Залатое правіла ўстойлівасці. За два апошнія гады золатавалютныя рэзервы нашай краіны амаль што падвоіліся.

На пачатак снежня рэзервы ў нацыянальным вызначэнні дасягнулі рэкорднага для нас узроўню — амаль 6,8 мільярда долараў. Такі запас, як тлумачаць эксперты, павышае ўстойлівасць нацыянальнай эканомікі, забяспечвае стабільнасць рубля.

Апошняе павелічэнне адбылося ў першаю чаргу за лік кітайскіх юаняў, якія атрымала наша краіна ў межах пагаднення своп з КНР. “Павелічэнне памераў золатавалютных рэзерваў — гэта станоўчы сігнал, гарантыя стабільнасці”, — адзначае аналітык Business Forecast Аляксандр Муха. Калі гэты паказчык расце, то ўзмацняецца давер замежнікаў да эканомікі Беларусі і нашай нацыянальнай валюты.
“Такія рэзервы, — тлумачыць эксперт, — своеасаблівая фінансавая падушка бяспекі”. Нацыянальны банк Беларусі назапашвае золата, замежную валюту, каштоўныя камяні, каштоўныя паперы, іншыя актывы. Калі ўзнікне неабходнасць, можна, напрыклад, частку гэтых сродкаў патраціць на ліквідацыю розніцы ў прапанове і попыце на замежную валюту і такім чынам пазбегнуць рэзкай дэвальвацыі рубля ў дачыненні да долара і еўра.
Многія краіны імкнуцца да таго, каб золатавалютных рэзерваў хапала на тое, каб пры вострай неабходнасці за іх лік можна было аплачваць імпарт на працягу трох месяцаў. Да канца года, як плануецца, рэзервы могуць прырасці яшчэ на 0,5 мільярда долараў, а ў наступным годзе — яшчэ не менш як на 1,2 мільярда.
У свеце самыя вялікія золатавалютныя рэзервы назапасілі КНР (каля 2,6 трыльёна долараў), Японія (1,1 трыльёна). Бясконца нарошчваць памер падушкі немэтазгодна, лічаць эканамісты. Напрыклад рэзервы Расіі, па некаторых падліках, цяпер прыкладна адпавядаюць кошту 10-месячнага імпарту. У такой сітуацыі, як раяць эксперты, трэба пераразмяркоўваць сродкі, накіроўваць іх, напрыклад, на будаўніцтва новых прадпрыемстваў, мадэрнізацыю дзеючых вытворчых ліній.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter