Судьба Надежды Ковалец: от страшного ареста отца в конце 1930-х до получения Золотой Звезды Героя Социалистического Труда

Залітыя чарнілам сшыткі

На 93-м годзе жыцця адышла ў вечнасць заслужаная настаўніца Беларусі, выдатнік народнай адукацыі, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, Герой Сацыялістычнай Працы Надзея Іванаўна КАВАЛЕЦ. Амаль паўвека яна выкладала рускую мову і літаратуру ў Вялікамалешаўскай сярэдняй школе Столінскага раёна. За ўсе гады настаўніцтва Надзеі Іванаўны не было ніводнага выпадку, каб нехта па яе прадмеце не паспяваў. У розных кутках былой вялікай краіны жывуць і працуюць яе выхаванцы — многія сталі педагогамі-філолагамі. За шматгадовыя працоўныя заслугі і асабісты ўклад у адукацыю вясковай настаўніцы адной з першых на Століншчыне прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін раёна».


МІНУЛАЙ восенню журналісцкія шляхі-дарогі прывялі мяне ў столінскі аграгарадок Вялікае Малешава, што паміж старажытнымі Туравам і Давыд-Гарадком. Не завітаць да вядомай настаўніцы Надзеі Іванаўны Кавалец не мог. Мы з ёю даўно сябравалі. Адзін з нарысаў маёй кнігі «Вытокі» пры­свечаны гэтай інтэлігентнай вясковай жанчыне. Хацелася асабіста перадаць ёй выданне. Ва ўтульным дворыку буялі кветкі. І драўляны ганак прасторнага светлага дома ўпрыгожвалі вазоны з пярэстымі суквеццямі петуній. Апошнія дзесяцігоддзі аўдавелая Надзея Іванаўна жыла адна.

Гаспадыню застаў за чытаннем. Узрушаная ад нечаканай сустрэчы, яна адклала газеты. Шчыра прызналася, што не ўяўляе без іх жыцця. Цікавіцца падзеямі ў краіне і свеце. Любіць даведвацца пра лёсы людзей.

За акном няўрымслівы вецер казытаў галінкі старой яблыні. У мінулыя сустрэчы Надзея Іванаўна распавядала, як з мужам Аляксеем Аляксеевічам уладкоўваліся на новым паселішчы. Пасля заканчэння Пінскага настаўніцкага інстытута яна папрасілася на працу бліжэй да роднай вёскі Хільчыцы, за некалькі кіламетраў ад Вялікага Малешава. У студэнцкія гады была прэтэндэнтам на Сталінскую стыпендыю. Але калі кіраўніцтва інстытута даведалася, што бацька яе рэпрэсіраваны, кандыдатуру адхілілі. Балюча было, але гэта не стрымала яе прагу да ведаў. На выдатна скончыла інстытут. Працуючы ў вясковай школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры, завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў Брэсцкім педінстытуце.

Запомнілася яе перакананне, што не бывае няздольных вучняў, проста не ўсім шанцуе на настаўнікаў. Заўжды пры сустрэчах яна з удзячнасцю ўзгадвала сваіх педагогаў з Тураўскай сярэдняй школы, асабліва Івана Ільіча Ніцэвіча, які лічыў, што да кожнага ў жыцці павінна дакрануцца цёплая выкладчыцкая рука. На ўроках рускай літаратуры ён зачароўваў багатай вобразнай мовай, цікавымі прыкладамі з твораў класікаў. 

Узгадала Надзея Іванаўна, як падтрымаў яе школьны дырэктар Фёдар Паўлавіч Лешчанка. Усе аднакласнікі, акрамя яе — дачкі «ворага народа», — былі камсамольцамі. У час калектывізацыі яе тата ўзначаліў калгас у Хільчыцах. У 1938 годзе яго арыштавалі, і тады крута змяніўся лёс сям’і. Больш бацьку ніколі не бачылі. Маці Хрысціна Іванаўна працавала даяркай, удзельнічала ў рабоце І з’езда калгаснікаў-ударнікаў у сакавіку 1933-га ў Маскве. Яе партрэт упрыгожыў першую старонку часопіса «Работніца». Але пасля арышту бацькі яе выгналі з працы. Арыштавалі дзядзьку Рамана. Бацькаву сястру Адарку выключылі з інстытута, брата Фёдара — з камсамола, а школьніцу Надзею — з піянераў, ды так, што на ўсё жыццё запомнілася. 

Прыехала ў вёску прадстаўніца раённых улад, публічна перад усім класам сарвала з дзяўчынкі піянерскі гальштук і абвясціла, што яна дачка «ворага народа». Дзесяцігадовая Надзея ледзьве вытрымала здзек. А калі надышоў час уступлення ў камсамол, спатрэбіліся дзве рэкамендацыі ад членаў гэтай арганізацыі ці адна ад камуніста. Усе баяліся мець справу з дачкой «ворага народа». 

Дырэктар школы выклікаў яе да сябе ў кабінет. Доўга гутарылі пра жыццёвыя планы, а ў канцы размовы ён сказаў, што, як камуніст, дасць рэкамендацыю. У вызначаны дзень школьнікаў прымалі ў камсамол. Калі падышла чарга Надзеі, адзін з членаў бюро райкама азнаёміўся з яе біяграфіяй і з’едліва спытаў: «Як удалося пралезці?» Школьніца ледзьве стрымалася. Але ўсё ж дзякуючы прынцыповаму камуністу Фёдару Паўлавічу Лешчанку стала камсамолкай.

Такія духоўна багатыя, добрыя людзі выхоўвалі пасляваенных сялянскіх дзяцей. Надзея Іванаўна пераканана, што гэта і паслужыла асноўным аргументам у выбары прафесіі: было на каго раўняцца. Многія яе аднакласнікі сталі спецыялістамі сельскай гаспадаркі, інжынерна-тэхнічнымі работнікамі, медыкамі, а яна вывучылася на настаўніцу і пасля вучобы вярнулася ў родныя мясціны. У тыя першыя пасляваенныя гады беларускія вёскі толькі ўздымаліся з руін. У разводдзе ці пасля дажджу па раскіслай вясковай вуліцы немагчыма было дабрацца да школы. Многія вучні хадзілі ў лапцях. Некаторыя да позняй восені не з’яўляліся на заняткі: разам з бацькамі працавалі на зямлі. У цесным школьным будынку вучыліся ў дзве змены. Палескія сем’і вялікія — у кожнай хаце амаль паўкласа выхаванцаў. І цяпер шматдзетных сямей у Вялікім Малешаве многа. Два дзіцячыя садкі ў аграгарадку перапоўнены. І ў сярэдняй школе, што размешчана ў прасторным тыпавым будынку, колькасць навучэнцаў не зніжаецца.

Вяртаючыся ў думках да першых крокаў настаўніцтва, Надзея Іванаўна ўзгадала, як на ўроках рускай мовы і літаратуры імкнулася кожнага вучня нечым захапіць. Як запаў у душу хлопчык Віця з гаротнай сям’і. Ён імкнуўся прыгожа пісаць, але чамусьці яго чарніліца, якую зладзіў з бутэлечкі з-пад лекаў, часта перакульвалася ў палатнянай торбачцы і залівала сшыткі. Надзея Іванаўна заўважыла, як хлопчык нервуецца. Дома звязала спецыяльны футлярчык, у які ўладкавалі чарніліцу. З непадробленай радасцю вучань потым даставаў свае акуратныя сшыткі. Рос ён без бацькі, заўсёды паўгалодны, але вучыўся з вялікім жаданнем. Вельмі любіў урокі літаратуры. Шмат чытаў.

Розных момантаў за 40 гадоў настаўніцтва было шмат. Надзеі Іванаўне часам здавалася, што не вытрымае. Але дзіцячыя вачаняты, у якіх загараліся агеньчыкі, пераконвалі: карысць ад старання педагога ёсць. Іскрынкамі ўспыхнулі яе вочы, як узгадала пра сустрэчу на лузе з выхаванцам. З мужам Аляксеем Аляксеевічам ішлі зграбаць сена для каровы. Раптам нехта на хаду падхапіў яе сумку з харчамі. Збянтэжаная, азірнулася і ўбачыла маладога светлавалосага прыгажуна.

— Гэта я — Віктар. Памятаеце залітыя чарнілам сшыткі, — сказаў ён і прыпаў на калена. Коратка расказаў пра сябе. Рана пайшоў працаваць, пераехаў у Падмаскоўе. Скончыў вячэрнюю сярэднюю школу. Ажаніўся. Працаваў вадзіцелем аўтобуса. Прыехаў адведаць родных, сяброў. Такая начаканая выдалася сустрэча. А праз нейкі час Надзеі Іванаўне прыйшла тэлеграма: «Выбачайце. Дзякуй за ўсё. Віця». Калі паштарка яе ўручала, то здзіўлялася, што гэта за шыфраванка. Для настаўніцы кожнае слова было зразумелым і кранала сэрца…

Разам з мужам пражылі супольна амаль паўвека, трымалі гаспадарку. Садзіла агарод, палолі яго разам з дачкой Ганначкай і сынам Валодзем. Калі падраслі чатыры ўнучкі, яны таксама не забывалі бабулін парог. Любачка і Ярынка сталі юрыстамі, а Наталля і Тацянка настаўнічаюць у той самай школе, дзе да выхаду на заслужаны адпачынак выкладалі рускую мову і літаратуру На­дзея Іванаўна, а потым і яе дачка Ганна Аляксееўна Карпцова, іх маці. Сын Валодзя працаваў інжынерам у суседнім Жыткавіцкім раёне. Рана абарвалася яго жыццё.

Надзею Іванаўну ў 1978 го­дзе абралі дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў. Праз дзесяцігоддзі ўзгадвала, як хвалявалася перад паездкай у Маскву. Раённы метадыст Зінаіда Пракопаўна Зайцава жартоўна раіла больш піць свежага малака, каб добра выглядаць, бо на з’ездзе патрабавалася выступаць. У Крамлі Надзеі Іванаўне ўручылі Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Калі міністр асветы СССР Міхаіл Пракоф’еў назваў яе прозвішча, зала выбухнула апладысментамі. Падкошваліся ногі, калі крочыла атрымліваць найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду. З трыбуны з’езда закранула набалелыя праблемы вясковых школ. У тыя гады панаваў кніжны голад, не хапала літаратуры. Каб выхаванцы лепш засвойвалі вучэбны матэрыял, Надзея Іванаўна арганізоўвала пазаўрочнае чытанне праграмных твораў. Пра гэта расказвала дэлегатам. У перапынку падышоў Пётр Міронавіч Машэраў і падзякаваў за выступленне. Адзначыў, што ён таксама пачынаў настаўнікам. Пацікавіўся, як жывецца ў палескай глыбінцы. Распытваў пра ўмовы працы. Запала ў душу Надзеі Іванаўны гэта шчырая сустрэча…

Сёння амаль палова педагогаў Вялікамалешаўскай сярэдняй школы, а таксама амаль паўсотні з іншых школ з гонарам называюць сябе вучнямі Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Іванаўны Кавалец. А колькі кіраўнікоў, вучоных, хлебаробаў, прадстаўнікоў іншых прафесій пачыналі сваю навуку на яе ўроках! Атэстат сталасці ў Вялікім Малешаве атрымаў вядомы кіраўнік столінскага сельгаспрадпрыемства «Фядорскі» Рыгор Дзямко.

Наша дзяржава шануе людзей працы. Найлепшыя атрымліваюць узнагароды, іх імёны заносяцца на дошкі гонару. А ў кожнага з нас быў самы звычайны школьны настаўнік. У савецкі час адна з цэнтральных газет пісала, што настаўнік — гэта Тытан, які трымае ў руках повязь вякоў; Калумб, што адкрывае ў бяспечнай краіне дзяцінства сілу, розум, талент будучага грамадства; Мудрэц, які ўмее даступна патлумачыць усё складанае; Трыбун, чыё патрыятычнае слова нараджае прагу да подзвігу; Мастак, што стварае жывую прыгажосць свету; Чалавек, якому вядомы ўсе душэўныя рухі, у якім патрабавальная строгасць роўная ўцяшальнай пяшчоце. Удумайцеся: Тытан, Калумб, Мудрэц, Трыбун, Мастак, Чалавек — у адной асобе, сапраўдным настаўніку. Яму прызначана быць эталонам мудрасці, справядлівасці, дабрыні, чыстага сумлення, чалавечай годнасці. Яго мундзір павінен быць абсалютна чыстым.

Багатае жыццё заслужанай настаўніцы Беларусі, выдатніка народнай адукацыі, Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Іванаўны Кавалец для тых, каму пашчасціла ў яе вучыцца, і ўсіх, хто яе ведаў, застанецца прыкладам чалавечай годнасці.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter