С молодым руководителем Владимиром Трепенком радиоканал «Культура» набирает популярность, обновляет вещание и продолжает традиции

Залатое правіла часу

Апошнім часам радыёканал «Культура» Белтэлерадыёкампаніі гучыць у нашым жыцці шырэй — справа не ў тым, што падоўжыў вяшчальную сетку, а набывае большую папулярнасць. Летась упершыню стаў партнёрам арганізатараў агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая гучала на хвалях «Культуры» і да яе далучыліся тысячы чалавек. Перадачы набываюць інтэрактыўнасць і запісваюцца ў відэафармаце ў сацыяльных сетках, дзе гаворкі з адмысловымі людзьмі можна не толькі паслухаць, але і паглядзець. Радыёканал актыўна заключае дамовы аб супрацы з музеямі і іншымі культурнымі ўстановамі, што дае яму мажлівасць хутчэй даведвацца пра эксклюзіўную інфармацыю і першае права на запрашэнне экспертаў і спецыялістаў. Знакамітая тэлеперадача Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы» на «Беларусь 3» таксама для канала партнёрская, рыхтуецца нават яе рыдыёверсія, а Навум Якаўлевіч — вядомы паэт і радыёжурналіст, былы кіраўнік міжнароднай радыёстанцыі «Беларусь» — зараз намеснік дырэктара «Культуры». За кіраўніка тут паўтара года малады, таленавіты і крэатыўны Уладзімір ТРАПЯНОК, голас якога нам знаёмы не толькі па вяшчанні, але і па аб’явах у Мінскім метрапалітэне. Менавіта гэты вядучы просіць нас паскорыць пасадку, прайсці ў сярэдзіну салона і не затрымлівацца каля дзвярэй, асцерагацца кішэнных крадзяжоў і не заходзіць за абмежавальную лінію.


ДЭВІЗ канала «Культура»: «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці». Вядома, гэта класічная музыка, радыёспектаклі, паэзія, сустрэчы з культурнымі людзьмі, але і новыя павевы ды плыні, якія прыйшлі разам з маладым дырэктарам. Ён пераняў эстафету ад папярэдніх кіраўнікоў Кацярыны Агеевай і Сяргея Макарэя, працягвае відэафарматы выпускаў, у эфір сталі часцей выходзіць трансляцыі з канцэртных залаў і тэатраў.

— Наладзілі плённую супрацу з нашы­мі калегамі — тэлеканалам «Беларусь 3», і калі Белтэлерадыёкампанія піша спектаклі ці канцэрты для тэлеэфіру, то паралельна выбранае рыхтуе і для радыё. А яшчэ сярод новаўвядзенняў інтэрактыўныя праекты. Напрыклад, да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча запросім слухачоў дасылаць аўдыязапісы вершаў па творчасці класіка, выкарыстаем іх для галасавання ў інтэрнэце, у лістападзе запішам святочны эфір з пераможцамі. Галоўнае — паўдзельнічаць можа любы ахвотнік, незалежна ад узросту ці прафесіі. У сваёй працы робім акцэнт на сацыяльныя сеткі, інтэрнэт, гэта не толькі пашырае аўдыторыю, але і дапамагае яе адчуць. Калі раней нас слухалі пераважна людзі, якія разбіраюцца ў мастацтве, то зараз узрост і зацікаўленасць могуць быць абсалютна рознымі, але як бы там ні было — спецыфіка кантэнту накладае свае адбіткі. У гэтым і адметнасць спецыялізаванага канала, — перакананы Уладзімір Трапянок.

Якія перадачы сталі візітоўкай канала, чым можна па-сапраўднаму ганарыцца? Гэта праект «Дыялогі пра культуру», што з’явіўся з самых першых дзён вяшчання, дзе спецыялісты той ці іншай галіны абмяркоўваюць актуальныя пытанні культуры, мастацтва, гісторыі ці літаратуры. У топе традыцыйныя для «Культуры» і ўвогуле для Беларускага радыё праекты — «Музычны радыётэатр» і «Радыётэатр плюс», які раней называўся «Тэатр перад мікрафонам» і існаваў на Беларускім радыё аж з 1930-х. У эфіры спектаклі трансліруюцца так, як калісьці, — нядзельным вечарам а 19-й гадзіне. Па-ранейшаму папулярныя «Літаратурная анталогія» і «Радыёбібліятэка», якая раней называлася «Бестселер». Брэндавы і дзіцячы блок — «ДНК» («Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя»).

— Гэты праект вяшчае больш за 10 гадоў, падобнага няма ні на радыё, ні на тэлебачанні, калі не ўлічваць «Дабраранак» на «Беларусь 3», — расказвае Уладзімір Трапянок. — Дарэчы, з кастрычніка ў нас пачала выходзіць вячэрняя казка, якая на хвалях Першага нацыянальнага вяшчалася з 1963 года, а цяпер гэта здабытак, упрыгажэнне і гонар нашага канала. Такім чынам выхоўваем наступнае пакаленне слухачоў, якія, прызвычаіўшыся да радыё ў дзяцінстве, будуць слухаць яго і далей. Я і сам з прыёмнікам з маленства. Памятаю дзіцячае «Радыё «Карусель» на цяперашнім Першым нацыянальным са спектаклямі, рэпартажамі і гарэзлівым Пеўнікам. Было цікава. Дзе, як не на канале «Культура», працягваць тагачасныя завядзёнкі?!

РАДЫЁКРОПКА ў мінулыя гады знаходзілася ў кожнай хаце, адпаведна і аўдыторыя была шырэйшая. Прагрэс памяняў умовы вяшчання, а ці стала лягчэй працаваць? Так, бо інфармацыя зрабілася больш даступнай, яе можна знайсці ў інтэрнэце, а раней журналісты запісвалі, што называецца, на ўласных нагах. Але радыё — гэта не толькі звесткі, расстаўляе кропкі над «i» Уладзімір Трапянок:

— Гэта яшчэ і эмоцыі. У плане чалавечага фактару нічога не змянілася, нам па-ранейшаму трэба затрачвацца, дзяліцца сваёй эмоцыяй, задаваць настрой. Што тычыцца «Культуры», тут яшчэ і свая спецыфіка. Кантэнт, які ствараем, патрабуе падрыхтоўкі, мала мець проста падвешаны язык. Каб падтрымліваць дыялог са спецыялістамі, важна валодаць тэмай, ведаць гісторыю, узаемасувязі, сучасны стан культуры. Для гэтага чытаем, цікавімся, рыхтуемся, такім чынам наш канал застаецца класічным радыё, якое патрабуе змястоўнай глыбіні. Шчыра кажучы, цяперашнія ўмовы радыйную магію крышку забіраюць. Напрыклад, раней людзі чулі толькі голас і не ўяўлялі вядучага, цяпер жа фотаздымак альбо відэазапіс можна глянуць на сайце ці ў сацыяльных сетках… Між тым гэта адкрывае нам новыя магчымасці. Засвойваючы аўдыявізуальныя сродкі, вучымся трымацца перад камерай.

Уладзімір Трапянок прыйшоў на канал «Культура» ў 2003 годзе падчас вучобы на трэцім курсе ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, з таго часу адолеў бадай усе прыступкі кар’ернай лесвіцы — пазаштатны аўтар, рэдактар, кіраўнік аддзела навін культуры, намеснік дырэктара… Але на кожнай пасадзе, хоць адказваў за пэўны кавалак работы, цікавіўся жыццём усяго канала:

— І як толькі ўзначаліў калектыў, паставіў сабе першасную задачу — каб пра «Культуру» ведала як мага больш людзей, а ўжо слухаць ці не, хай самі вырашаюць. Чым больш народу будзе «спажываць» наш унікальны кантэнт, тым нацыя будзе больш узвышанай і духоўна насычанай.

— З вашым прыходам стала падпісвацца многа пагадненняў з іншымі ўстановамі. У тым ліку гэта робіце для таго, каб пашырыць вядомасць і інфармаванасць аўдыторыі?

— Калі яшчэ загадваў аддзелам навін культуры, адно з першага, што зрабіў, — былі падпісаны дамовы аб супрацоўніцтве і інфармацыйным партнёрстве з Белдзяржфілармоніяй, палацам Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, перш за ўсё гэта дае права на актуальную і эксклюзіўную інфармацыю. Таксама разам праводзім пазаэфірныя акцыі. Напрыклад, у Музеі гісторыі беларускай літаратуры радыё святкавала 94-ю гадавіну з дня свайго ўтварэння. Маем дамоўленасць з Нацыянальным гістарычным музеем, Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы, наш канал — пасрэднік паміж установамі культуры і слухачамі, таму ахвотна знаёмім з нацыянальнымі скарбамі. У той жа праграме «ДНК», у рубрыцы «Музейныя хованкі» супрацоўнікі гістарычнага і музея беларускай літаратуры цікава расказвалі, што ў іх арыгінальнага ёсць у фондах.

— Ці пакідае кіраўніцкая пасада часу на творчасць?

— Я крэатыўны чалавек і стараюся, каб заўсёды нешта адбывалася, увасабляліся новыя ідэі, заседжвацца ў крэсле, нічога не прапаноўваць, а толькі патрабаваць — не маё. У нас творчая крэатыўная праца, выступаю як артыст, чытаю казкі, паэзію, вяду «Дыялогі пра культуру». Не даём сумаваць і слухачам. Напрыклад, ладзім для іх конкурс радыёп’ес, да канца верасня прымаем творы ад усіх, хто хоча паспрабаваць сябе ў драматургіі. Разам з тым рыхтуемся да 95-годдзя Беларускага радыё, якое адзначым у лістападзе, у эфіры часта праводзім сустрэчы пад гэтым знакам, а потым пачнём падрыхтоўку да 20-годдзя нашага канала. У планах прыгожыя задумкі — напрыклад, стварыць музычны радыёспектакль, такога на сучасным этапе вяшчання не памятаю. Працягваем супрацу з Еўрапейскім вяшчальным саюзам, прычым стараемся не толькі браць запісы з еўрапейскіх залаў, але і аддаваць, папулярызуючы нацыянальныя традыцыі. Цяперашні праект, якім хочам абмяняцца, называецца «Маладая музыка Беларусі», і сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі днямі дапісаў у гэтым кірунку першую праграму з музыкай Вольгі Падгайскай. Усё, што ствараем, захоўваецца ў фондах Дома радыё, гэта ўнікальныя мастацкія, дакументальныя запісы з галасамі дзеячаў, якіх цяпер няма з намі. Залатое правіла часу: цяперашнія праекты маюць мастацкую каштоўнасць, а пазней набудуць і дакументальную.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter