Адным з абавязковых атрыбутаў на Новы год і Каляды была салома. Яе, піша livingheritage.by, засцілалі на падлогу ў хаце, а таксама падкідалі да столі, каб у новым годзе такімі ж высокімі выраслі каласы і можна было сабраць багаты ўраджай. Салому клалі пад абрус каляднага стала, а потым абвязвалі ёю пладовыя дрэвы або неслі ў поле. Яшчэ да свята вырабляўся саламяны павук у выглядзе сонца, зоркі або ромба — як сімвал урадлівасці і абярэг, закліканы ахоўваць хату, прыносіць шчасце і забяспечваць дабрабыт сям’і. Як правіла, павук падвешваўся над сталом у чырвоным куце.
Па-іншаму выглядаў у нашых продкаў і святочны стол. Не было на ім ні мандарынаў, ні шампанскага. Але хапала іншых страў. Стол рыхтавалі багаты, каб у наступным годзе цешыцца дастаткам. На свята падавалі каўбасы, катлеты і іншыя стравы са свініны або ялавічыны, масла, сыр, бліны, верашчаку, гародніну, рыбу, грыбы. А запівалі гэта ўсё ўзварам, півам або сытай — разбаўленым у халоднай вадзе мёдам.