Закон вернасці

Хто з павагай ставіцца да мінулага, той дбае пра будучыню
Хто з павагай ставіцца да мінулага, той дбае пра будучыню

9 Мая. Беларусы розных пакаленняў з Тальяці ўскладаюць кветкі да Вечнага агнюПэўна, поруч з законамі, на якіх трымаецца свет матэрыяльны, ёсць і законы духоўныя, маральныя. На першы погляд — нябачныя, але таксама непарушныя. Іх, вядома ж, можна да пары да часу ігнараваць, ды толькі сабе на шкоду. Можам і ў калодзеж пляваць, і кідаць камяні ў мінулае, а законы абавязкова спрацуюць: прыйдзецца і забруджанай вады напіцца, і адчуць, на ўласнай скуры, як будучыня страляе у цябе з гарматы... Мудрыя продкі спрабавалі “шыфраваць” вялікія ісціны ў шматмерных выслоўях кшалту: як гукнеш — так і адклікнецца. І, безумоўна, не толькі пра гукавое рэха тут гаворка.
Доўгае рэха вайны, якое штогод мацнее ў маі, і 22 чэрвеня — калі “форсиравала Буг Вторая мировая”, а для Беларусі і на пачатку ліпеня — Дзень Вызвалення! — з гадамі набывае іншае гучанне. Усё менш застаецца сярод нас ветэранаў і тых, хто памятае боль і жахі Вялікай Айчыннай вайны. І некаму з маладзейшых ды занадта “сучасных” на хвалях усеагульнай глабалізацыі падаецца не жыццёва важным помніць мінулае бацькоў, дзядоў, Бацькаўшчыны. Можа, таму, што ім не давялося яшчэ спазнаць такую жорсткую ісціну нашага свету: хто не жыве ў плыні Закону Вернасці — той з часам абавязкова апынаецца ў смярдзючым балоце хваробаў і здрады…
На шчасце, сярод нашых суайчыннікаў шмат людзей, якія застаюцца вернымі памяці продкаў, іх высокім маральным ідэалам. З ліку такіх і пісьменнік Анатоль Статкевіч-Чабаганаў. Ён шмат працуе ў архівах, піша, выдае кнігі-радаводы з серыі “Я сын Ваш” — яны ёсць і ў інтэрнэце. Даследчык — сын партызанскага камандзіра з Расіі Васілія Чабаганава, які выйшаў з акружэння пад Жлобінам, а потым ваяваў з ворагам у Пухавіцкім раёне. А па маці Анатоль Васілевіч — нашчадак старажытнага шляхецкага беларускага роду Сацкевічаў-Статкевічаў. Ён перакананы: гісторыю Бацькаўшчыны карысна вывучаць праз гісторыю канкрэтных родаў. І сапраўды, людзі найлепш засвойваюць спрадвечныя ісціны, на жаль, праз асабісты боль, страты блізкіх. Штогод на Дзень Перамогі Анатоль Васілевіч з сынамі, унукамі ўскладае кветкі да помніка бацьку-ветэрану на Паўночных могілках у Мінску. І ўнікальныя тамы-радаводы, што ёсць ужо ў розных бібліятэках па ўсім свеце — добры помнік родным людзям.
Пра тое, што памяць пра Вялікую Перамогу цяпер становіцца жыццёва важнай справай тысяч нашчадкаў ветэранаў, удзельнікаў і ахвяр вайны, нагадала майскімі днямі ў лісце ў рэдакцыю наша супляменніца, пісьменніца Марына Бонч-Асмалоўская. Яна, дарэчы, з роду вядомага рэвалюцыянера-народніка Анатоля Восіпавіча Бонч-Асмалоўскага, са шляхецкага роду герба “Бонча”.Ён жыў на Пухавіччыне, у Блоні, потым у Маскве. Плануем з часам расказаць пра яго нашчадкаў, якія жылі і цяпер жывуць у Расіі ды іншых краінах. Пакуль жа крыху стрымлівае задумы тое, што пісьменніца тры гады напружана працуе над вялікай кнігай пра свой разгалінаваны род, а цяпер і над кампакт-дыскамі: на іх будзе больш за 2000 фотаздымкаў. “Усіх са святам Вялікай Перамогі! — напісала спадарыня Марына і на адным з форумаў у інтэрнэце. — Гэтае свята аб’ядноўвае нацыю. Вечная ўдзячнасць, памяць і нашы слёзы ўсім загінулым!”
Маршы “Бяссмертнага палка” — сімвал вернасці нашчадкаў традыцыям пераможцаўЗамест паштоўкі Марына Бонч-Асмалоўская даслала нам два фотаздымкі помнікаў, што стаяць у Чалябінску, і напісала, што гэта работы яе дзядзькі, скульптара Льва Галаўніцкага. Пэўна, ён беларус па родавых каранях?
На той жа старонцы форуму вельмі ўражваюць і кадры з нядаўнага шэсця ў Санкт-Пецярбурзе па Неўскім нашчадкаў Перамогі: тысячы людзей з фотаздымкамі сваіх родзічаў, удзельнікаў вайны. Гэта тыя, хто падтрымаў праект “Бяссмертны полк”. Мяркую, былі ў тым шматтысячным воінстве і нашы землякі, суайчыннікі з Піцера. У хуткім часе мы раскажам і пра тое, як у Ленінградскай вобласці пошукавікі знайшлі невядомую раней брацкую магілу ў Колтушах. Там пахаваны і беларусы. Прычым пошукавік з Мінска Анатоль Міцяненка ўжо адшукаў сястру аднаго з іх, Мікалая Аляшкевіча, якая жыве ў мястэчку Любча Навагрудскага раёна. Гэта Кунейка Вера Паўлаўна.
Я ж, уражаны маршам у Піцеры, пацікавіўся: а ці ёсць такі патрыятычны “рух вернасці” пераможцам, якія вызвалілі нашу зямлю і Еўропу ад нацыстаў, у Беларусі? Ёсць! “Бяссмертны полк упершыню ступіў на святую зямлю Брэсцкай крэпасці-героя, — такое паведамленне з’явілася на сайце “Віртуальны Брэст” ужо пасля абеду 9 Мая. —Упершыню ў Беларусі адбылася акцыя “Бяссмертны полк”. І вельмі сімвалічна, што падзея адбылася менавіта ў Брэсцкай крэпасці, абаронцы якой прынялі на сябе смяротны ўдар нямецкай арміі ў чэрвені 41-га”. Далей паведамляецца: Брэсцкі гаркам Беларускага рэспубліканскага
саюза моладзі шмат зрабіў, каб падрыхтаваць шэсце. На заклік стаць пад сцяг “Бяссмертнага палка” адгукнуліся больш за 300 нашчадкаў герояў. З транспарантамі, плакатамі, проста фотаздымкамі ўвайшлі ў цытадэль унукі і праўнукі загінулых салдат і матросаў, а таксама тых, хто вярнуўся дадому з перамогай. Арганізатары акцыі ўпэўнены, што яна стане традыцыйнай, будзе падхопленая ў іншых гарадах Беларусі. Варта дадаць: у такой упэўненасці ёсць глыбокія карані, бо беларусы ўмеюць быць і мірнымі (пра што сведчаць і словы з Дзяржаўнага гімна), і вернымі як у сяброўстве, так і ў пераемнасці традыцый.
Пра тое, што і ўдалечыні ад Бацькаўшчыны нашы суайчыннікі застаюцца патрыётамі, можна меркаваць і па іншы майскіх допісах з замежжа ў рэдакцыю. Удзельнічалі ў святочных мерапрыемствах, ускладанні кветак да помнікаў воінскай славы нашы суайчыннікі з Новасібірска, Самары, іншых месцаў. “9 Мая выдаўся выдатны дзянёк: з раніцы ў нас ужо было сонейка, — напісала кіраўніца суполкі “Нёман” з Тальяці Людміла Дзёміна. — Артысты гуртоў “Купалiнка” ды “Зорачкi”, як і мае родныя, апрануліся па-святочнаму, у беларускія строі ды паехалі ў Парк Перамогі. Народу было — мора! Здавалася, увесь горад Тальяці прыйшоў сюды. Спачатку быў мітынг, потым — ускладанне кветак да Вечнага агню. Мой сын, Сяргей Шылкін, купіў велізарную колькасць гваздзікоў, і мы сталі раздаваць іх удзельнікам вайны. А потым і самі паклалі кветкі да Вечнага агню. Машанька, мая ўнучка, і Віталік-унук таксама вельмі сур’ёзна паставіліся да гэтай місіі. Нявестка Танечка, кубанская казачка, з нагоды свята апранула таксама прыгожы беларускі касцюм. Потым мы спявалі песні для ветэранаў і разам з імі. Гэта былі песні ваенных гадоў: “Лізавета”, “Цёмная ноч”, “Кацюша” ды іншыя. І колькі радасці было ў вачах ветэранаў!”
Дзед Людмілы, Салановіч Іван Андрэевіч, прапаў без вестак, як яна напісала, у 1944 годзе. Аднак на сайце “Мемарыял” удалося знайсці інфармацыю, што гэта ўсё ж быў 41-ы: тады і сапраўды людзі гінулі, прападалі без вестак тысячамі. Бабуля Людмілы Дзёмінай, Салановіч-Барсукова Кацярына Рыгораўна, была ў акупацыі, дапамагала партызанам. “Мама і яе сястра стаялі пад дулам нямецкага аўтамата, а былі ж яшчэ дзецьмі, — напісала Людміла Дзёміна. — Мама, Лідзія Іванаўна, з 34-га родам, яе сястра Раіса — з 38-га. Абедзвюх няма ўжо ў жывых, і распытаць падрабязнасці пра вайну — няма ў каго…”.
А ў вас ёсць родныя, блізкія, якія памятаюць вайну? То паспейце запісаць, зберагчы іх успаміны. Тады будзе лягчэй нам засвойваць жыццесцвярджальны Закон Вернасці ды выбудоўваць гарманічную будучыню. Для сябе і для нашчадкаў.

Іван Ждановіч

На здымках:
9 Мая. Беларусы розных пакаленняў з Тальяці ўскладаюць кветкі да Вечнага агню
Маршы “Бяссмертнага палка” — сімвал вернасці нашчадкаў традыцыям пераможцаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter