Замест банкамата — у Інтэрнэт

Акрамя плацяжоў праз інфакіёскі і банкаматы кожны беларус, які з’яўляецца трымальнікам банкаўскай пластыкавай карткі і мае доступ у Інтэрнэт, праз некалькі гадоў штомесяц будзе ажыццяўляць у сярэднім 7—10 плацяжоў з дапамогай Сусветнай павуціны, лічыць старшыня праўлення Белаграпрамбанка Сяргей Румас. Каб наблізіць гэты час, Белаграпрамбанк сумесна з Мінскім транзітным банкам збіраюцца актыўна папулярызаваць гэтую новую для Беларусі паслугу.

У свой час мала хто верыў, што кожны чацвёрты рубель за паслугі сотавай сувязі абаненты будуць плаціць праз інфакіёскі і банкаматы, адзначыў Сяргей Румас. Але сёння гэта — ужо рэальнасць. Таму верагодна, што праз нейкі час вельмі папулярным стане і інтэрнэт-банкінг.
З дапамагай інтэрнэт-тэхналогій банкі яшчэ больш наблізяцца да сваіх кліентаў: плацяжы можна будзе ажыццяўляць не выходзячы з дому ці офіса. Ужо сёння спецыяльныя сістэмы  Белаграпрамбанка і МТБ дазваляюць кантраляваць прыватныя рахункі, ажыццяўляць безнаяўныя плацяжы і грашовыя пераводы. У далейшым, як плануецца, пералік магчымых транзакцый будзе пашырацца.
Карыстальнікаў інтэрнэт-банкінга сярод трымальнікаў пластыкавых картак двух банкаў пакуль што зусім няшмат. Круг аперацый, як правіла, абмяжоўваецца плацяжамі за камунальныя паслугі і сотавую сувязь. Кліенты яшчэ не ацанілі перавагі гэтай паслугі, некаторых непакоіць ці бяспечныя такія аперацыі, не задавальняе складанасць іх ажыццяўлення. “Трэба толькі адзін раз паспрабаваць, і хутка прызвычаішся”, — перакананы старшыня праўлення МТБ Андрэй Жышкевіч. На яго думку, патэнцыяльнымі кліентамі інтэрнэт-банкінга сёння можна лічыць усіх беларускіх карыстальнікаў Сусветнай павуціны.
Цяпер, па экспертных ацэнках, колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі дасягае амаль 2,5 мільёна чалавек, а ўладальнікаў банкаўскіх пластыкавых картак — 4 мільёны. Пашырэнне выкарыстання інтэрнэт-банкінга ды іншых новых банкаўскіх тэхналогій, як лічаць спецыялісты, можа істотна павялічыць у нашай краіне долю безнаяўных разлікаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter