В Левках по традиции ко дню рождения Янки Купалы увековечили о нем народную память

Занялі свой пасад між народамі

Ляўкоўскія мясціны, а таксама тутэйшыя жыхары натхнялі народнага паэта Янку Купалу

На Аршаншчыне, у мемарыяльным запаведніку «Ляўкі», размешчаным побач з аднайменнай вёскай, ушанавалі памяць народнага паэта Янкі Купалы з нагоды 139-х угодак ягонага дня нараджэння. 2022-і стане юбілейным, і свята прыдбае абласны маштаб, аднак справа нават не ў гэтым. Галоўнае — памяць, што жыве ў сэрцах землякоў, беларусаў, а найлепшы помнік — творы, якія ў класіцы застануцца навечна.

Аршанскія артысты славяць Янку Купалу песнямі.
Фота Аркадзя БУЛВЫ

Мемарыяльны запаведнік у 2011 го­дзе наведаў наш Прэзідэнт і пакінуў тут запіс: «Дзякуй усім тым людзям, якія збераглі нам гэту спадчыну». Прыцягваюць увагу ў экспазіцыі першыя аўтографы вершаў Купалы, датаваныя 1904-м, і фотапартрэт, зроблены ў гэтым жа годзе: юнак у пачатку творчага шляху. Аднак выстаўка пераважна створана па 1930—1940-х гадах, асабліва шмат фотаздымкаў, на якіх Пясняр у творчых камандзіроўках на будоўлі. Такія ваяжы ў той час былі распаўсюджанымі сярод пісьменнікаў: пажыць сярод людзей, пра якіх потым напішуцца творы. Янка Купала ў 1933-м адправіўся на Палессе і пабыў сярод працаўнікоў, якія асушалі балоты. У выніку за пару майскіх тыдняў напісаў пра гэта паэму «Над ракой Арэсай», яна перакладзена на дзець моў свету.

Свайго суседа ляў­коўцы любілі, гана­рыліся ім. Успаміналі, што Купала вандраваў па наваколлі, хадзіў пешшу ў Копысь, а заходзячы на калгаснае поле, скідваў пінжак, закасваў штаны і ра­зам з усімі працаваў. Казаў, што ён звычайны вясковы хлопец і праца на зямлі прыносіць яму асалоду. На адной з карцін у ляўкоўскім музеі Купала каля калгаснага поля разам з вяскоўцамі. Іх вобразы таксама спісаны з рэальных жыхароў. Так, Жэня Новікава — з ёй паэт пазнаёміўся ў лесе, калі тая збірала суніцы. Ён заўважыў: «Якая прыгожая дзяўчынка!  Як сунічка». Жэня засаромелася. Пазней пайшла ў школу і марыла стаць настаўніцай, а паступіўшы ў педага­гічны тэхнікум у Мінску, кватаравала ў Янкі Купалы і Уладзіславы Францаўны. Потым Яўгенія Новікава ўсё жыццё працавала настаўніцай на Палессі, некалькі год назад у Ляўкі завітвалі яе дзеці — дачка і сын, яны ўжо сталыя. Цікавая сустрэча.

Дырэктар Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Аксана Кулагіна і спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Вольга Бахмат сочаць за ліпеньскай завя­дзёнкай сустракацца і ўслаўляць Песняра:

— Ганарымся, што Янка Купала выбраў менавіта нашы мясціны. Свята з задавальненнем ладзім штогод, запрашаем на аршанскую зямлю пісьменнікаў, на гэты раз да нас завіталі сябры Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, а таксама творцы з Віцебшчыны. Гледачы — жыхары Копысі, Зубава, Бабініч, Ляўкоў, многа прыезджых. У нас гасцінная зямля, на ёй лёгка жывецца і дыхаецца.

А таксама лёгка спяваецца. Творчыя калектывы і салісты славілі ў песнях народнага паэта, запаветная мара якога збылася: Беларусь заняла «свой пачэсны пасаг між народамі», уваскрэсшы з попелу і руін і здабыўшы незалежнасць.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter