Замчышча раскрывае таямнiцы

Мiнiстэрства культуры дапаможа стварыць музей гiсторыi Мiнска

Мiнiстэрства культуры Беларусi дапаможа стварыць музей гiсторыi Мiнска

Прыгожае сiняватае шкло, завiтае ў спiраль, знайшлi на раскопках Мiнскага замчышча каля станцыi метро «Нямiга». Спецыялiсты ўстанавiлi: гэты шкляны бранзалет зрабiлi ў XIII стагоддзi. У тыя часы гэта было любiмае ўпрыгажэнне менавiта гараджанак, бо такiя вырабы трапляюцца толькi на месцах iснавання гарадоў. Тут жа студэнты, што працуюць на раскопках, знайшлi рэч, якую спачатку было цяжка вызначыць. Аказалася, перламутравы гузiк, толькi без дзiрачак.

Аб пачатку раскопак замчышча «Р» ужо паведамляла. Археолагi знайшлi частку варот, што былi на ўездзе ў горад. Мяркуюць, у XII стагоддзi тут было каля 120 дамоў.

— На гэтым месцы ў 1970-х гадах займаўся раскопкамi i я, — расказаў карэспандэнту «Р» доктар гiстарычных навук, прафесар Георгiй Штыхаў. – Тады мы знайшлi шмат амфар. Такое ж самае я бачыў i падчас раскопак полацкай Сафii. Тут была царква, а ў амфарах вазiлi вiно для прычашчэння, што пасля i пацвердзiлася. Храм будаваўся каменны i абкладваўся даламiтавымi плiткамi. Такога ў Кiеўскай Русi не было. Вiдаць, запрашалi майстроў з заходнiх славян. Але царкву чамусьцi не дабудавалi. У савецкiя гады iснаваў праект, якi прадугледжваў над рэшткамi храма паставiць купал, нават атрымалi дазвол ад улад. Але не знайшлося грошай...

Адкрыць тут нешта накшталт музея старажытнага горада прапаноўвалася i ў сярэдзiне 1980-х гадоў, калi будаўнiкi побач цягнулi лiнiю метро.

Цяпер выказваюцца розныя прапановы. Учора на раскопках пабываў мiнiстр культуры Павел Латушка. Ён адзначыў, што мiнiстэрства толькi вiтае захады па захаваннi гiстарычнай спадчыны i акажа дапамогу ў гэтым. Тым больш што размова iдзе аб XI—XII стагоддзях, а ў тыя часы Мiнск быў ажыўленым месцам, меў сувязi з многiмi гарадамi як Кiеўскай Русi, так i Еўропы. На думку мiнiстра, неабходна стварыць музей горада, а замчышча магло б стаць яго часткай.

Гэту iдэю падтрымлiваюць i супрацоўнiкi Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук. Было заўважана, што нельга хаваць гiстарычныя знаходкi, якiх набралася ўжо багата.

— Раскопкi правесцi нескладана, — заўважыў загадчык аддзела археалогii сярэднявяковага перыяду Iнстытута гiсторыi НАН Аляксандр Мядзведзеў. – Важна па-сапраўднаму распарадзiцца iх вынiкамi. I тут справа за гiсторыкамi, архiтэктарамi, якiя павiнны стварыць на месцы замчышча музей гiстарычнага цэнтра Мiнска.

Але як захаваць знойдзенае? Зямля – добры кансерватар. Але паветра i сонца могуць iмгненна сапсаваць старажытную драўнiну... Трэба шукаць спецыялiстаў, каб апрацавалi яе. Цi, калi зацягнуцца работы па стварэннi музея, зноў засыпаць?

Зразумела, цалкам аднавiць замчышча немагчыма. I працы шмат, i многае ўжо страчана з-за непрадуманага будаўнiцтва, сапсавана падземнымi камунiкацыямi... Тым не менш у сталiцы можа з’явiцца яшчэ адно месца, якое будзе прываблiваць i гараджан, i гасцей сваёй гiсторыяй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter