Залаты колас у блакіце Вяллі

Круіз на хвалях часу ў кампаніі вяльможных паноў

Ад вытокаў да вусця Віліі

Вандроўка з русалкамі

1857 год... Граф Канстанцін Тышкевіч на чале флатыліі пачаў экспедыцыю ад вытокаў Віліі, якую ў беларускім народзе ласкава называюць Вяллёй, да вусця ракі, дзе яна вядома ўжо ў літоўскім гучанні — Нярыс. Абмываючы Стары горад Каўнаса, Нярыс злучаецца з яшчэ адной вялікай ракой дзвюх краін — бацькам-Нёманам. Тышкевіч у выніку вандроўкі напісаў фундаментальную манаграфію “Вілія і яе берагі”. Праз сто пяцьдзесят год пасля экспедыцыі графа яна паўтарылася — сіламі энтузіястаў і мясцовых улад Беларусі і Літвы. Падарожжа на хвалях расцягнулася з 1 чэрвеня па 3 ліпеня 2007 года. Дарэчы, Канстанцін Тышкевіч разам са сваім братам Яўстахам праславіліся яшчэ і як стваральнікі першых музеяў старажытнасцей у Беларусі і Літве — Лагойскага і Віленскага. Экспедыцыя ўздоўж Віліі таксама мела навуковы змест: і ў XIX, і ў XXI стагоддзі на чоўнах плылі краязнаўцы. Спыняючыся на берагах, яны запісвалі народныя песні, замалёўвалі і фатаграфавалі гарадзішчы, храмы. Кажуць, уначы некаторыя фантазёры нават бачылі русалак...

Касута

Ще не вмерла Україна!

У наступным годзе ва Украіне адбудзецца вялікае свята — 300-годдзе першай Канстытуцыі. Яе для Запарожскага войска склаў Піліп Орлік, гетман, спадкаемца знакамітага Мазепы. Родам жа Орлік з вёскі Касута, дзе з’явіўся на свет у 1672 годзе. Пра гэта ўжо сведчыць памятны знак ля Свята-Петрапаўлаўскай царквы. Праўда, гетман быў не зусім беларус, а толькі напалову. Сцяпан Орлік, ягоны бацька — чэх, які эмігрыраваў у наш край, а вось маці Ірэна Малахоўская — тутэйшая, з праваслаўнай шляхецкай сям’і. Пасля вучобы ў Кіеве Піліп назаўсёды застаўся ва Украіне, якая стала для яго другой радзімай. А памёр у Ясах, на тэрыторыі Малдовы, у 1741 годзе. Ну а сучасная Касута стала яшчэ адным цэнтрам беларуска-ўкраінскага яднання: тут прадстаўнікі пасольства Украіны, Вілейскага райвыканкама, Нацыянальнай акадэміі навук праводзяць навуковыя канферэнцыі.

Вілейскае вадасховішча

Мора вады

Хаця Вілейшчына не край блакітных азёр, але многа тут звязана з вадой. Што не павінна дзівіць: аква — віта, вада — жыццё, як казалі старажытныя рымляне. Вілейскае вадасховішча — самы вялікі штучны вадаём краіны. Створанае ў 1976 годзе “мора” схавала пад сабой 65 квадратных кіламетраў ніў, расцягнуўшыся на 27 кіламетраў удоўжкі. Глыбіня яго дасягае 14 метраў. Цяпер тут курорт мясцовага значэння: пакуль лета — так цудоўна купацца ды загараць на беразе!

Вілейка

Лысіна Паца

У водах Віліі ляжыць незвычайны валун. Людзі празвалі яго “Лысінай Паца”. У 1676 годзе канцлер Кшыштаф Пац атрымаў Вілейку ад караля Яна Сабескага ў пажыццёвае валоданне за заслугі перад Рэччу Паспалітай. Пад уладай гэтага роду мястэчка знаходзілася да 1773 года. За стагоддзе ў народзе нарадзіліся легенды пра мясцовых паноў. Паводле адной з іх, як расказаў краязнавец Анатоль Рогач, Пац выходзіў са свайго палаца і папярэджваў купцоў, якія праплывалі міма яго дома, пра небяспеку — вялізны камень пасярод ракі. З-за таго, што па форме валун нагадваў лысую галаву магната, вострыя языкі прыдумалі глыбе жартоўную мянушку. На месцы сядзібы Паца цяпер гарадскі парк, а колішні бурлівы рух плытоў па Віліі — ужо амаль легенда. Цяпер тут цішыня ды гладзь... Толькі плыт з залатым коласам замест ветразя на гербе горада, дараваным расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ, нагадвае пра эпоху вялікага суднаходства па вялікай рацэ.

Буцькі — Вілейка

След Пілсудскага

Для адных ён жорсткі дыктатар, для іншых — дбайны кіраўнік. Постаць Юзафа Пілсудскага дагэтуль выклікае многа спрэчак у грамадстве. Але факт ёсць факт: Заходняя Беларусь, і Вілейшчына ў тым ліку, якія належалі Польшчы да 1939 года, жылі па законах “пана начальніка дзяржавы”, як называлі Пілсудскага ў тыя часы. У 1935 годзе побач са школай у вёсцы Буцькі з’явіўся мемарыяльны камень у гонар палітычнага дзеяча. Калі ў 1939 годзе прыйшла Савецкая ўлада, камень вывезлі на поле за вёску. Цяпер гэта якая-ніякая гісторыя. Краязнаўцы знайшлі памятны знак і перавезлі ў райцэнтр.

Заброддзе

Барыс Цітовіч

Больш за чвэрць стагоддзя таму ён пакінуў сталіцу і перабраўся ў вёску. Ну хіба не дзівак? Але ж не — падзвіжнік. Мастак Барыс Цітовіч першы ў нашай краіне падняў з нябыту тэму ахвяр Першай сусветнай вайны. Бо лінія нямецка-расійскага фронту той планетарнай бойні пралягала ў тым ліку і па Вілейшчыне. Гінулі жаўнеры і салдаты розных армій і нацыянальнасцей. На могілках рускіх вайскоўцаў Цітовіч пачаў ствараць мемарыял. Летась, 11 лістапада, у 90-ю гадавіну заканчэння вайны, тут з’явілася капліца. А тым часам у сядзібу апантанага рупліўца прыходзяць лісты з усёй былой Расійскай імперыі. Так-так, менавіта ў такім ракурсе трэба разглядаць маштаб дзейнасці спадара Цітовіча. Бо садаты, што ляжаць у беларускай зямлі пад надмагільнымі крыжамі, пакрытымі вілейскім мохам, прызываліся сюды змагацца за цара, радзіму і з Грузіі, і з Сібіры. У савецкі перыяд пра лёс гэтых няшчасных мала хто ўспамінаў. Але ж прыйшоў новы час — эпоха людскасці. Цітовіч — адзін з выдатных Людзей. 

Латыгаль

Царкоўны саюз

“Яна праваслаўная, я — каталік...” — спявае бард Віктар Шалкевіч, апісваючы звычайную беларускую гісторыю, калі ў хрысціянскай сям’і муж моліцца па-польску, а жонка на царкоўнаславянскай, і ўсе — аднаму Богу. А некалі была яшчэ адна канфесія, “прамежкавая” — грэка-каталіцкая, або уніяцкая. Рэлігійная плынь, якая існавала на нашых землях з канца XVI да пачатку XIX стагоддзя, спрабавала аб’яднаць пад адным крыжам усіх тутэйшых хрысціян. Напамінам пра гэта засталася уніяцкая цэркаўка ў вёсцы з балтыйскай — хіба не дзіва? — назвай Латыгаль. Цяпер храм належыць Беларускай праваслаўнай царкве, але ў сваім архітэктурным абліччы захоўвае памяць пра пакручастыя сцежкі рэлігійнай гісторыі Айчыны. З пачатку XVIII стагоддзя стаіць драўляны будынак, нібы не было ні войнаў, ні рэвалюцый. Ціха гучаць малітвы, трымцяць агеньчыкі свечак... На Беларусі Бог жыве... Прытулілася да дрэў у задуменні латыгальская цэркаўка...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter