Краеведческие труды, посвященные нашей стране, могут стать основой новых туристических маршрутов

«Залаціначкі» гісторыі

Краязнаўчыя працы, прысвечаныя нашай краіне, могуць стаць асновай для новых турыстычных маршрутаў

ТАКОЕ меркаванне выказала вядучы спецыяліст выдавецтва «Беларусь» Анжэла Садоўская, калі прадстаўляла нядаўна апублікаваныя кнігі. Дзякуючы дзяржаўнай дапамозе штогод з’яўляюцца новыя і новыя выбітныя творы, якія дазваляюць па-іншаму глянуць на нашу гістарычную спадчыну. У выдавецтвах лічаць, што гэтыя кнігі, выдадзеныя на рускай, беларускай, кітайскай, французскай і англійскай мовах, могуць стаць асновай для развіцця знешняга і ўнутранага турызму.

Адна з галоўных навінак выдавецтва — «Старинные усадьбы Гродненщины», выдадзена з фінансавай падтрымкай дзяржавы. У выдавецтва штодзень тэлефануе 5—10 чалавек, якія цікавяцца менавіта дадзенай кнігай, заўважыла Анжэла Садоўская. Гэта другая частка працы Анатоля Федарука — прафесара, доктара біялагічных навук, які з 1967 года займаецца вывучэннем гісторыі, архітэктуры, культуры старадаўніх сядзіб Беларусі. Першая частка выдадзена ў 2014 годзе, у ёй прадстаўлены пяць раёнаў Гро­дзеншчыны. Працяг велізарнай працы спецыяліста апынуўся пад пагрозай з-за хваробы аўтара. Падчас чарговых здымак з ім здарыўся інсульт, але праект удалося завяршыць. Навуковым рэдактарам выступіла Вольга Папко, былы дырэктар замкава-палацавага комплексу «Мір». На гэты раз выданне прысвечана Лідскаму, Мастоўскаму, Навагрудскаму, Астравецкаму і Ашмянскаму раёнам. Пры падрыхтоўцы да друку знята каля тысячы ілюстрацый. Многія фатаграфіі падрыхтавалі раённыя музеі і бібліятэкі, ёсць рэдкія кадры з прыватных калекцый. Згодна са словамі Анжэлы Садоўскай, трэцяя частка бестселера, якую плануюць выдаць пазней, будзе прысвечана Свіслацкаму, Слонімскаму, Шчучынскаму і Смаргонскаму раёнам. Гродзеншчына прываблівае вельмі шмат турыстаў. Зноўдзены для выдання пошукавы матэрыял, звесткі з архіваў Польшчы і Літвы нават для прафесійных гідаў могуць стаць навіной і — базай для распрацоўкі новых маршрутаў.

Між іншым, працягваючы тэму пра гістарычнае багацце Гродзеншчыны, спецыяліст таксама прэзентавала чарговае выданне «Мір. Замак» з новымі фотаздымкамі і багатым тэкставым матэрыялам. Яно ўключае ўсю інфармацыю пра абнаўленне і рэканструкцыю комплексу. Публікацыя атрымала фінансавую падтрымку з дзяржбюджэту.

Яшчэ адну кнігу для тых, хто цікавіцца культурна-гістарычнай спадчынай Беларусі, прадставіла дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі» Вольга Ваніна. Гэта «Сядзібы Віцебшчыны» Мікалая Півавара. Краязнаўчая тэматыка для выдавецтва таксама традыцыйная, але ў крыху іншай, даведачнай форме. Больш за 10 гадоў выпускаюць у «БелЭн» шматтомныя энцыклапедыі «Регионы Беларуси» на рускай мове і «Гарады і вёскі Беларусі». Гэту грунтоўную працу падтрымлівае дзяржава. Работа праводзіцца сумесна з аблвыканкамамі і Нацыянальнай акадэміяй навук.

Але «Сядзібы Віцебшчыны» стаяць асобна. Аўтар працаваў над кнігай больш за 10 гадоў і сабраў мноства малавядомых, але вельмі цікавых фактаў.


Кожная сядзіба — гэта своеасаблівы гістарычны зрэз, які дае звесткі пра гісторыю нашай краіны, лічыць Вольга Ваніна. Усе ведаюць такіх гістарычных асоб, як Ефрасіння Полацкая, Усяслаў Чарадзей, але ёсць шмат малавядомых «залаціначак» з нашай гісторыі, што рассеяны па ўсёй краіне.

І раскрываюцца яны менавіта праз гісторыю сядзіб. Напрыклад, у маёнтку Астроўна Бешанковіцкага раёна нарадзіўся будучы канцлер ВКЛ Леў Сапега. У Відзах Лаўчынскіх Браслаўскага раёна жыў і пахаваны генерал Ваўжэцкі, які ўзначаліў паўстанне 1794 года Тадэвуша Касцюшкі пасля ранення і палону апошняга. У сядзібе вёскі Папоўка Талачынскага раёна была адкрыта першая беларуская школа з роднай мовай навучання, дзе выкладаў Канстанцін Міцкевіч, які стаў пазней народным паэтам Беларусі — Якубам Коласам. З такіх маленькіх фактаў складаецца жывая гісторыя краіны, падкрэсліла Вольга Ваніна. Яе можна адкрываць усё жыццё, і, калі такіх месцаў многа, яны ствараюць грунтоўную сістэму ведаў, базіс для нацыі.

І сапраўды, на працягу сотняў гадоў шляхецкія сядзібы былі эканамічнымі, адміністрацыйнымі, сацыяльнымі, культурнымі і духоўнымі цэнтрамі ў сваіх рэгіёнах. Дзякуючы іх гаспадарам на беларускіх землях з’яўляліся агратэхнічныя навінкі, новыя прыёмы севазвароту, селекцыі свойскіх жывёл і сельскагаспадарчых культур. Пры сядзібах часта былі бібліятэкі, архівы, музеі, друкарні, аранжарэі. У маёнтках рабіліся навуковыя адкрыцці, ствараліся і захоўваліся аб’екты матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Вялікая колькасць сядзіб звязана з жыццём і дзейнасцю славутых асоб.

Кніга, прысвечаная сядзібам Віцебшчыны, складаецца з частак, што адпавядаюць раёнам. Створана карта-схема размяшчэння сядзіб у кожным раёне, апісаны іх стан. Многія ў занядбаным становішчы, толькі адзінкі захаваліся, адзначыў з болем яе аўтар Мікалай Півавар. Акрамя пісьменніцкай дзейнасці, ён вядомы на Віцебшчыне экскурсавод, а таксама выкладчык у Лужаснянскім кадэцкім вучылішчы. Не магла не пацікавіцца ў аўтара, якія сядзібы ён раіць наведаць найперш, калі збіраешся ў падарожжа па Віцебшчыне. У якасці адказу Мікалай Васільевіч даслаў цэлы спіс з 45 назвамі з картай (наогул у кнізе апісваецца амаль 300). Асабліва адзначыў былую сядзібу Дубашынскіх у вёсцы Барыскавічы і былую сядзібу Молі ў вёсцы Залессе Глыбоцкага раёна. Аўтар таксама параіў не абмінуць пры магчымасці былую сядзібу Свяцкіх у вёсцы Беліца Сенненскага раёна.

Мікалай Півавар, акрамя таго, прывёў некалькі цікавых фактаў, што сведчаць пра значнасць гістарычнай ролі беларускіх сядзіб. Так, у маёнку Цяпіна выда­дзена Біблія. У палацы Тызенгаўзаў у Паставах у ХIХ стагоддзі была багатая карцінная галерэя, створаны арніталагічны музей. У Каралёва — першая на Беларусі метэаралагічная станцыя Бялыніцкага-Бірулі. Батанічны сад у Вялікіх Лётцах створаны Уладзімірам Адамавым. У маёнтку Кахачын жыў заснавальнік таварыства філаматаў і філарэтаў Тамаш Зан, у Палевачах — бацька беларускага прафесійнага тэатра Ігнат Буйніцкі, у Мурагах — Ян Баршчэўскі. У маёнтку Мяніцкіх Селігоры на Лепельшчыне стварыў сваю рукапісную «Беларускую хрэстаматыю» Б. Эпімах-Шыпіла. У Крынках Лёзненскага раёна нарадзіліся і пайшлі ў вялікі свет сем генералаў, у тым ліку апошні генерал-фельдмаршал Расійскай імперыі Іосіф Гурка.

Жыццё дваранскіх сядзіб у цэнтральнай і ўсходняй Віцебшчыне спынілася ў 1917 годзе. Большасць была разрабавана, разбурана, рэшта нацыяналізавана. У Спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі на 2014 год знаходзіцца 173 сядзібы. У досыць добрым стане — каля 50 аб’ектаў. У некаторых з іх разме­шчаны ўстановы, і стан іх не выклікае заклапочанасці: Межава (царква), Юрцава (шпіталь), Бешанковічы (музычная школа), Двор-Нізгалава (бібліятэка), Мазалава (царква ў некалькіх пакоях), Ідолта (бібліятэка). У Паставах і на Шаркаўшчыне сядзіба стала шпіталем, у Быкаўшчыне, Бяздзедавічах, Расонах — домам дзіцячай творчасці, у Гарадцы — канторай КУУСП.

Па словах Мікалая Півавара, падчас працы над томам сабрана інфармацыя пра больш чым 1500 сядзіб на Віцебшчыне, але многія з іх практычна не захаваліся да нашага часу. Таму трэба беражліва ставіцца да таго, што існуе ў наш час, і захоўваць гэтую спадчыну для будучыні.


yasko@sb.by

Фота аўтара і з архіва Мікалая ПІВАВАРА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter