Як праходзіць жніво на радзіме Якуба Коласа

Замлела ўсё ў жары-тамленні, зямля гарача і каменні

На радзіме Якуба Коласа ў Стаўбцоўскім раёне патэтыка жніва, так прыгожа апетага ў шматлікіх творах класіка, адыходзіць на другі план перад тэмпамі і якасцю працы камбайнераў. Але хлебаробы прызнаюцца: менавіта “лавы жыта, што морам золата разліта” кожны дзень даюць новыя сілы працаваць. І зараз на стаўбцоўскіх палетках, як і сто гадоў назад, поўным ходам ідзе жніво. Праўда, на полі цяпер замест жнеек сучасная тэхніка. Зразумела, з бегам часу праца стала механізаваная, тэхналогіі — больш дасканалыя. Але адносіны кіраўнікоў гаспадарак, аграномаў, камбайнераў да ўборкі збожжавых, бадай, такія ж, як і раней, — сур’ёзныя, але пяшчотныя.
Студэнт Дзіма Дзям’янка ў лідарах сёлетняга жніва

Нёман дзеліць раён на дзве часткі — паўночную і паўднёвую. Традыцыйна склалася, што глебы на поўдні больш урадлівыя. Ад таго розная і ўраджайнасць. Бягучы год  не выключэнне. Аднак на гэты фактар, як, напрыклад, і на надвор’е, у раёне не крыўдзяцца — калі не ўмееш працаваць, сапсаваць ход жніва, смяюцца, можа і дрэнны настрой камбайнера. Да спецыфічных умоў тут прызвычаіліся. Кіраўнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колесень прыводзіць кантрольныя лічбы: на плошчы зерневых і зернебабовых у 22 тысячы гектараў ужо ўбралі 44 працэнты збажыны, што вышэй абласнога паказчыка. Сярэдняя ўраджайнасць пры гэтым 35,2 цэнтнера, аднак плануюць выйсці на 38. Валавы збор у раёне чакаецца ў аб’ёме 80 тысяч тон, або плюс 22 працэнты да ўзроўню мінулага года. На ўборку кінута ўся моц:

— На палетках працуюць 96 камбайнаў. Занята тэхніка і некаторых гарадскіх прадпрыемстваў — адвозіць зерне дапамагаюць 17 машын. На таках працуюць і настаўнікі, і рабочыя, і лесаводы — усе разумеюць, што робім агульную справу. Пры добрым надвор’і ў дзень убіраем прыкладна 5—6 працэнтаў плошчы, таму не бачу праблем завяршыць жніво да 20 жніўня.

Аднак пазамінулую планку ў 100 тысяч тон зерня браць намеру не маюць. За тым рэкордным для раёна караваем скрываўся недахоп кармоў. Структуру пасяўных плошчаў перагледзелі і зразумелі, што 22 тысячы гектараў — аптымальны варыянт. На іх і сеюць збажыну. 
Раней, зразумела, плошчы пад яе мераліся зусім іншымі адзінкамі. Бо апрацоўваць зямлю даводзілася ўручную. Выратоўвала тое, што сем’і былі вялікія: дзесяць дзяцей лічылася нормай, а вось уборка ўраджаю — справай жаночай. У Коласа чытаем: 

“Жнеі чародкі

Ідуць паважна, як лябёдкі,

У хустках лёгкіх, кофты белы,

Іх рукі дужа загарэлы.

Ідуць дзяўчаты, маладзіцы 

І жарты строяць, як блазніцы. 

Звініць іх голас, смех шчаслівы;

Чутна і песня маладая,

І поле раптам ажывае”. 

Мужчыны да ўборкі падключаліся тады, калі наліўны колас трэба было ўратаваць — прагназавалася дрэннае надвор’е. Аднак карціна — селянін з сярпом — нават зараз выглядае камічна. Нядзіўна, бо такую прыладу працы мужчыны не выкарыстоўвалі. Добра абыходзіліся з косамі. Чаму каласы не блыталіся? Сакрэт ва ўнікальным прыстасаванні, якое знаходзім у экспазіцыі мемарыяльнай коласаўскай сядзібы “Смольня”. Старэйшы навуковы супрацоўнік сядзібы Пётр Корсік дэманструе так званую градку, якую і прымацоўвалі да касы. Пры касьбе яна быццам расчэсвала каласы, не давала ім блытацца. Вось так сярпамі і косамі ўбіралі збажыну з палеткаў. 

Захоўвалі зерне ў гумне. Ляжала яно там да позняй восені. Справа ў тым, што ў пачатку верасня трэба было ўбіраць агародніну, таму займацца хлябамі проста не было часу. А вось калі грады прыводзіліся да ладу, вяскоўцы браліся за збожжа. Абмалочвалі цапамі, малолі на каменных жорнах. Гэтыя ўжо дзіўныя для сучасніка прылады працы бачым у сядзібе. Тут жа цэбар і сявенька — ёмістасці для захоўвання зерня.

Цікавы факт: больш за 80 працэнтаў прадстаўленых экспанатаў у Смольні, дзе з 1910 года жыла сям’я Коласа (маці паэта Ганна Юр’еўна, дзядзька Антось, сёстры Алёна, Міхаліна і Марыя, браты Язэп, Міхась і Улад), належалі Міцкевічам. Сам Кастусь (Якуб Колас) наведваўся ў Смольню на летнія канікулы. Ёсць меркаванні, што тут ён працаваў над знакамітай “Новай зямлёй”. Так ці не, праверыць складана, але дакладна вядома, што суседняя Альбуць, дзе зараз яшчэ адзін аб’ект музея, стала прататыпам вёскі Парэчча, апетай у паэме. Калі нагадаць твор, успомніцца, што землі ў наваколлі былі неўрадлівыя, працаваць было складана. Нядзіўна — раней тут знаходзілася смалярня, куды звозіліся розныя карчы і смецце. Зараз гэтыя прасторы належаць ААТ “Радзіма Якуба Коласа” і на былую неўпарадкаванасць няма і намёку — ужо ўбрана больш за пяцьдзясят працэнтаў збажыны, неблагая і ўраджайнасць — 36,1 цэнтнера з гектара. 

Бліжэй да абеду прыязджаем у поле гаспадаркі. Замест песень жнеек нават здалёку чуецца гул тэхнікі. Працуюць на палетках адкрытага акцыянернага таварыства восем экіпажаў. Сярод іх — бацька і сын Ясінскія. Для Генадзя Іванавіча гэта ўжо трыццаць першая ўборка, сын Генадзь за штурвалам гадоў дзесяць, але не саступае спрыту бацькі.

— Генадзь Іванавіч, сёлета добры колас?

— Інакш і не ўбіралі б, — знаходзіцца камбайнер. — Працаваць прыходзіцца шмат, але разумеем, што хлеб убраць трэба да часу. Такая наша сялянская доля. Аднак чаго гнявіць Бога, у полі зараз камфортна: добрая тэхніка, ад таго і адпаведныя ўмовы. Працуй сабе с задавальненнем.

А яго Генадзь Іванавіч, з размовы разумею, атрымлівае. Няхай простымі, не такімі паэтычнымі, як у Коласа, але ўзнёслымі словамі апісвае жніво: “Так прыемна ўранку прыйсці, адчуць пах коласа, правесці па ім рукой. Калі сухі, — можна смела ўбіраць”.

Між тым на полі становіцца горача. Нешта падобнае апісана Коласам: 

“Гарачы дзень! Эх, спёка, спёка! 

А прохаладзь вечара далёка.

Замлела ўсё ў жары-тамленні,

Зямля гарача і каменні”. 

У такую спёку самы час падсілкавацца. Да хлопцаў пад’язджае машына з абедамі.

— А гэта што за аўтобус? — чую здзіўленыя пытанні хлебаробаў. На поле ліха падрульвае машына, прыпыняецца. З яе пакрысе выходзіць апранутая ў прыгожыя касцюмы дэлегацыя. “А, вось і спевы прыехалі”, — скемілі працаўнікі. Аказваецца, з канцэртам да хлебаробаў завітаў мясцовы народны фальклорны ансамбль “Коласавы землякі” з вёскі Мікалаеўшчына. 

Камбайнеры ААТ “Радзіма Якуба Коласа” абедаюць у полі

Такія канцэрты ў полі для ансамбля — з’ява звычайная. Прычым ездзяць спевакі не толькі ў бліжэйшую “Радзіму Якуба Коласа”, а па ўсім раёне. Мастацкі кіраўнік Лідзія Варывоцкая пацвярждае:

— Для нас жніво — таксама гарачая пара. На тыдзень у полі па некалькі разоў. Выязджаем не толькі на “Зажынкі”, частуем песнямі камбайнераў, калі трэба павіншаваць з добрым намалотам ці днём нараджэння. У такія хвіліны мы таксама разам з хлебаробамі. 

У рэпертуары калектыву, які існуе з 1949 года, больш за сто песень. Ёсць сярод іх і на коласаўскія вершы. Аднак большасць паэтычных твораў напісаны іншымі аўтарамі, землякамі паэта. Песні раёна збіралі не адно дзесяцігоддзе, хадзілі па вёсках, запісвалі. У выніку цэлых пяць зборнікаў. У рэпертуары і “Дажыначкі”, “Зелянее жыта зялёна”, “Зажынаюць”, “Хвала хлебу”, “Хлеб ды соль”, “Свята ўраджаю”. Аднак па душы камбайнерам вясёлыя матывы. Нядзіўна, так хаця б на пару хвілін можна перавесці дух, падпець, а калі дык нават і патанцаваць.

Ансамбль зацягвае задорны матыў. Гляджу, хлопцы ўстрапянуліся. Слухаюць. Тут Лідзія Васільеўна падхоплівае пад рукі шафёра Эдуарда Рымашэўскага і ідзе з ім у скокі. Што ж, на жніве ёсць месца і працы, і адпачынку. Падыгрывае на баяне нязменны акампаніятар Міхаіл Міткевіч. Аказваецца, музыка — далёкі сваяк паэта. Знакаміты Юзік, дзядзька Коласа, нават гуляў на вяселлі Міхаіла Міхайлавіча:

— Ён чытаў урыўкі з паэмы. Дарэчы, Юзік ведаў на памяць усе творы Коласа. Быў чалавекам адукаваным. Нездарма пасля вайны стаў старшынёй калгаса ў Мікалаеўшчыне, тады менавіта ён называўся “Радзімай Якуба Коласа”. А гэты быў “Перамогай”. Потым дзве гаспадаркі аб’ядналі ў адну. 

Міхаіл Міхайлавіч таксама добра ведае творчасць знакамітага земляка. Не прымінае ў падыходзячую хвілінку прачытаць пару радкоў. Механізатарам, кажа, падабаецца. Так і зараз: хлебаробы дзякуюць за цудоўныя вершы і спевы, а затым ідуць да камбайнаў.

У  паўночным баку раёна таксама працуюць камбайны. Старшыня ААТ “Дзераўная” Юрый Тарасевіч правозіць па ўладаннях гаспадаркі і міжволі радуецца стану палеткаў. Кажа, падышло жыта добра. Сярод паўднёвых гаспадарак, дарэчы, у “Дзераўной” трэці вынік. Ураджайнасць тут 30,7 цэнтнера. 

На ніве — восем экіпажаў. Ёсць сярод іх сапраўдныя дынастыі. Адным камбайнам першы год кіруе Дзіма Дзям’янка, на другім у якасці памочніка малодшы брат Улад. Для хлопцаў-студэнтаў цяперашняе жніво, лічы, першае самастойнае. Але ўдалае. Дзіма, напрыклад, займае другое месца па гаспадарцы па намалоце.

— Адкуль такі спрыт? — пытаюся.

— Дык малады ж, жвавы. Да таго ж ёсць азарт, жаданне.

Хлопец вучыцца ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце на апошнім курсе. Не выключае, што пасля заканчэння вернецца ў родны раён. Малодшы Улад перайшоў на другі курс Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Кажа, пакуль будзе вучыцца, возьме абавязак пасля экзаменаў удзельнічаць у жніве. Пасля кароткай размовы хлопцы зноў прыступаюць да справы — на ўліку кожная хвілінка. Нельга, каб спелы жытнёвы колас асыпаўся. 

Тым часам камбайны зноўку заводзяць коласаўскае: 

“Сярпок скрыгоча прагавіта, 

Жытцо згрызаючы сярдзіта, 

Як бы яму ўсё мала стравы — 

Нядарма ж вылез ён з-за лавы...” 

bizyk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter