Законныя «несуны»

Малако з фермы па значна ніжэйшых, чым магазінныя, цэнах бяруць у Докшыцкім раёне вяскоўцы.
Малако з фермы па значна ніжэйшых, чым магазінныя, цэнах бяруць у Докшыцкім раёне вяскоўцы.

На малочна-таварнай ферме «Варганы» адкрытага акцыянернага таварыства «Барсучанка» Докшыцкага раёна ішла абедзенная дойка. А ад фермы ішоў пажылы мужчына з бітончыкам у руках. Спыталі:

— Што нясеце?

— Малако, — бойка адказаў мужчына.

Анатоль Шаура, мясцовы жыхар, ужо даўно на пенсіі. Як, дарэчы, і яго жонка, некалі даярка. Да нядаўняга часу гадавалі на сваім падворку ўсялякую жыўнасць.  Былі і каровы. Але з гадамі, калі стала цяжка працаваць ля хаты, пазбавіліся карміцелькі. І вось цяпер па заведзенай у гаспадарцы традыцыі бяруць яго з фермы, прычым па значна таннейшай цане, чым у магазіне.

— У месяц такім чынам рэалізуем да двухсот літраў, — расказвае загадчыца комплексу Валянціна Бабучэня. — Любяць купляць у нас малако пенсіянеры. Прадаём  яго напалову танней магазіннай цаны. Доім спецыяльна адведзеных для гэтай мэты кароў. Так што і якасць належная, і смак адпаведны.

У суседнім Порплішчы рэалізацыя малака пенсіянерам, ветэранам працы ідзе праз мясцовую сталоўку. Кожны дзень яе загадчыца заказвае бітон. Частку бярэ на свае патрэбы, астатняе – ільготнай катэгорыі мясцовага насельніцтва. І калі ў Варганах разлік ідзе за месяц, то ў Порплішчы — адразу. Урэшце, вяскоўцаў цікавіць не перыядычнасць разліку, а кошт прадукцыі, якая вырабляецца ў сельгаспрадпрыемстве. Дарэчы, такімі ж ільготамі карыстаюцца і ў іншых таварыствах раёна.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter