«Залатыя горы» блізкага замежжа

Спробы працаўладкавацца за мяжой часам заканчваюцца трагічна

Спробы працаўладкавацца ў суседняй краіне часам заканчваюцца трагічна для беларускіх гастарбайтараў

Работнік цяплічнага камбіната «Бабруйскі», гэткі ціхмяны мужчына, паехаў на заробкі ў Падмаскоўе. Пакінуў сям’ю, дзіця... Спачатку часта тэлефанаваў жонцы, а потым перастаў. Чакае тая вестак, а іх няма... Звярнулася ў праваахоўныя органы суседняй дзяржавы, але ўсё марна: ніякіх слядоў, нібыта растварыўся чалавек: «Навошта адпраўляла мужа на тыя заробкі, быў бы дома, ніякага б гора не ведалі...»

Муж маёй блізкай сваячкі, якому толькі за сорак, таксама падаўся было на заробкі ў Расію. Колькі ён там пабыў — вяртаецца назад ледзь жывы. Што з ім адбылося: ці то пабілі, ці то прастудзіўся?.. Жонка-медык ўзняла на ногі ўсю бальніцу, нават да спецыялістаў з Мінска звярталіся, а ўратаваць мужа не ўдалося...

Цяпер, калі адкрыліся «вароты» ў Таможны саюз, многія пад уплывам «агітатараў» пачалі збірацца па «доўгі рубель» у суседнюю краіну. Хтосьці, сапраўды, прывозіць адтуль чырвонцы. Аднак як яны даюцца? Даводзіцца, як расказваюць самі гастарбайтары, жыць у непрыстасаваных памяшканнях, часам і пад адкрытым небам, харчавацца тым, чым перападзе. І не дай Бог захварэць: атрымаў траўму — ніхто не паспачувае і не аплаціць бюлетэнь. Зарплаты абяцаюць «залатыя горы», а як дойдзе да справы, атрымлівай тое, што даюць. Не дзіва, што чалавек, адарваны ад дома і звыклай абстаноўкі, можа і ў чарку зазірнуць альбо шукаць ўсялякіх прыгод. Не дзіва, што некаторыя вяртаюцца дамоў без грошай і дакументаў...

Але гэта яшчэ дробязь у параўнанні з тым, калі чалавек «губляецца». Бяру ў рукі нумар мясцовай газеты. Пад рубрыкай «Увага, пошук!» чытаю: «Упраўленнем унутраных спраў гарвыканкама ўстанаўліваецца імя знікшага без вестак Сяргея Садаведава, саракагадовага жыхара г. Бабруйска, які яшчэ ў кастрычніку мінулага года паехаў з мэтай працаўладкавання ў Смаленск і адтуль не вярнуўся... Просьба да грамадзян, якія што-небудзь ведаюць аб месцы знаходжання Садаведава ці абставінах яго знікнення, паведаміць у аддзел крымінальнага вышуку». Тут жа яго фота, даверлівы твар...

Што пацягнула чалавека ў дальнюю дарогу? Няўжо нельга было працаўладкавацца ў сваім горадзе? Столькі вакансій! Вунь, чытаю ў аб’яве, кампаніі «Пивоварня «Хайнекен» патрабуюцца спецыялісты, рознарабочыя па дзесяці спецыяльнасцях. Ідзі працаваць на «Белшыну», у гарадскія аўтапрадпрыемствы, будаўнічыя і іншыя арганізацыі, дзе таксама патрабуюцца рабочыя рукі. Навошта некуды ехаць, рызыкаваць сабой, сваёй сям’ёй, блізкімі?

Менавіта на гэтым акцэнтаваў увагу на прэс-канферэнцыі начальнік УУС Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Васільеў: «Калі ўжо выбраўся ў дарогу, дык агледзься, з кім і куды едзеш. А лепш не выпрабоўваць лёс, заставацца на роднай зямлі, з тымі, хто цябе ведае і каго ведаеш ты...»

Канешне, нельга не закрануць i такое значнае пытанне: адзін паехаў, другі... А хто застанецца ўзнімаць нацыянальную эканоміку, сацыяльную сферу, будаваць дзіцячыя садкі, школы? Атрымліваецца, іншым дапамагаем, а на сябе забываем... А калі надыдзе час пенсію атрымліваць?

А з якіх заробкаў яе налічваць?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter