Эратычны трагiфарс, опера з харэаграфiчным пралогам, м'юзiк-фарс — якiя яшчэ прэм'еры чакаюць нас у новым тэатральным сезоне

Залу бяруць за жывое

Заўтрашні дзень можна лічыць афіцыйным адкрыццём новага тэатральнага сезона. Ужо які год запар першымі з адпачынку выйдуць артысты НАДТ імя М.Горкага. Яны будуць даваць сваю апошнюю прэм’еру «Як стаць багатым», потым яшчэ некалькі свежых спектакляў. Мы зазірнулі і за кулісы іншых вядучых тэатраў, каб даведацца, чым яны будуць здзіўляць нас у новым сезоне.

«Сон у купальскую ноч»
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

Небяспечныя  сувязі

Горкаўскі пакажа першую прэм’еру новага сезона праз месяц — 21 верасня. Валянціна Ерэнькова, якая не так даўно паставіла «Тэстастэрон», зноў узялася за тэму, скажам так, блізкіх адносін жанчыны і мужчыны. Жанр яе новага спектакля «Небяспечныя сувязі» па аднайменным рамане Шадэрло дэ Лакло пазначаны як эратычны трагіфарс. Несумненна, поспех спектаклю забяспечаны. І не толькі таму, што твор, напісаны яшчэ ў XVIII стагоддзі, вытрымаў мноства перавыданняў, тэатральных пастановак і экранізацый і заўсёды прыцягваў да сябе ўвагу. У галоўнай ролі секс-сімвал нашага тэатра — заслужаны артыст Беларусі Сяргей Чэкерэс. Маркіза дэ Мертэй (Кацярына Шатрова) і віконт дэ Вальмон — былыя палюбоўнікі. Разумныя, выдасканаленыя і цынічныя, яны стрымана гуляюць лёсамі іншых людзей. Дзеля хвіліннага задавальнення яны разбураць жыццё любога. Але лёс непрадказальны. І ён можа вельмі жорстка пасмяяцца з таго, хто лічыў сябе яго гаспадаром.

Карабель  заган

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета адкрые сезон 9 верасня. І адразу прэм’ера — «Саламея». Фармат спектакля абяцае быць не зусім звычайным. «Опера з харэаграфічным пралогам» — абвяшчае афіша. «У адрозненне ад іншых пастановак у нашай ёсць перадгісторыя, — гаворыць рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ. — Пад сімфанічную паэму Рыхарда Штрауса «Так казаў Заратустра» артысты балета раскажуць гісторыю Іаана Хрысціцеля. Цяпер, у святле спекуляцыі на рэлігійных пачуццях, не думаю, што варта выводзіць на сцэну артыста ў вобразе Збавіцеля. Таму мы будзем выкарыстоўваць самыя розныя светлавыя эфекты, напрыклад, сонечны сілуэт, які праходзіць праз натоўп, і г.д. Калі атрымаецца, то мне б вельмі хацелася паспрабаваць «намаляваць» на сцэне найвядомейшую карціну Аляксандра Іванова «З'ява Хрыста народу», зноў жа з промнем святла замест фігуры Месіі. З апошнімі тактамі музыкі «Так казаў Заратустра» заканчваецца харэаграфічны пралог і, уласна, падыходзіць да фіналу біблейская гісторыя зараджэння хрысціянства. Тут адбудзецца скачок у часе — пачнецца гісторыя Саламеі, гісторыя нашых дзён, мы ўбачым сучаснае грамадства і тое, да чаго прыйшло заходняе хрысціянства. На сцэне з'явіцца «карабель заган».

У канцы кастрычніка ў Вялікім прэм'ера балета «Анастасія». Юрый Траян, які некалькі гадоў таму паставіў «Вітаўта», зноў замахнуўся на спектакль з прыстаўкай «нацыянальны». Музыку зноў жа піша Вячаслаў Кузняцоў. Дарэчы, бліжэй да юбілею Атара Дадзішкіліяні ў афішы з’явіцца яшчэ адзін беларускі балет — плануецца аднавіць яго «Альпійскую баладу».

У снежні ў час Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму адбудзецца прэм'ера оперы Г. Даніцэці «Дон Паскуале», за якую таксама возьмецца Міхаіл Панджавідзэ. У красавіку ў афішы з’явіцца аперэта «Лятучая мыш», а ў маі — опера «Слова гонару» і балет «На пастоі», апошнія прысвечаны юбілею Станіслава Манюшкі.

Блатныя  і  фраеры

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін бліжэйшы год называе «сезонам маіх вучняў». Два гады таму ён выпусціў рэжысёрскі курс у Акадэміі мастацтваў і цяпер дае магчымасць моладзі ад тэорыі перайсці да практыкі. Алена Ганум і Дзмітрый Цішко, якія ўжо крыху вядомы гледачам, будуць ставіць адпаведна «Беларусь у фантастычных апавяданнях» паводле твора Яна Баршчэўскага і «Ураджай» па п’есе Паўла Пражко. Віталь Краўчанка задумвае «Вешальнікаў» па п’есе Марціна МакДонаха.

Вядома ж, і сам майстар не будзе сядзець без працы. У яго вельмі нечаканая задумка — спектакль «Блатныя і фраеры». У аснове пастаноўкі будзе раман «Яблычак» Сяргея Пясецкага з яго «Мінскай трылогіі». Падзеі там адбываюцца ў 1918-м. Пінігін кажа, што шмат гадоў марыў зрабіць «вандроўку па Мінску, якога сёння ўжо няма». У студзені такі шанц з’явіцца і ў нас.

Але і гэта не самая нечаканая навіна з купалаўскіх сцен. Куды гучней той факт, што сёлета ўпершыню за шмат гадоў сезон у тэатры адкрые не «Паўлінка». Яе месца зойме «Сон у купальскую ноч». Запрошаны модны расійскі рэжысёр Андрэй Прыкатэнка вельмі нечакана «прачытаў» Шэкспіра. Але справа не толькі ў тэксце. Сцэнаграфія, музыка і рассадка гледачоў (у тым ліку і на сцэне) робяць форму спектакля непадобнай на тое, што дагэтуль рабілася ў тэатры. Хочаце бачыць? У вас ёсць такая магчымасць з 7-га да 9-га верасня.

М’юзік-фарс

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр таксама расчыніць свае дзверы прэм’ерай. Трупа разам з Ганнай Маторнай рыхтуе music-фарс у двух дзеяннях «Здрасце, я цётка Чарлі!..». У Музычным абяцаюць сваю версію. Рэжысёр гаворыць, што гэта будзе дынамічны, лёгкі і дасціпны спектакль, напоўнены мноствам пацешных сітуацый і перыпетый. Ён зарадзіць гледачоў станоўчымі эмоцыямі і надоўга падорыць добры настрой. У камандзе Ганны Маторнай дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Макарэвіч, харэограф-пастаноўшчык Аксана Кімкетава, мастак-пастаноўшчык Андрэй Мерэнкоў, мастак па касцюмах Любоў Сідзельнікава. Прэм’ера прызначана на 15 верасня.

Сюрпрыз  на  юбілей

26-ты сезон у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі быў вельмі насычаны. 264 спектаклі, больш за 42 тысячы гледачоў, шэсць фестываляў, пяць замежных гастроляў. Як будзе сёлета? Час пакажа. Літаральна днямі ў тэатра з’явіўся новы дырэктар — Святлана Карукіна. Чалавек яна тут не новы, раней была намеснікам кіраўніка па глядацкай частцы. Словам, справу сваю ведае. За творчасць у РТБД у першую чаргу адказвае мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў. У бліжэйшы час рэжысёр абяцае здзівіць нас «зусім свежым матэрыялам». Драматург Віталь Каралёў, які не так даўно ўскалыхнуў тэатральную прастору сваім «Опіумам», напісаў новую п’есу — «Білет на брэсцкі цягнік», за яе і бярэцца Гарцуеў. Прэм’ера прызначана на кастрычнік. Прыкладна ў той жа час на сцэне РТБД з’явіцца і неўміручая класіка — вампілаўскае «Качынае паляванне». Ставіць яго запрошаны ўкраінскі рэжысёр Стас Жырко. Яшчэ адзін сюрпрыз чакае паклоннікаў тэатра зімой, ён будзе прымеркаваны да юбілею народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter