Замест банка -- у клуб узаемадапамогi?

Цi дапаможа крэдытны саюз пабудаваць кватэру? У дзесяць разоў вырасла за няпоўны год колькасць удзельнiкаў пакуль што адзiнага ў Беларусi крэдытнага саюза грамадзян -- Сталiчнага клуба ўзаемадапамогi. У блiжэйшы час, як плануецца, пачнуць работу яшчэ каля пяцi аналагiчных структур.
Добра знаёмыя па савецкiм часе касы ўзаемадапамогi эвалюцыянавалi, падстроiлiся пад новыя эканамiчныя ўмовы. Крэдытныя саюзы, як разлiчваюць iнiцыятары iх развiцця ў Беларусi, будуць прымаць грошы, у параўнаннi з банкамi, пад больш высокiя працэнты, а выдаваць -- па максiмальна спрошчанай працэдуры.
Сам сабе банкiр
Спажывецкi кааператыў "Сталiчны клуб узаемадапамогi" пачаў работу ў Мiнску сёлета ў лютым. Тады ў гэтым крэдытным саюзе было толькi каля 10 пайшчыкаў. Яны зрабiлi паявы ўзнос у памеры 40 тысяч рублёў (пры выхадзе з кааператыву вяртаецца) i заплацiлi 10 тысяч рублёў уступнага ўзносу.
Ужо на пачатак снежня колькасць пайшчыкаў перавысiла 115 чалавек. А абарот прыцягнутых i выдадзеных займаў наблiзiўся да 60 мiльёнаў рублёў.
Кааператыў працуе па прынцыпу былой касы ўзаемадапамогi: хтосьцi ўкладвае грошы, хтосьцi бярэ. Толькi ў крэдытным саюзе пайшчык за размешчаныя на "дэпазiце" грошы атрымлiвае даход. У сваю чаргу i той, каму тэрмiнова спатрэбiлiся грошы, потым будзе вяртаць iх з працэнтамi.
Такiм чынам, крэдытны саюз вельмi нагадвае своеасаблiвую службу "хуткай дапамогi", толькi ў фiнансавай сферы. Акрамя гэтага, пайшчыкi саюза могуць непасрэдна ўплываць на працэнтныя стаўкi. Гэтыя паказчыкi зацвярджаюцца на рэгулярных агульных сходах ўдзельнiкаў кааператыва.
"Разведка боем"
Прававая база, якая рэгулюе дзейнсць крэдытных саюзаў у Беларусi, з`явiлася ў 1996--2000 гадах. Першая такая структура запрацавала ў нашай краiне ў 2002-м. Тады каля дваццацi мiнчан, пераважна члены Мiнскага сталiчнага саюза прадпрымальнiкаў i работадаўцаў, заснавалi таварыства ўзаемнага крэдытавання суб`ектаў малога прадпрымальнiцтва "Стольны". Кожны пайшчык, як патрабуе заканадаўства, зрабiў узнос у эквiваленце 300 еўра. З таго часу выдалi каля 70 займаў агульным аб`ёмам звыш 125 мiльёнаў рублёў. У сярэднiм выдавалi на 3--4 месяцы па 2,5--3,8 мiльёна рублёў.
Аднак справа, як прызнаюцца ў саюзе, пайшла не вельмi ўдала. Жадаючых узяць "крэдыт" было шмат, а вось класцi свае грошы пад працэнты пайшчыкi не спяшалiся. З-за гэтага магчымасцей выдаваць пазыкi было ўсё менш i менш. Прадпрымальнiкам больш выгадна трымаць грошы ў абароце, так тлумачаць сiтуацыю ў дырэкцыi "Стольнага".
Каб папаўняць агульны фонд i выдаваць большыя па аб`ёму пазыкi, у саюзе збiраюцца зарабляць на дадатковых паслугах: даваць платныя юрыдычныя, бухгалтарскiя кансультацыi.
Ад моладзi да пенсiянераў
Сталiчны клуб узаемадапамогi, якi ўзнiк пасля "Стольнага", стваралi з улiкам вопыту работы "першапраходцы". Аднак працаваць усё роўна няпроста. "Кожны чацвёрты-пяты чалавек, якому мы расказваем пра сябе, лiчыць нас "пiрамiдай"", -- прызнаецца старшыня праўлення "клуба ўзаемадапамогi" Iгар Мiкульчык. "У нашым менталiтэце так замацавалася: актыўны, прадпрымальны -- значыць, несумленны, можа падмануць, -- тлумачыць ён. -- Трэба мяняць стэрэатып.
Тым не менш людзi бяруць: каму на вяселле, каму на набыццё бытавой тэхнiкi, каму на рамонт кватэры. Пакуль што працуюць "па дробязi". Калi ж прыцягнуць больш грошай, можна будзе падумаць i пра выдачу сродкаў, напрыклад, на пакупку аўтамабiля цi кватэры.
А пакуль што на першы раз выдаюць да 1 мiльёна рублёў на тэрмiн да 1 года. Расплацiшся, добра зарэкамендуеш сябе -- зможаш разлiчваць у наступны раз i на большую суму. Вабiць людзей тое, што ўсё адбываецца без лiшняга бюракратызму. Раней ў саюзе патрабавалi заклад, а цяпер абыходзяцца i без гэтага: прыносiш даведкi аб сваiм заробку i даходах твайго паручыцеля -- i ў той жа дзень цi назаўтра можаш браць грошы.
-- Было некалькi выпадкаў, калi пазыкi не вярталi, -- прызнаўся Iгар Мiкульчык. -- Аднак iх было няшмат. Пайшчыкi адзiн аднаго ведаюць. Нiхто не хоча, каб яго потым папракалi.
Грыбное надвор`е
У блiжэйшыя месяцы ў Мiнску, Магiлёве, Лiдзе, Мядзельскiм раёне, iншых рэгiёнах, як плануецца, пачнуць работу звыш пяцi новых крэдытных саюзаў грамадзян. Далей яны будуць расцi як грыбы, прагназуюць эксперты. У тых жа суседнiх Украiне i Польшы цяпер у такiх кааператывах удзельнiчаюць тысячы людзей.
Для аналагiчнага поспеху ў Беларусi, адзначаюць спецыялiсты, неабходна зняць з крэдытных саюзаў пэўную нагрузку. Напрыклад, пайшчык за размяшчэнне цi атрыманне грашовых сродкаў мусiць плацiць падаходны падатак. Нямала плацяць кааператывы i за абслугоўванне сваiх рахункаў у банках. Калi гэтыя праблемы вырашаць, то i "крэдыты" грамадзяне змогуць атрымлiваць па больш нiзкай працэнтнай стаўцы.
Крэдытны саюз -- гэта яшчэ адна магчымасць з выгадай укласцi свае сродкi цi атрымаць пазыку. У насельнiцтва пашыраецца выбар. Аднак, прызнаюцца эксперты, рабiць асноўную стаўку на такiя кааператывы, супрацьпастаўляць iх банкам пакуль што вельмi рана: новыя структуры з-за iх неразвiтасцi i малых абаротаў для банкаўскага сектара не канкурэнты.
Даведка "НГ"
У Беларусi першы крэдытны саюз пачаў работу ў 1885 годзе. Пiянерам стала Мiнскае гарадское крэдытнае таварыства. Ужо ў 1914 годзе толькi ў Мiнску дзейнiчалi пяць такiх структур. У наступным, 1915-м, грашовы абарот таварыстваў узаемнага крэдыту, якiя працавалi на тэрыторыi сучаснай Беларусi, складаў больш за 250 мiльёнаў рублёў -- вельмi вялiкiя па тым часе грошы.
Сёння ў свеце членамi крэдытных кааператываў з`яўляюцца каля 100 мiльёнаў чалавек. Найбольшую папулярнасць такiя аб`яднаннi набылi ў Iрландыi i Канадзе. Там у крэдытных саюзах удзельнiчае кожны другi жыхар краiны.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter