Ювелирные изделия подешевеют: страны ЕАЭС решили выступить на мировом рынке единым брендом

Залатое сячэнне рынку

На пасяджэннi Еўразiйскага мiжурадавага савета, якi нядаўна прайшоў у Маскве, яго члены зацвердзiлi план мерапрыемстваў па нарошчваннi экспартнага патэнцыялу ювелiрнай прадукцыi дзяржаў-удзельнiц iнтэграцыйнага аб’яднання на рынкi трэцiх краiн. З гэтага моманту краiны ЕАЭС будуць праводзiць скаардынаваную палiтыку ў гэтай сферы. Што гэта дасць ювелiрам — высвятляў карэспандэнт «Р».

У кароткатэрміновай перспектыве аб’ём экспарту ювелірных вырабаў адзінага еўразійскага брэнда павялічыцца да 1,3 млрд долараў.
Фота Аляксея СтАлярова

Своечасовае рашэнне

У свеце аб’ём вытворчасцi ювелiрных вырабаў штогод расце на 5—6 працэнтаў. Па розных ацэнках зараз рынак складае каля 300 мiльярдаў долараў. 60 працэнтаў сусветнага рынку прыпадае на краiны Азiяцка-Цiхаакiянскага рэгi­ёна, а трэць сусветнага спажывання — на Iндыю. Па дадзеных Сусветнага залатога савета, сумарнае спажыванне ювелiрных вырабаў у 2018 годзе склала 2 тысячы тон. I яшчэ крыху статыстыкi. Аб’ём вытворчасцi ювелiр­ных вырабаў у ЕАЭС у 2018 годзе перавысiў 1 мiльярд долараў. Экспарт склаў 204,4 мiльёна долараў, што амаль у пяць разоў менш за аб’ёмы 2014 года. Прычын некалькi, але асноўная — адсутнасць зладжанай палiтыкi развiцця гэтай галiны. I знiжэнне экспартных паставак пацягнула за сабой негатыўныя з’явы: вытворчыя магутнасцi прастойваюць, на ўнутраным рынку няма плацежа­здольнага попыту.

Яшчэ нядаўна ў краiнах Еўра­зiй­скай пяцёркi дзейнiчалi роз­ныя сiстэмы кантролю за апрабаваннем i кляйменнем ювелiрных вырабаў. У нашай краiне, Расii i Кыргызстане — гэта вотчына мiнiстэрстваў фiнан­саў. У той жа час у Казахстане i Арменii — прыватных кампанiй. Значна адрознiвалася i прававое рэгуляванне гэтай сферы. У адных краiнах за падробку ювелiрных вырабаў прадугледжана крымiнальная адказнасць, у другіх — адмiнiстрацыйны штраф. Ад гэтага пакутаваў i бiзнес. Вядомы выпадкi, калi прад­прымальнiкам з адных краiн ЕАЭС пры продажы вырабаў у iншых дзяржавах аб’яднання даводзiлася паўторна ставiць прабiрныя клеймы. Што значна павялiчвала выдаткi.

Цяпер правiлы для ўдзельнiкаў сталi адзiнымi, i з кантрафактам будуць змагацца больш актыўна. Эксперты прагназуюць, што сама ювелiрная прадукцыя павiнна патаннець.

Што ў плане

Распрацоўка плана мерапрыемстваў па прасоўваннi юве­лiр­най прадукцыi дзяржаў — членаў Еўразiйскага экана­мiч­нага саюза на рынкi трэцiх краiн вялася па iнiцыятыве бiзнесу. Член Калегii (мiнiстр) па прамысловасцi i аграпрамысловым комплексе ЕЭК Аляксандр Субоцiн тлумачыць: экспарт — ключавы фактар, здольны падштурхнуць галiну да развiцця.

— Зыходзячы з важнасцi пад­трым­кi экспарту як ключавога фактару развiцця галiны, а таксама ўлiчваючы попыт на ювелiрныя вырабы на сусветным рынку, якi пастаянна расце, былi вызначаны тры асноўныя напрамкi, па якiм трэба будзе працаваць у блiжэйшыя два гады. Найперш гэта павышэнне канкурэнтаздольнасцi вытворцаў ювелiрнай прадукцыi, рэалiзацыя першачарговых мер падтрымкi экспарту i фармiраванне дадатковых механiзмаў стымулявання саюзных брэндаў. З пункта гледжання экспарту ЕАЭС можна сказаць, што нам найбольш цiкавыя краiны, з якiмi мы заключаем дагаворы аб стварэннi зон свабоднага гандлю. Не сакрэт, што ювелiрная галiна моцна залежыць ад агульнай кан’юнктуры на су­светным рынку. I пры ўмове росту ўнутраных эканомiк мы можам чакаць станоўчай дынамiкi не толькi ў экспарце, але i ва ўнутраным спажываннi. Разлiчваем, што рэалiзацыя плана дапаможа вытворцам саюза павысiць рэнтабельнасць i знiзiць выдаткi на адмi­нiстраванне экспарту.


Перад распрацоўшчыкамi плана стаяла няпростая задача: дапамагчы бiзнесу i стварыць для экспарту безбар’ернае асяроддзе, а таксама канкурэнтныя ўмовы, не горшыя, чым у iншых краiнах свету. Выхад — знiжэнне ставак на каляровыя ўстаўкi i сыравiну для ювелiрных вырабаў, якiя не вырабляюцца. Яшчэ адзiн крок — спрашчэнне выдачы прадпрыемствам лiцэнзiй на перапрацоўку каштоўных металаў.

— Трэба выпрацаваць рашэннi, якiя спрыяюць спрашчэнню анлайн-гандлю ювелiрнымi вырабамi за кошт паскарэння працэдур дзяржкантролю, — тлумачыць Аляксандр Субоцiн. — З пункта гледжання стварэння ўмоў цiкавы вопыт працы Еўразiйскага алмазнага цэнтра на тэрыторыi свабоднага порта «Уладзiвасток». Па сутнасцi, гэта iнфраструктурны кластар з усiмi неабходнымi складнiкамi: бiржай, пастом дзяржкантролю, мытняй, сховiшчамi i гемалагiчнымi лабараторыямi. Сёння нам трэба прадумаць стварэнне падобных спецыялiзаваных цэнтраў з iльготнымi рэжымамi i ў iншых дзяржавах саюза.

Эксперты робяць стаўку i на высокiя тэхналогii. Лагiчна, што развiццё анлайн-гандлю дазволiць значна паскорыць тавараабарот i скарацiць тэрмiны пастаўкi тавару. А гэта — сур’ёзная канкурэнтная перавага для спажыўцоў.

— Таксама бiзнес выказаўся за стварэнне на аснове самарэгулявання еўразiйскага ювелiрнага экспарт­нага бюро, якое будзе займацца пытаннямi якасцi экспартуемай ювелiрнай прадукцыi i яе адпаведнасцi патрабаванням у трэцiх краiнах. Канцэпцыя стварэння бюро з’явiцца ўжо ў наступным годзе.

Фота Аляксандра Кушнера

Адзiны брэнд

Гэтак жа, як у iншых галiнах, у ювелiрнай характэрна ўзбуйненне бiзнесу i кансалiдацыя актываў: з’яўляецца ўсё больш аб’яднаных брэндаў. На тым жа пасяджэннi Еўразiйскага мiжурадавага савета краiны-ўдзельнiцы падпiсалi яшчэ адно важнае пагадненне: аб ажыццяўленнi аперацый з каштоўнымi камянямi i каштоўнымi металамi. Зацверджаны i план мерапрыемстваў па фармiраваннi ювелiрнага брэнда. Гэта першы крок па фармiраваннi еўразiйскага брэнда. Для першапраходца выбралi ювелiрную галiну невыпадкова: тут ёсць вялi­кi патэнцыял ва ўсiх пяцi краiн iнтэграцыйнага аб’яднання, i су­мес­ныя намаганнi дапамогуць, каб ювелiрныя прадпрыемствы маглi прадаваць сваю прадукцыю на рынках трэцiх краiн.

Пакуль што доля ўсiх краiн ЕАЭС на сусветным ювелiрным рынку менш за адзiн працэнт. Зараз жа, пасля заключэння важных пагадненняў у гэтай галiне, спецыялiсты робяць аптымiстычны прагноз: у кароткатэрмiновай перспектыве аб’ём экспарту ювелiрных вырабаў адзiнага еўразiйскага брэнда павялiчыцца да 1,3 мiльярда долараў. Гэтаму будуць спрыяць магчымасцi ўсiх краiн еўразiйскай «пяцёркi»: наша краiна мае добрыя вытворчыя магутнасцi, Расiя забяспечвае трэць сусветнай здабычы алмазаў, Казахстан паспяхова ачышчае каштоўныя металы ад прымесей, Кыргызстан актыўна прымае для перапрацоўкi сыравiну з трэцiх краiн, а Арменiя славiцца школай агранкi. Усё разам гэта дапаможа стварыць еўразiйскi брэнд, якi дазволiць пазiцыянаваць ЕАЭС у сусветным маштабе.

sichevich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter