Пераможцаў Канскага фестывалю назавуць заўтра ў Францыі

“Залатое” кіно

Вось ужо дзесяць дзён госці Блакітнага берага купаюцца ў моры прэм’ер і лепшых узораў кіно. Толькі ў асноўнай праграме конкурсу — 21 стужка з 15 краін свету. Змагаюцца за Залатую пальмавую галіну і два фільмы з Расіі — “Лета” Кірыла Сярэбранікава пра маладога Віктара Цоя і рок-культуру пачатку 1980-х і “Айка” Сяргея Дварцавога пра маладую эмігрантку з Кыргызстана, якая нелегальна працуе ў Маскве.

Фота Рэйтар

У асноўнай праграме Канскага фестывалю шмат новых імён, але і без зорак рэжысуры не абышлося. На кінаагляд прыехалі жывы класік сусветнага кінематографа 87-гадовы франка-швейцарскі рэжысёр Жан-Люк Гадар, уладальнік Пальмавай галіны турак Нуры Більге Джэйлан, оскараносец Павел Паўлікоўскі з Польшчы і іншыя. Судзіць канкурсантаў журы на чале з аўстралійскай актрысай Кейт Бланшэт. Якую з карцін эксперты палічаць найлепшай, стане вядома заўтра, у дзень закрыцця форуму.

Цікавасць выклікаюць і паралельныя праграмы. “Канская класіка”, да прыкладу, парадавала знятым 50 гадоў таму фільмам “2001 год: Касмічная адысея” Стэнлі Кубрыка і адрэстаўрыраванай “Масфільмам” першай часткай эпапеі “Вайна і мір” Сяргея Бандарчука. Не абышлося і без гучнай прэм’еры амерыканскага блокбастара — традыцыі апошніх гадоў Канскага фестывалю. На гэты раз была паказана доўгачаканая частка “Хан Сола: Зорныя войны. Гісторыі” Рона Говарда.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter