«Закваска маёй асобы тут, у Тонежы»

МНОГІМ у Беларусі памятны звонкія галасы самабытных спевакоў з-пад Турава Марыі Аўдзеенкі і Сцяпана Дубейкі, якія даволі часта ў мінулыя гады гучалі па Беларускім радыё. Іх спевы каранямі ўваходзяць у далёкае мінулае, кранаюць душу чысцінёю выканання. Нашы продкі праз іх даволі трапна выказвалі свае пачуцці. Гэты куток Гомельшчыны спрадвеку багаты на россыпы талентаў, і невыпадкова тут захаваліся даўнія спеўныя традыцыі. Беларускі паэт Адам Русак салаўіным берагам Палесся назваў глыбінную вёску Тонеж, дзе дагэтуль не сціхаюць напеўныя галасы. Пэўна, невыпадкова тут нарадзіўся і вырас сённяшні кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага хору імя Г. І. Цітовіча Міхаіл ДРЫНЕЎСКІ, які амаль сорак гадоў бесперапынна яго ўзначальвае.

Маэстра Міхаіл Дрынеўскі са сваімі землякамі – пра салаўіны бераг Палесся

МНОГІМ у Беларусі памятны звонкія галасы самабытных спевакоў з-пад Турава Марыі Аўдзеенкі і Сцяпана Дубейкі, якія даволі часта ў мінулыя гады гучалі па Беларускім радыё. Іх спевы каранямі ўваходзяць у далёкае мінулае, кранаюць душу чысцінёю выканання. Нашы продкі праз іх даволі трапна выказвалі свае пачуцці. Гэты куток Гомельшчыны спрадвеку багаты на россыпы талентаў, і невыпадкова тут захаваліся даўнія спеўныя традыцыі. Беларускі паэт Адам Русак салаўіным берагам Палесся назваў глыбінную вёску Тонеж, дзе дагэтуль не сціхаюць напеўныя галасы. Пэўна, невыпадкова тут нарадзіўся і вырас сённяшні кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага хору імя Г. І. Цітовіча Міхаіл ДРЫНЕЎСКІ, які амаль сорак гадоў бесперапынна яго ўзначальвае.

— Яшчэ Адам Русак пісаў: «Ой, не едзь, мой мілы, у Тонеж», бо ўтонеш», — жартуе Міхаіл Паўлавіч. — І сапраўды, коні грузлі на тураўскіх грэблях, што пралягалі сярод гушчароў палескай пушчы ды некранутых балот, праз якія вёў адзіны шлях са старажытнага Турава ў прыгожае наша сяло Тонеж. Толькі зімою можна было дабрацца сюды. Зусім іншае цяпер. Асфальтаваная дарога звязвае  вёску з вялікім светам. Заўжды былі спеўныя нашы мясціны. Ні гора, ні бяда не спынялі песню.

Калі ў першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны фашысты акупіравалі Тонеж, многія вяскоўцы падаліся ў партызанскія атрады. А тыя, хто застаўся дома, падтрымлівалі харчамі      народных   мсціў-

цаў.     Азвярэлыя      нелюдзі 6 студзеня 1943 года правялі карніцкую аперацыю. Усіх жыхароў вёскі, ад малога да старога, сагналі ў царкву Святога Мікалая і падпалілі. 270 жыхароў Тонежа зажыва згарэлі ў драўляным храме.

— І мая бабуля згарэла там, — паніжае голас Міхаіл Дрынеўскі. — У той дзень яна прыйшла з лесу ў сваю хату, каб спячы хлеб, бо мой старэйшы брат хварэў тыфам і нічога, акрамя хлеба, не мог есці...

На месцы спаленай царквы      зараз      усталяваны мемарыял,     дзе     кожны год 6 студзеня памінаюць ахвяр фашысцкага злачынства. Побач пабудаваны новы храм Святога Мікалая, які на Міколу зімовага асвяцілі.

— Як у маіх аднавяскоўцаў хапіла духу пасля такога жаху вярнуцца да спеваў, — здзіўляецца Міхаіл Паўлавіч. — Боль прыціхла крыху ў сэрцах, а праз песню выліваліся пачуцці. Памятаю, як разам з братамі і бацькам да сёмага поту ішлі ў пакосе, а нашы дзяўчаты днямі ў лесе жывіцу збіралі, насілі дваццацікілаграмовымі вёдрамі і злівалі ў вялікія бочкі, спецыяльнымі таўкачамі ўшчыльнялі. Нялёгкае вясковае жыццё. Сам добра зведаў. А на захадзе сонца вярталіся дамоў, і быццам хто падменьваў нас, далёка за поўнач гучалі песні над вёскай.

— Традыцыя ў Тонежы вялася самых адмысловых спевакоў запрашаць, каб надаваць імпэт вяселлю, — узгадвае Галіна Прыбалавец, якая з маладых гадоў і да пенсіі працавала ў лясгасе. — Збіраць гасцей было дзе, бо хаты тут нібы харомы. Лесу побач хапала, таму будаваліся пасля вайны адзін на аднаго гледзячы. Прывабная вёска і зараз. А жыхароў год ад году становіцца ўсё меней. Летась толькі два вяселлі згулялі. Паўтысячы жыхароў засталося, а яшчэ зусім нядаўна было звыш за пяцьсот падворкаў. Вадзяны млын стаяў на рэчцы Муцвіца. Свая хлебапякарня, цэх безалкагольных напояў, дзве лесапільні, швейная майстэрня, сепаратарны пункт працавалі ў вёсцы. І цяпер двароў многа ў Тонежы, але частка іх пустуе. А ў сярэдняй школе, якую аб’ядналі з дзіцячым садком, усяго шэсцьдзясят дзяцей. Але на працягу некалькіх гадоў ужо ўсталявалася стабільнасць у колькасці насельніцтва.

— Гэта неяк супакойвае і стварае надзею, што тую самую кропку звароту мы мінавалі, — лічыць нязменны дырэктар Тонежскага Дома культуры Тамара Прыбалавец. — Мяне асабліва заўжды цешыла, што нават у самыя цяжкія часы мы не гублялі традыцый. Як спявалі танежцы, так і спяваюць. Наш вясковы хор даўно носіць ганаровае званне «народнага». Тры калектывы пастаянна займаюцца спевамі, ёсць і дзіцячы самадзейны. Вельмі нам дапамагае прафесар Міхаіл Дрынеўскі. Ён не мінае родных мясцін і пры любой магчымасці наведвае Тонеж. Кожны яго прыезд пераўтвараецца ў свята.

— Я памятаю ўсіх братоў Дрынеўскіх, нашых суседзяў, — гаворыць 75-гадовая танежка Надзея Акуліч. — Шыракаплечыя, дужыя хлопцы раслі. Раніцай летам усе пяцёра з бацькам яшчэ да сонца з косамі ідуць каля нашай хаты. Я пытаюся, чаго так рана? А яны ў адказ, што росную траву лягчэй касіць. І потым, калі вучыліся ў інстытутах, не цураліся сялянскай працы. Абуваліся ў лапці і крочылі за бацькам на балота касіць.

Некалькі такіх ліпавых лапцяў, сплеценых бацькам Дрынеўскага, захоўваюцца ў танежскім музеі, прысвечаным таленавітаму творцу Міхаілу Дрынеўскаму. Сярод экспанатаў і акуратна вышытая ў 1957 годзе стрыечнай сястрой Настассяй Астравік белая кашуля. Тады Міхаіл Дрынеўскі з танежскім хорам заняў першае месца на аглядзе, і за гэта калгасныя артысты атрымалі права ехаць у Маскву на Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. Але чамусьці паездку адмянілі, а вышыванка ўпрыгожыла музей, у якім многія рэчы з дому Дрынеўскіх. Жылі яны, як і ўсе танежцы, з працы на зямлі, з лесу, а яшчэ бацька майстраваў мэблю. Зробленыя ім буфет, лавы, стол, кросны, стаяць у музеі, які прымае наведвальнікаў з розных мясцін.

— А чым больш славіцца Тонеж: песнямі ці працай? — цікаўлюся ў дырэктара Дома культуры Тамары Прыбалавец.

— І песнямі, і шчырай працай, але найбольш — людзьмі вясёлымі. Зорачкай усе завуць гарэзлівую спявачку Марыю Карась, якая заўжды задае тон. Працуе ў лясніцтве і на рэпетыцыі паспявае. Наша весялуха Надзея Дрынеўская, сваячка Міхаіла Паўлавіча, каб не прапускаць спевы, даручыла мужу даіць карову. Але карова ў іх з норавам, толькі гаспадыню прызнае, ні на крок да сябе Івана не падпускае. Гаспадар вырашыў схітраваць, апрануў жончын халат і накінуў на галаву хустку. Пайшоў у такім адзенні ў хлеў, стаў цягаць карову за сіські, а яна нагою па даёнцы. Дояр ледзьве выскачыў з хлява. Надзея з таго часу сама ўпраўляецца з каровай і на рэпетыцыю паспявае. Вось такія нашы танежскія жанчыны незаменныя.

— Але найперш — самыя прыгожыя, — удакладняе Дрынеўскі.

— Ох, які мудрагелісты Міхаіл Паўлавіч, а сам не на танежскай дзяўчыне ажаніўся, а паехаў у край свету палавінку шукаць, — выпаліла Зорачка.

— То ж вы мяне тут не любілі, я быў нейкі нягеглы, а паехаў з Тонежа ў свет, крыху падрос, узмужнеў і знайшоў сабе пару. Мая жонка таксама вясковая, не асфальтная, ведае, дзе хлеб расце, — адпарыраваў маэстра і перайшоў на сур’ёзны лад. — Віншую вас з новым статусам. Аграгарадком стаў наш Тонеж. Гэта па Дзяржаўнай праграме адраджэння вёскі, якая прадугледжвае маштабныя мерапрыемствы. Але, на маю думку, вёску не трэба ратаваць. Яна сама сябе ўратуе. Заўсёды нашы танежцы жылі няблага.

— Міхаіл Паўлавіч, зараз амаль пустуе сярэдняя школа, не так часта вашы землякі гуляюць вяселлі. Як вы думаеце, чым можна вярнуць славу Тонежу?

— Спад у вёсцы пачаўся з-за адсутнасці працы. Жывіцу цяпер ніхто ўжо не збірае. Зачыніліся падсобныя промыслы. Калгаса ў вёсцы не стала. Яго далучылі да суседняй гаспадаркі. Толькі адна жывёлагадоўчая ферма тут засталася, дзе маюць працу ўсяго некалькі чалавек. Дойны статак і машынна-трактарны парк перавялі некалькі гадоў таму ў суседнюю вёску Слабада. Пагэтаму даяркі і механізатары вымушаны ездзіць туды на працу. У мяне сэрца баліць і душа трывожыцца за лёс землякоў. Спадзяванне на статус аграгарадка, і хочацца верыць, што будуць перамены да лепшага. Людзям патрэбны стабільны заробак.

— Як вырашаецца праблема занятасці вяскоўцаў? — пытаюся ў старшыні Тонежскага сельсавета Мікалая Мікалаевіча Кудласевіча, які прыехаў сюды пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педінстытута.

— Большая частка насельніцтва нашага сельсавета — пенсіянеры. Моладзі зусім мала, і жадаючыя працаваць маюць магчымасць уладкавацца ў лясніцтве, якое нядаўна адкрылася. Наша гаспадарка ўвайшла ў Лельчыцкі райаграсэрвіс і мае патрэбу ў механізатарах і жывёлаводах. Гэта асноўныя месцы працы для маладых. У сезон большасць вяскоўцаў па-ранейшаму жывуць з лесу, балота, якія даволі шчодрыя на даніну. У сезон да нас едуць нарыхтоўшчыкі, закупляюць на месцы грыбы, ягады, і людзі добра зарабляюць. Палессе багата на ўнікальныя мясціны, і ў перспектыве мы плануем заняцца агратурызмам.

Рэзон у гэтым ёсць. Самабытная культура танежцаў у спалучэнні з непаўторнымі па прыгажосці краявідамі цікава для турыстаў. Дзе яшчэ можна пачуць народныя спевы, паўдзельнічаць у традыцыйных абрадах ці проста адчуць сябе сапраўдным рабінзонам сярод некранутых палескіх джунгляў?

Пачынаецца ў Тонежы і прадпрымальніцкая дзейнасць. Вядома, што першая ластаўка вясны не прыносіць, тым не менш частку рабочых месцаў вяскоўцам ужо забяспечылі прадпрымальнікі. Аляксандр Астаповіч стварыў будаўнічы цэнтр «Юлія», у якім атрымалі працу каля пятнаццаці чалавек. У мясцовым лясгасе закупляецца будаўнічы лес, і танежскія майстры па папярэдніх заказах складаюць зрубы, якія карыстаюцца вялікім попытам. Заказы паступаюць пастаянна, і ў перспектыве плануецца павялічыць колькасць занятых. Каля дзесяці працоўных   месцаў   створана ў прыватнай фірме сям’і Ісайкіных. З дапамогай дзяржаўных        крэдытаў будуюцца сучасныя сховішчы для замарозкі лясных ягад і грыбоў. Будучым летам плануецца нарыхтоўваць дары лесу і на месцы іх замарожваць. Попыт на такую прадукцыю вялікі. Непадалёку ад Тонежа прадпрымальнік Аляксандр Ісайкін пасадзіў сад і ўжо мінулай восенню паспяхова гандляваў на Гомельшчыне саджанцамі.

— Радуе, што мой родны Тонеж трымаецца і, думаю, не паўторыць шлях знікаючых на вачах вёсак, — спадзяецца Міхаіл Дрынеўскі. — Калі будзе занятак у людзей, будзе хлеб на стале, не забудзецца і песня.

Танежскі хор без фальшы. Што ёсць, тое і ёсць... Што Божанька даў, што бацькі далі, тое яны і спяваюць. Што тычыцца прафесійных калектываў, то там першапачатковасць крышачку трэба чапурыць, наждачыць, шліфаваць.

Галоўнае — захавалася бясцэннае песеннае багацце. А наша задача — такое пяшчотна браць і змяшчаць у залатую аправу. Без такіх крыніц не было мне чаго рабіць. Наша песенная, музычная спадчына вялікая, і мы можам ёю ганарыцца.

— Міхаіл Паўлавіч, я гляджу на вашых апантаных землякоў, на вас і параўноўваю...

— Мы падобныя. А інакш і быць не можа. Мы ж адно балота тапталі. Я часта прашу сваіх артыстаў з хору, калі дзесьці што пачуеце і яно кране вашу душу і душы іншых, то прывозьце...

— Як раку пояць крыніцы, так і ваш акадэмічны хор поўніцца спевамі народа. Зімовы брэнд вашага калектыву — харэаграфічная кампазіцыя «Мяцеліца» — пэўна, сабраны са спадчыннай мазаікі?

— А як жа інакш. Я сам добра памятаю нашы вясковыя забавы, цудоўныя калядныя святы, калі настаўнікі нас ганялі, не давалі калядаваць, але нас гэта не спыняла. Калядавалі, ды яшчэ як. Нам жа і есці хацелася. А людзі ж, хто кавалачак сала, хто чаго іншага кіне ў торбачку, а яшчэ хто і капейку дасць...

Закваска маёй асобы тут. І я дзякую і зямлю, і свой куточак, што мне пашчасціла нарадзіцца ў Тонежы. Усё пайшло адсюль.

Уладзімір СУБАТ, «БН»

Жыткавіцкі раён — Мінс

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter