ЗАЛАТЫ ФОНД

Сумесны праект "НГ" і Нацыянальнага мастацкага музея Пачатак гэтай зiмы назаўсёды ўвойдзе ў гiсторыю не толькi Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублiкi Беларусь, але i ў гiсторыю ўсёй беларускай культуры. 5 снежня адбылася падзея, доўгачаканая і для супрацоўнiкаў музея, i для ўсiх нашых не абыякавых да культурнай спадчыны Беларусi суайчыннiкаў, — адкрыўся новы корпус музея. Аб значнасцi гэтай падзеi сведчыць той факт, што на ўрачыстай цырымонii прысутнiчаў кiраўнiк беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Экспазiцыйныя плошчы музея павялiчылiся на 2600 кв. метраў, або ў дзесяць разоў, i гэта дазволiла музейным супрацоўнiкам урэшце дастаць з запаснiкаў i паказаць наведвальнiкам у васьмi новых залах унiкальныя рарытэты, што раней амаль не экспанавалiся: творы старажытнабеларускага мастацтва, скульптуры i графiкi Заходняй Еўропы, палотны майстроў Японii, Кiтая, Iндыi, рускiх жывапiсцаў XIX cтагоддзя i сучасных беларускiх мастакоў...

Але фонды Нацыянальнага мастацкага музея, якi мастацтвазнаўцы прызнаюць адным з багацейшых на тэрыторыi краiн СНД i якi па праву лiчыцца вiзiтнай карткай беларускай сталiцы, складаюць 23 тысячы экспанатаў. Сярод iх ёсць, без перабольшвання, бясцэнныя рарытэты, гонар краiны. На жаль, нават значна расшыраныя экспазiцыйныя плошчы не дазваляюць паказаць грамадскасцi ўсё багацце музея. I далёка не ўсе вы, нашы суайчыннiкi, можаце прыехаць у сталiцу, каб пабачыць хаця б тое, што сёння выстаўлена ў залах музея. Але вам на дапамогу ўжо спяшаецца “Народная газета” са сваiм новым праектам “Залаты фонд”. У цесным супрацоўнiцтве з выдатнымi спецыялiстамi вядучага музея краiны “НГ” пачынае знаёмiць нашых чытачоў з рарытэтамi, што знаходзяцца ў скарбнiцы Нацыянальнага мастацкага музея, бо гiсторыя стварэння i лёс многiх з iх заслугоўваюць пяра не толькi мастацтвазнаўца, але i раманiста. Новы праект “Народнай газеты” “Залаты фонд”, па сутнасцi, стане завочнай экскурсiяй па залах i сховiшчах музея. З дапамогай нашых фотакарэспандэнтаў мы пакажам i раскажам вам пра ўсё самае цiкавае са скарбаў музея. I ў вынiку, упэўнены, у вас з’явiцца адчуванне, што вы пабывалi ў музеi самi. А пачаць нашу экскурсiю журналiсты “НГ” сумесна з кiраўнiцтвам Нацыянальнага мастацкага музея вырашылi са старажытнабеларускiх iкон як самага народнага вiду мастацтва, што больш за любыя iншыя нясе ў сабе духоўнасць i паказвае душу нашага народа. Мы запрашаем вас на экскурсiю па залах i калiдорах Нацыянальнага мастацкага музея, якая працягнецца ўвесь гэты год. Чакаем вашых прапаноў, пiшыце нам аб тым, пра якiя экспанаты музея вы хацелi б даведацца больш падрабязна.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter