі ў суседніх вёсках, — успамінае Іван Адамавіч. — Пачалі запрашаць у раён. Сталі ўдзельнікамі фальклорных фестываляў ды конкурсаў. Прыдумалі назву ансамблю — “Былінка”, бо творы выконвалі толькі народныя. Потым “ахрысціліся” больш салідна — “Спадчына”. І ва ўдзельніках ужо недахопу не было.
Зараз колькасць лаўрэацкіх узнагарод “Спадчыны” і яе кіраўнікоў Салановічаў (Марыя Іванаўна таксама заўзятая спявачка) не ўмяшчаецца на стэндзе. Ансамбль пабываў на беларускім тэлебачанні, неаднаразова выступаў за межамі Магілёўшчыны. А што да мясцовых канцэртаў, то, па словах дырэктара Любонічскога сельскага Дома культуры Марыі Лазаковіч, двойчы ў месяц яны праходзяць абавязкова. У рэпертуары “Спадчыны” ўжо не толькі фальклор, але і песні, напісаныя Іванам Салановічам на вершы як мясцовых, так і вядомых беларускіх паэтаў.
Аднак гэта адзін бок зароку, дадзенага некалі Салановічам. Ён усё ж такі сабраў калекцыю прадметаў мінулага ўжытку. Ды такую, якой не можа пахваліцца ні адзін музей у вобласці. Захоўваць яе ў хатніх умовах стала ўжо немагчыма: проста не хапала месца. І тады ён самачынна заняў пустуючае памяшканне былой сельскай бібліятэкі. Без ацяплення, без электраправодкі (яе потым аднавілі). Ды і экспанаты размясціў па свайму разуменню. Хоць, здавалася, пакой прасторны, але і ў ім усёй экспазіцыі цесна.
Калі ўпершыню гэты прыватны этнаграфічны музей (менавіта ў такім статусе ён пакуль што існуе) наведалі афіцыйныя асобы, то адразу яго прызналі. Нават экскурсіі, семінары пачалі сюды прывозіць. Бо сапраўды тут ёсць на што падзівіцца. Некаторыя рэчы выраблены ў пачатку ХІХ ст. А “біяграфіі” іншых і ўстанавіць немагчыма. Калі ж за ткацкі станок садзіцца Марыя Іванаўна Салановіч ды яшчэ апране вясковае адзенне, што насілі “да рэвалюцыі”, быццам ажывае карцінка сялянскага побыту тае пары. Тым больш што дзякуючы яе ткацкаму майстэрству ў музеі ёсць поўны набор вырабаў з саматканага палатна.
Шкада толькі, што бачыць гэтыя рэліквіі не столькі людзей, колькі маглі б. І таму, што музей існуе на “птушыных падставах”. Іван Адамавіч за сваё спадзвіжніцтва не атрымаў ніякай матэрыяльнай кампенсацыі, хоць і не надта пра гэта думае. Яго больш засмучае, што не створана сапраўднай этнаграфічнай экспазіцыі. З анатацыямі, у якіх бы тлумачалася бытавое прызначэнне кожнага экспаната. Людзі яны з жонкай пажылыя. Таму турбуюцца і пра тое, што стане некалі з іх чвэрцьвекавымі намаганнямі, якімі і створаны музей.
Аднак ёсць надзея, што хутка ўсё выправіцца. У Любонічах сёлета з’явіцца аграгарадок. Вёска атрымае другое дыханне. Як запэўніў начальнік абласнога ўпраўлення культуры Анатоль Сенькавец, не забыты і музей Салановічаў. Яму наканавана таксама новае жыццё.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter