Законы удасканальваюцца

Дэпутаты і спецыялісты абмеркавалі Кодэкс Беларусі аб адукацыі

Кодэкс Беларусі аб адукацыі абмеркавалі дэпутаты

Удзел у мерапрыемстве прынялі таксама прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, упраўленняў адукацыі Мінскага гарадскога і абласных выканаўчых камітэтаў, вядучыя вучоныя і эксперты навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі», інстытутаў развіцця адукацыі, рэспубліканскага савета загадчыкаў дашкольных устаноў.

«Ужо другі год ідзе маніторынг Кодэкса Беларусі аб адукацыі. Мы зараз знаходзімся ва ўнікальнай сітуацыі, калі пасля прыняцця дакумента і яго рэальнага прымянення мы можам разгледзець праблемныя моманты з тым, каб у наступным ўнесці неабходныя карэкціроўкі ў кодэкс, аптымізуючы не толькі сістэму дашкольнай адукацыі, але і нацыянальную сістэму адукацыі ў цэлым», — адзначае старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Генадзь Пальчык.

Паводле яго слоў, гэтае пасяджэнне — першае ў цэлым шэрагу іншых пашыраных пасяджэнняў, на якіх у бліжэйшы час паэтапна будуць абмяркоўвацца праблемы ўсіх ступеней адукацыі. Плануецца завяршыць гэтую працу да канца навучальнага года. «Далейшы план нашых дзеянняў — правесці з усімі зацікаўленымі сустрэчу ў фармаце семінара-канферэнцыі, каб прафесійна разгледзець усе і заўвагі, і прапановы, якія паступяць, — каменціруе Генадзь Пальчык. — Мы разумеем, што не ўсе недахопы выльюцца ў змены ў кодэкс, частку з іх магчыма будзе вырашыць на ўзроўні галіновых дакументаў».

У цэлым, на думку дэпутата, узровень дашкольнай адукацыі з пункту гледжання заканадаўства і праграмнай дакументацыі самы прапрацаваны. «Думаю, тут будуць мінімальныя пазіцыі, якія спатрэбіцца прывесці ў адпаведнасць на заканадаўчым узроўні, — кажа ён. — Мяркуем, што, напрыклад, па агульнай сярэдняй адукацыі пытанняў будзе больш. Многія ўжо сёння кажуць аб неабходнасці вяртання профільнага навучання, і не толькі праз факультатывы. Мы ведаем, што ёсць пытанні па сістэме прафтэхадукацыі, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, вышэйшай школе».

Для таго, каб удзел у абмеркаванні кодэкса прыняло як мага больш зацікаўленых, падрыхтаваны спецыяльныя анкеты. «З іх дапамогай пасля ўзгаднення з прафесіяналамі мы хочам правесці маніторынг па ключавых пазіцыях кодэкса, — каменціруе Генадзь Пальчык. — Рэспандэнтамі стануць як кіраўнікі ўстаноў адукацыі, педагогі і выхавальнікі, так і бацькі. Тады размова будзе больш прадметнай».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter